Андрэй Ягораў: Афіцыйны Мінск хоча падвысіць кошт сваіх акцый лаяльнасці, каб прадаць іх Расіі

28.10.2015
Алесь Дашчынскі, Радыё «Свабода»

Дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў у інтэрв’ю карэспандэнту «Свабоды» пракаментаваў заяву міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея пра тое, што неабходнасці ў размяшчэнні расійскай авіябазы ў Беларусі няма.

— Ці можна меркаваць, што афіцыйны Мінск пачаў нейкі гандаль вакол базы — напрыклад, дэманструе тым жа еўрапейцам: базы не будзе, калі дасце грошай?

— Гэта не можа стаць прадметам гандлю з Еўрасаюзам. Бо, у гэтым выпадку, складана выгандляваць у ЕС у такой логіцы штосьці. ЕС у выпадку фінансавання мае пэўныя правілы і рэгуляцыі, паводле якіх гэтае фінансаванне можа быць выдзелена. І абмінуць іх вельмі складана. У простай палітычнай логіцы — кшталту, вы не будзеце базу размяшчаць, а мы вам проста так грошы дамо, — ЕС так зрабіць не можа. Таму, калі гэта будзе выкарыстоўвацца як прадмет гандлю, то выключна з Расіяй. Вось там так працуе. Мы назіраем чарговую мікрапалітычную бойку з Расіяй, са спробай выгандляваць крыху больш ад Расіі.

— То бок можна казаць, што авіябаза стане асноўным пытаннем у беларуска-расійскіх дачыненнях?

— Цяпер гэта не асноўнае пытанне ў дачыненнях Беларусі з Расіяй. Яно не было і не будзе галоўным. Беларусь у ваенна-стратэгічным сэнсе не мае аўтаноміі. Яна ў значнай ступені залежыць ад Расіі. Таму пытанне размяшчэння гэтай базы і супраціўленне гэтаму пытанню — гэта выключна спроба Беларусі дзейнічаць супраць логікі Расіі, каб выгандляваць больш прэферэнцый, якія можна атрымаць у пагадненнях па Еўразійскім саюзе, у патоках фінансавання, гандлёвых прэферэнцыях і г.д. Гэта традыцыйная логіка паводзін беларускіх уладаў, калі сімвалічныя рэчы прадаюцца за канкрэтныя эканамічныя прэферэнцыі. Гэта ж было з «Белтрансгазам». Мы прадавалі не за рынкавы кошт. А чаму? Бо прадаючы нешта не за рынкавы кошт, мы прасілі аплату нейкай сімвалічнай лаяльнасці. І цяпер тое самае. Расія хоча затанна атрымаць тут вайсковую базу. Ну дык хто ж тут затанна што-небудзь каму-небудзь дазваляе рабіць? Гэта чарговы гандаль у сэнсе абмену геапалітычнай лаяльнасці на эканамічныя прэферэнцыі. Расія не прапануе дастаткова, каб гэта было прымальна для Беларусі. А так, што ёсць тут расійская база, што яе няма — гэта ніяк па сутнасці не ўплывае на стратэгічную вайсковую залежнасць Беларусі ад Расіі і татальную павязанасць Беларусі з Расіяй у гэтай сферы.

— Макей кажа пра тое, што, маўляў, ёсць больш важныя, надзённыя рэчы: украінскі крызіс і сітуацыя ў Сірыі...

— Так, яны вельмі добра разумеюць сімвалічныя эфекты і логіку геапалітычных раскладаў, якія ў гэтай сітуацыі з’яўляюцца. І таму яны разумеюць гэта як пэўную валюту, якою можна гандляваць на гэтым рынку. Яны кажуць, што размяшчэнне вайсковай базы — гэта не проста так, вы паглядзіце, як гэта ўплывае на геапалітычны крызіс, як мы гэта патлумачым Украіне. А вы, расейцы, думаеце, што гэтыя тлумачэнні Украіне — гэта высілкі, якія ад нас патрабуюцца. Дык чаму б нам не заплаціць больш? А як мы гэта патлумачым Еўропе? А ў які стан вы нас ставіце? І вось гэта такая дыпламатычная гульня, каб падвысіць кошт сваіх уласных акцый лаяльнасці, якія яны прададуць Расіі.


Другие публикации