Культура як гарант нацбяспекі. У Мінску прэзентавалі праект «CHOICE-Беларусь: спадчына і сучаснасць» (Фота)

23.09.2015
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Беларусь — краіна культурных катастроф. Шмат гадоў людзі, якія прыходзяць да ўлады, кожны раз прыдумваюць сваю новую Беларусь. Чым яна ёсць насамрэч і якое месца нашай спадчыны ў сучаснасці?

Асацыяцыя агенцтваў мясцовай дэмакратыі (ALDA, Францыя) сумесна з Міжнародным кансорцыумам «ЕўраБеларусь», Цэнтрам культурнага менеджменту (Львоў, Украіна), Нацыянальным камітэтам ICOM (Кішынёў, Малдова), Адукацыйна-даследчым фондам Millennium (Ерэван, Арменія) і Грамадскім аб’яднаннем «Цэнтр сацыяльных інавацый» (Мінск, Беларусь) абвесцілі конкурс праектных прапаноў «CHOICE — Cultural Heritage: Opportunity for Improving Civic Engagement». Такім чынам, наша краіна стала часткай аднаго глабальнага міжнароднага праекта.

Беларуская частка праекта — «CHOICE-Беларусь: спадчына і сучаснасць» — важна тым, што мае за мэту пераасэнсаванне культурнай спадчыны для развіцця беларускай ідэнтычнасці, а таксама самаразвіццё, удасканаленне ўдзельнікаў на прафесійным узроўні. А ў перспектыве аўтары ідэі разлічваюць на магчымасць фармавання культурнай палітыкі ў краіне, выйсці на ўзровень, калі грамадская арганізацыя ці ініцыятыва зможа выступаць у гэтай вобласці кансультантам для дзяржавы.

Карэспандэнтка Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі» пабывала на прэзентацыі, даведалася, што больш за ўсё хвалюе патэнцыйных удзельнікаў праекта, і пагутарыла з яго куратарамі.

— Адна з мэтаў праекта — увядзенне культурнай спадчыны ў сучаснае жыццё грамадства. Што гэта значыць?

— Сучасная мода на вышымайкі, папулярызацыя нацыянальнага арнаменту — гэта адзін са спосабаў увядзення культурнай спадчыны ў сучаснае жыццё, але даволі вульгарызаваны, — гаворыць дырэктар віленскага офіса «ЕўраБеларусі» Таццяна Пашавалава. — Але калі гаворка ідзе пра архітэктурную спадчыну, то якія варыянты ёсць, акрамя музеефікацыі? Бо закансерваваць аб’ект і стварыць з яго музей — гэта самае простае, а як зрабіць гэтае месца жывым і запатрабаваным сёння? Ці, напрыклад, як стварыць адчуванне датычнасці людзей, якія жывуць цяпер, да таго, што яны атрымалі ў спадчыну з мінулага?

Гэта датычыцца як матэрыяльнай, так і нематэрыяльнай культуры. Напрыклад, песенная традыцыя: можна захоўваць яе накшталт «спеўнага поля», як у балтыйскіх краінах, аднаўляючы традыцыйную мадэль спеваў, а можна перакладаць гэта на сучасныя матывы. З гэтым можна працаваць па-рознаму, але пытанне ў тым, каб стваралася датычнасць, каб да гэтага ставіліся як да свайго і думалі аб тым, як гэта можна выкарыстоўваць, акрамя захавання традыцыяналісцкага падыходу. Наша будучыня не ў тым, каб вярнуцца ў мінулае, а ў тым, каб пераасэнсаваць і ўзяць з гэтага мінулага тое каштоўнае, што будуе будучыню.

— На фоне тэндэнцыі, распачатай кампаніяй «Будзьма!» і знешнімі матывацыямі (маю на ўвазе бум вышыванак, знешнюю праяву) нам хацелася пайсці крыху далей. Арнамент — гэта як візуальны код, ён відавочны. А нам хацелася б матываваць на больш глыбокае асэнсаванне таго, што мы маем, — тлумачыць праграмны менеджар культурніцкага напрамку «ЕўраБеларусі» Кацярына Раманчык. — У нас цяпер вельмі востра стаіць праблема ідэнтычнасці. Прынамсі для трох пакаленняў існуе незразумеласць становішча паміж Усходам і Захадам. Нацыянальная мова з’яўляецца мовай меншасці па факце, гэта таксама пытанне самаўспрымання, і тут у нас вельмі праблемны фон. Таму спадчына — той матэрыял, які б хацелася выкарыстаць для трансфармацыі гэтага фону. Сёння знешняя сітуацыя і прыклад Украіны пацвярджае тэзу, што сфера культуры — гэта магчымы гарант нацыянальнай бяспекі. Гэта тое, чым можна абазначыць адметнасць, унікальнасць беларусаў у свеце.

— Праект міжнародны, а якія яго асаблівасці для Беларусі?

 — Гэта якраз пытанне ідэнтычнасці, — гаворыць Кацярына Раманчык. — І мы будзем таксама закранаць пытанне фармавання культурнай палітыкі і ўплыў грамадства на культурны працэс. Насамрэч, праблемныя моманты ў Беларусі, Украіне, Арменіі, Малдове вельмі блізкія, таму сфармавалася такая «каманда». Але ў кожнай краіны свая спецыфіка.

— У праекце гаворка ідзе пра інавацыі. Аднак часам у нас не могуць правесці банальную кансервацыю гістарычнага будынка. Наколькі актуальна для нашай краіны распрацоўка нейкіх інавацыйных падыходаў?

 — Могуць быць розныя сферы дзейнасці, у якіх будуць выкарыстоўвацца інавацыі. Гэта даволі шырокае азначэнне. Мы не за дэкарацыі, «фішачкі», абгортачку. Мы — за працу з цэнтральнай праблемай. А тэхналогіі могуць прымяняцца ў залежнасці ад фантазіі заяўнікаў. У нас сфера культуры мае даволі кансерватыўныя формы. Нам хацелася б іх разнастаіць спалучэннем розных фарматаў, актыўнасцяў, відаў дзейнасці, каб людзі дзяліліся сваімі кампетэнцыямі дзеля ўзбагачэння культурнай сферы. Стварэнне анлайн-платформы — гэта такая ж інавацыя, калі глядзець не глабальны кантэкст, а сучасныя рэаліі культурніцкіх устаноў, як дзяржаўных, так і недзяржаўных. А яшчэ нам вельмі важна, каб дзейнасць заяўніка распаўсюджвалася не толькі на Мінск, а на астатнія рэгіёны краіны.

Падчас прэзентацыі аўтары распавялі пра тэрміны рэалізацыі праграмы, аб тым, як стаць яе ўдзельнікам, з якіх этапаў яна будзе складацца, а пасля адказалі на пытанні прысутных. Першае пытанне датычылася сумы гранта, якая можа быць выдзелена для рэалізацыі праекта.

— У цэлым — паўмільёна еўра, — адказала Таццяна Пашавалава. — Праекты могуць атрымаць ад 5 да 60 тысяч еўра. Прычым праекты могуць быць як індывідуальныя, так і партнёрскія. Калі вы маеце патрэбу, мы можам дапамагчы ў пошуках партнёраў.

У сувязі з гэтым, прысутныя пацікавіліся, якім чынам трэба апісваць удзел партнёра ў праекце і ці можа ў якасці яго выступаць еўрапейская арганізацыя. На першым этапе — падачы заяўкі — дастаткова проста абазначыць партнёра, а калі ён прадстаўляе краіну, не ахопленую праграмай, то ўзяць у ёй удзел ён можа, аднак атрымаць фінансаванне — не.

Увогуле, тэма фінансавання стала адной з найбольш абмеркаваных. Гэта звязана з умовамі ўдзелу: неабходна, каб, як мінімум, 10% ад агульнага кошту праекта складаў унёсак арганізацый-заяўнікаў.

Апроч таго, патэнцыйных заяўнікаў цікавіла, ці можна супрацоўнічаць з дзяржаўнымі ўстановамі пры працы ў праекце. Гэта толькі вітаецца, як і любое збліжэнне розных арганізацый і ініцыятыў для ўдзелу ў праграме.

Задавалі пытанні і адносна прыкладу ідэй, але арганізатараў цікавяць не шаблонныя праекты, а новыя, нечаканыя напрацоўкі. Больш за тое, не забараняецца падаваць некалькі канцэптаў, праўда, рэалізаваць можна будзе толькі адзін.

Да ўдзелу ў праекце «CHOICE-Беларусь: спадчына і сучаснасць» запрашаюцца недзяржаўныя арганізацыі мясцовага і (або) нацыянальнага ўзроўню; арганізацыі, групы і супольнасці прафесіяналаў. Арганізатары гарантуюць кансультатыўную падтрымку, удзел у міжнародных семінарах і канферэнцыях. Абвесткі аб ходзе праекта будуць з’яўляцца на сайце EuroBelarus.Info.


Другие публикации