Дэбаты пра беларуска-еўрапейскія адносіны ў Еўрапарламенце (Фота)

27.10.2015
npbelarus.info

14 кастрычніка, пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, у межах Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў Еўрапейскім парламенце была зладжаная дыскусія пра стан еўрапейска-беларускіх адносін.

Удзельнікі дыскусіі — прадстаўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Дзірк Шубель, сустаршыня ФГС УП Андрэй Ягораў, дырэктар Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскага Ганна Герасімава і удзельнік Грамадскага Балонскага камітэта Уладзімір Дунаеў — абмеркавалі перспектыву стасункаў ЕС і Беларусі. Дыскусія ахапіла шэраг актуальных пытанняў, якія тычацца ўзаемадзеяння ЕС з Беларуссю, а таксама ролі грамадзянскай супольнасці ў прасоўванні рэформ у краіне.

Ганна Герасімава

Мерапрыемства пачалося з прэзентацыі Ганны Герасімавай пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, якая адзначыла, што парушэнні правоў чалавека носяць сістэматычны характар. «Такім чынам, Беларусь мае патрэбу ў сістэмных, а не касметычных зменах»,— заявіла спадарыня Герасімава. Яна рэкамэндавала ЕС у супрацоўніцтве з грамадзянскай супольнасцю, у тым ліку незарэгістраванымі арганізацыямі, развіваць у межах існага механізму — Дыялогу па правах чалавека з Беларуссю — «дарожную мапу» па правах чалавека.

Уладзімір Дунаеў

Уладзімер Дунаеў прамаўляў пра далучэнне Беларусі да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, сцвярджаючы, што далучэнне да Балонскага працэсу ёсць станоўчай з’явай, нягледзячы на скептычнае стаўленне да гэтага некаторымі назіральнікамі. Упершыню ўмовай прыёму краіны-кандыдата сталася правядзенне рэформы сістэмы вышэйшай адукацыі ў адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі. Гэта зрабілася магчымым дзякуючы скаардынаваным намаганьням ЕС і грамадзянскай супольнасці Беларусі. У выніку «дарожная мапа» Балонскага працэсу для Беларусі, прынятая пры ўдзеле грамадзянскай супольнасці, пазначыла крытэрыі, якія дазваляюць весці эфектыўны маніторынг прагрэсу рэформы вышэйшай адукацыі. Улічваючы, што беларуская грамадзянская супольнасць мае ўнікальны шанец, каб сачыць за выкананнем рэформы і актыўна праматаваць яе сярод насельніцтва, усе зацікаўленыя бакі мусяць быць ўцягнутыя ў Балонскі працэс для таго, каб у поўнай ступені выкарыстаць гэтую магчымасць. У прыватнасці, варта разгледзець варыянт уключэння Беларускай нацыянальнай платформы ў каардынацыйную групу Назіральнай групы па Балонскім працэсе.

Андрэй Ягораў

У падтрымку гэтых ідэй сустаршыня Кіруючага камітэта ФГС УП Андрэй Ягораў заявіў: «Вышэйшая адукацыя — гэта галіна, дзе грамадзянская супольнасць мае рэальны шанец уплываць на беларускі ўрад». Спадар Ягораў гаварыў пра нязначныя паляпшэнні ў выбарчым працэсе, адсутнасць дыялогу паміж грамадзянскай супольнасцю і ўладай, эканамічны крызіс і неабходнасць структурных рэформ. Каментуючы санкцыі ЕС у дачыненні да Беларусі, сустаршыня Кіруючага камітэта ФГС УП выказаў меркаванне, што прыпыненне санкцый можа даць старт новай эры адносін з Беларуссю і адкрыць акно магчымасцей для рэформ у шэрагу сектараў, якія ўяўляюць узаемную цікавасць для ЕС і Беларусі. Тым не менш, Еўрасаюз мусіць будаваць сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі на строгіх прынцыпах і спалучаць розныя віды ўмоў, а ў найбольш праблемных сферах (такіх, як правы чалавека і судовая рэформа) — прытрымлівацца жорсткіх патрабаванняў.

Дзірк Шубель

Дзірк Шубель, кіраўнік аддзела «Усходняе партнёрства — двухбаковае» Еўрапейскай службы знешнепалітычнай дзейнасці, патлумачыў пазіцыю ЕС па санкцыях у дачыненні да Беларусі, падкрэсліўшы, што Еўрасаюз прыняў узважаны падыход. Важныя пазітыўныя крокі былі прынятыя з боку ўрада, у прыватнасці, па вызваленні палітычных зняволеных і канструктыўнага падыходу да крызісу ва Украіне. У выніку, ЕС прыняў рашэнне падоўжыць санкцыі, але прыпыніць іх прымяненне да наступнага агляду ў лютым на аснове аналізу канчатковай справаздачы БДІПЧ АБСЕ па выбарах. Спадар Шубель падсумаваў, што «пасля прыпынення санкцый мяч знаходзіцца на беларускім полі», а грамадзянская супольнасць мусіць працягваць супрацоўнічаць з ЕС і падтрымліваць пастаянны дыялог паміж Еўрасаюзам і Беларуссю.

Праграма сустрэчы  

Прапановы ФГС УП  

Паводле EaP CSF


Другие публикации