Даследаванне: «Украіна» і «правы чалавека» як «дэзынтэгратары» салідарнасці беларусаў (Фота)

01.10.2015
Зміцер Карэнка, Алена Талапіла, «Беларуская медыяшкола»

Гэтак гучыць адзін з вынікаў даследавання «Патэнцыял салідарнасці ў беларускім грамадстве», выкананага Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі і Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў.

Прэзентацыя вынікаў даследавання адбылася 29 верасня ў Мінску. Падчас прэзентацыі вынікаў даследавання «Патэнцыял салідарнасці беларускага грамадства» адна з суаўтараў даследавання, сацыёлаг Таццяна Вадалажская, адзначыла, што на сённяшні момант «Украіна» і «правы чалавека» выступаюць як фактары з «дэзынтэграцыйным патэнцыялам», г.зн. беларускае грамадства падзеленае на два лагеры ў дачыненні гэтых пытанняў. Пры гэтым даследчыца адзначыла, што складана ацаніць, які канкрэтна змест укладаюць апытаныя ў паняцце «правы чалавека».

У сваю чаргу, такія паняткі, як «Расія», «бізнесовец», «3 чэрвеня» маюць хутчэй «кансалідацыйны патэнцыял» ва ўспрыманні большасці грамадства.

Варта адзначыць, што методыка такога даследавання не ўлічвала непасрэдна фактара медыйнай прапаганды, а сыходзіла з канчатковага эфекту — наяўнасці ці адсутнасці нейкай рэакцыі з боку апытаных.

Праводзячы паралелі з даследаваннем патэнцыялу салідарнасці ў беларускай грамадзянскай супольнасці (2014), сацыёлаг прыходзіць да высновы, што калі кансалідаваная частка грамадзянскай супольнасці арыентаваная на змену беларускай сістэмы, то «кансалідаваная і патэнцыйна салідарная частка беларускага грамадства» арыентаваная «на ўзнаўленне беларускай сістэмы».

Палітолаг Андрэй Ягораў у сваім выступе адзначыў праблему «крызісу інстытуцыйнага даверу» ў беларускім грамадстве. На ягоную думку, патэнцыял салідарнасці беларусаў абмежаваны колам блізкіх і сяброў, а большасць насельніцтва не разлічвае на дзяржаўныя і сацыяльныя інстытуты. Гэта ставіць пад сумнеў іх здольнасць рэалізоўваць грамадска карысную функцыю. Агулам такі крызіс, на думку эксперта, умацоўвае запыт на аўтарытарнае кіраванне, патэрналізм, паглыбляе самаізаляцыю групаў, павялічвае разлік на замежную дапамогу ў вырашэнні нацыянальных праблем.

Даследчыца Алена Арцёменка падзялілася вынікамі таго, з якімі «супольнасцямі» ідэнтыфікуюць сябе беларусы. Гэтак, 77% апытаных асацыююць сябе з групай «сям’і і блізкіх». Разам з тым, амаль кожны пяты беларус дагэтуль асацыюе сябе таксама з групай «савецкі народ».

Даследаванне «Патэнцыял салідарнасці беларускага грамадства» было праведзена ў 2015 годзе Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі і Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў пры дапамозе кампаніі «NOVAK». Агулам было апытана 1018 чалавек метадам асабістага інтэрв’ю.

UPD.: Гл. справаздачу па выніках даследавання патэнцыялу салідарнасці ў беларускім грамадстве

Слайды з прэзентацыі:

«Беларуская медыяшкола»


Другие публикации