Адкрытая лекцыя Вячаслава Бабровіча «Супрацьстаянне фашызму і лібералізму на постсавецкай прасторы»

17.10.2015
Лятучы ўніверсітэт

21 кастрычніка 2015 года Лятучы ўніверсітэт запрашае на наступную адкрытую лекцыю ў серыі «Галоўнае пытанне».

Пасля распаду Савецкага Саюза скончылася эпоха працяглага проціборства дзвюх сусветных сістэм. Большасць утвораных постсавецкіх краін прыняла дзяржаўныя канстытуцыі, у аснову якіх пакладзеныя каштоўнасці ліберальнай дэмакратыі. У гэты ж час амерыканскі палітолаг Фрэнсіс Фукуяма піша аб канчатковай перамозе лібералізму ва ўсім свеце. З таго часу прайшло больш за 20 гадоў, а колькасць прыхільнікаў лібералізму (як кажуць сацыёлагі) у постсавецкім грамадстве не расце. Мала таго, сёння яму аб'яўлена сапраўдная ідэалагічная вайна з боку прадстаўнікоў т.зв. «рускага свету» і прафашысцкіх ідэолагаў.

Савецкая прапаганда вызначала фашызм як разнавіднасць буржуазнай ідэалогіі, маскіруючы генетычнае падабенства германскага нацызму з савецкім сацыялізмам. Тым самым затушоўваліся і прынцыповыя адрозненні паміж фашызмам і лібералізмам, як найбольш паслядоўнымі, антаганістычнымі формамі калектывісцкай і індывідуалістычнай ідэалогій. Існуючае паміж імі ідэалагічнае супрацьстаянне яскрава паказвае расійска-ўкраінская ідэалагічная вайна, якая разгарэлася на нашых вачах. Абураючыся «фашысцкім» урадам ва Украіне, большасць расейцаў не заўважае рост фашысцкіх настрояў у сябе дома. Атрымаўшы ў свой час перамогу над фашызмам у вайне, савецкія (і постсавецкія) народы ніколі па-сапраўднаму не змагаліся з самой фашысцкай ідэалогіяй, не маюць супраць яе імунітэту і не здольныя распазнаваць яе ў штодзённасці.

У чым выяўляецца ўплыў фашызму ў сучаснай Расіі? Як і чым ён спакушае масавага чалавека?

Кола прыхільнікаў абедзвюх ідэалогій у Беларусі і Расіі значна шырэй, чым нам кажа пра гэта сацыялогія. Менавіта супрацьстаянне фашызму і лібералізму ў постсавецкім грамадстве і вызначае дух сучаснай эпохі.

21 кастрычніка, у сераду, у межах серыі адкрытых лекцый «Галоўнае пытанне» Лятучы ўніверсітэт запрашае на лекцыю палітолага Вячаслава Бабровіча «Супрацьстаянне фашызму і лібералізму на постсавецкай прасторы». Пачатак у 18.30.

Слухачоў просім папярэдне зарэгістравацца. Інфармацыя пра месца правядзення будзе дасланая зарэгістраваным удзельнікам напярэдадні.

Звяртаем увагу на змены ў раскладзе далейшых лекцый: анансаваная на 28 кастрычніка лекцыя Алеся Разанава адбудзецца 11 лістапада. А 28 кастрычніка мы запрашаем вас разважаць над «галоўным пытаннем» Міхала Анемпадыстава.

Актуальную інфармацыю глядзіце на сайце Лятучага ўніверсітэта: www.fly-uni.org.

UPD. Відэазапіс адкрытай лекцыі:

Гл. таксама:


Другие публикации