У Гомелі прэзентуюць беларускую культуру як прастору выбару

16.10.2015
«Новы час»

Культурніцкія, грамадскія, творчыя дзеячы, ініцыятывы і арганізацыі Гомеля запрашаюцца 17 кастрычніка 2015 года на незвычайную дыскусійную сустрэчу, якая дасць магчымасць пазнаёміцца з двума цікавымі праектамі для прафесіяналаў у сферы культуры.

Цэнтр еўрапейскай трансфармацы супольна з Міжнародным кансорцыюмам «ЕўраБеларусь» запрашаюць на падвоеную прэзентацыю «Беларуская культура — прастора выбару?»

У першай частцы прэзетнуецца прадстаўленне вынікаў «Маніторынгу рэалізацыі Рэспублікай Беларусь канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыражэння» — зробленага летась камандай ЦЕТ першага сістэмнага аналізу сферы культуры Беларусі, які дае ўяўленне аб культурнай палітыцы краіны ў сучасным еўрапейскім кантэксце.

Акрамя ўласна вынікаў даследвання, эксперты ЦЕТ Таццяна Вадалажская і Андрэй Ягораў прапануюць абмеркаванне перспектываў новых падыходаў у культурнай палітыцы Беларусі. «Культура як сфера нашага ўплыву: хто і як мусіць фармаваць беларускую культуру сёння?» — гэта цэнтральнае пытанне запланавай дыскусіі.

Другая частка прэзентацыі прадугледжвае знаёмства з магчымасцямі міжнароднага праекта «CHOICE» (Cultural Heritage: Opportunity for Civic Engagement), які будзе разгортвацца ў Беларусі, Украіне, Арменіі і Малдове ў бліжэйшыя два гады. Беларуская частка праекту, «СHOICE-Беларусь: спадчына і сучаснасць», ставіць мэтамі пераасэнсаванне, ахову і аднаўленне матэрыяльнай і нематэрыльянай культурнай спадчыны Беларусі сіламі грамадзянскай супольнасці. Каардынатары праекта шукаюць  недзяржаўныя культурніцкія арганізацыі, ініцыятывы, творцаў і даследчыкаў, якія падзяляюць гэтыя каштоўнасці, а таксама гатовыя актыўна працаваць і на развіццё сваіх прафесійных кампетэнцый.

Абедзве прэзентацыі, самастойныя па змесце, закранаюць пытанні штодзённага выбару, які мы робім як разнастайныя гульцы на культурніцкім полі краіны: што ўваходзіць у сферу нашага уплыву на ўласную культуру і якія з магчымасцяў мы выкарыстоўваем? Да абмеркавання запрашаюцца ўсе, хто сапраўды шукае адказы.

Час і месца правядзення: 17 кастрычніка (субота). Гомель, Парк-гатэль «Замкавы» (вул. Гагарына, 6). Пачатак а 16-й гадзіне.

«Новы час»


Другие публикации