Приглашаем всех желающих заглянуть в ближайшее будущее Беларуси и обсудить перспективы развития страны, которые с высокой степенью вероятности развернутся перед нами уже в следующем году.
Алесь Разанаў: Вершы не выдумваюцца, вершы здабываюцца (Фота)
10 разваг і выказванняў Алеся Разанава пра паэзію і творчасць у адкрытай лекцыі паэта.
11 лістапада 2015 году ў Лятучым унівэрсытэце паэт, перакладчык і мысляр, «вялікі алхімік сэнсу» Алесь Разанаў правёў адкрытую лекцыю «Невядомая велічыня: чытаем верш».
Для «разбору» Алесь Разанаў абраў верш паэта Алеся Пісьмянкова «Мой сад у снезе па калена».
А саму лекцыю Разанава метадолаг Уладзімір Мацкевіч назваў «вершам у прозе, ініцыяваным іншым вершам». Праўда, лекцыяй тое, што адбывалася цягам дзвюх гадзін у залі, назваць цяжка. Хутчэй, гэта была дыскусія, у якую ўключыліся беларускія інтэлектуалы Ігар Бабкоў, Ірына Дубянецкая, ужо ўзгаданы Уладзімір Мацкевіч, аматары паэзіі Разанава, якія пасля сустрэчы выстройваліся ў доўгую чаргу па аўтографы аўтара.
Філосаф Ігар Бабкоў назваў паэзію Алеся Разанава «алхіміяй сэнсу», а самога Разанава — шаманам.
10 разваг і выказванняў Алеся Разанава пра паэзію
«Філасофія вяла гаворку з сутнасцямі, паэзія вяла размову з музамі, з багінямі і багамі. Калі мы ўзгадаем класіку, антыку, як пачынаецца Гамерава «Іліяда»? «Гнеў, о, Багіня, усхвалі Адысея, Пелеева сына...» Таксама ў і наступнікаў: у Вяргілія — зварот да музы. Такім чынам, мы робім выснову, што творчасць — гэта субтворчасць. У апошнія гады забыліся на гэта правіла, цяпер іншыя арыенціры.
Яшчэ Кант калісьці ўзгадваў: «Паэзія сярод усіх мастацтваў самая ўзнёслая з’ява». З самай ўзнёслай з’явы яна стала самай узніжанай, з самай узвышанай — самай незапатрабаванай. У чым справа? З аднаго боку, сама рэчаіснасць стала не гатовай успрымаць тое, што гаварыла паэзія, рэчаіснасць не гатовая да размовы з тымі велічынямі, з тымі боскімі існасцямі, з якімі мела справу паэзія.
З другога боку, сама паэзія стала як бы глядзець на тое, што адбываецца, на навакольную рэчаіснасць, браць рэакцыю аўдыторыі за нейкія арыенціры...
Але паэзія ўсё роўна, якой бы яна ні была, у сваіх праўдзівых выявах, творах, вершах захоўвае тое першапачатковае. Яно, магчыма, застаецца невымоўным, але застаецца».
Алесь Разанаў
«У вершы заўсёды ёсць тое, што вымавілася, і тое, што не вымавілася, тое, што выявілася, і тое, што не выявілася».
«Вершы — гэта з’ява неасэнсаваная, яны не асэнсоўваюцца, як асэнсоўваюцца філасофскія катэгорыі, у іх няма гэтых філасофскіх катэгорый. У іх ёсць нешта іншае — ёсць думка, што ўсё прамінае, як не вартае ўвагі. А яно застаецца».
«Перш чым пісаць верш, трэба стаць нямым, і ў немаце нешта забыць нанова».
«Верш заўсёды не да канца вымаўлены».
Наведнікі адкрытай лекцыі
«Мова — з’ява, якая таксама не да канца вымаўленая, і тое, што яна азначае, гэта зусім не азначае тое, што яна мусіць азначаць вось гэта. Яна таксама ў сабе мае глыбіні, памяць пра іншую рэчаіснасць».
«Я ўвёў у беларускую літаратуру, у паэзію нейкія іншыя формы: версеты, квантэмы, пункціры, зномы, вершаказы, паэмы. Тое, пра што там гаварылася, — яно сказалася, яно не мае патрэбы ў паўтарэнні. Далейшае і глыбейшае знаходзіла ўвасабленне ў іншых выявах, іншых формах. Пункціры ці квантэмы — гэта паэмы ў скароце. Калі паэма — колас, то пункцір — зерне, яны ўзаемапрысутнічаюць, яны перацякаюць, радкі не адасобленыя ад ўсяго верша, ад усяго тэксту. Верш моцна спалучаны з кожным словам, з кожным словазлучэннем...»
«Верш заўсёды істотны невядомай велічынёй, з ёй ён суадносіцца. Прачытваючы верш, мы заўсёды выходзім па-за межы верша, адкрываем магчымасць той невядомай велічыні... Таму верш чытаецца, таму не становіцца проста пройдзеным».
«Паэзія і філасофія, вымаўленне і тлумачэнне — яны даўно хочуць сысціся, яны ідуць разам — то след у след, то нехта наперадзе, нехта — ззаду, але яны выходзяць, яны выходзяць у сустрэчу. Яны выходзяць у тую сустрэчу, якая ўнутры іх, памятаецца, адчуваецца, каб перастаць быць сабой. Яны зараз абмежаваныя сабою»
«Вершы не выдумваюцца, іх выдумаць нельга. Вершы здабываюцца».
Алесь Разанаў раздае аўтографы
Дзве гісторыі пра Разанава — перакладчыка, якія ўзгадаў Ігар Бабкоў
У 1980 годзе малады рэжысёр Валеры Маслюк у Беларускім акадэмічным тэатары імя Якуба Коласа ў Віцебску паставіў камедыю літоўскага драматурга Казіса Саі «Клеменс». П’есу пераклаў Алесь Разанаў. На спектакль адмыслова прыяжджалі літоўцы і не пазнавалі яго, бо ў Літве «Клеменс» Казіса Саі — гэта такі просты сялянскі твор, а ў Віцебскім драмтэатры ішоў метафізычны крамольны спектакль з антысавецкімі «сонгамі», музыку для якіх напісаў Уладзімір Кандрусевіч:
«І гэты час, І гэты лад — Не назаўсёды».
Калі паўставала пытанне, адкуль ўзяўся такі пераклад, Разанаў адказваў: «Я проста дадумаў да канца тыя інтэнцыі, якія былі закладзеныя ў тэксце Казіса Саі».
Алесь Разанаў і Ігар Бабкоў (справа)
Другая гісторыя звязаная з перакладам «Балад Кукуціса» літоўскага паэта Марцэліюса Марцінаўціса. У перакладзе Разанава чамусьці балад аказалася на 7 больш, чым іх было ў Марцінаўціса. Калі аўтар запытаўся, адкуль яны ўзяліся, Разанаў адказаў, што яны напісаліся ў працэсе перакладу, маўляў, «яны вынікаюць з нашай беларускай рэчаіснасці, якая прапаноўвала свае сюжэты». І калі кніжка рыхтавалася да друку, ніхто з выдавецтва не ведаў, што 7 перакладаў не належаць літоўцу. Толькі калі ўжо з’явілася карэктура, Разанаў прапанаваў частку балад пазначыць «зорачкай» — «балады, пазначаныя зорачкай, належаць пяру перакладчыка». Калі б яны ішлі б асобна, цэнзура іх бы не прапусціла. Марцінаўціс пажартаваў потым, што гэтыя балады Разанава цяпер трэба перакласці на літоўскую мову.
Алесь Разанаў раздае аўтографы
Радыё «Свабода»
UPD.: Відэазапіс адкрытай лекцыі:
Гл. таксама справаздачу аб адкрытай лекцыі Алеся Разанава
Другие публикации
-
9 ноября в Минске — лекция и дискуссия «Человек и его границы: этическое усилие и культура»
В первый день работы форума о человеке, медицине и технологиях «Homo (Im)Perfectus» в минском Культ. центре «Корпус» философ и методолог Владимир Мацкевич выступит с открытой лекцией.
-
Новый онлайн-курс Летучего университета: «УНОВИС: витебская история мировой культуры»
На Дистанционной платформе Летучего университета появился новый курс, посвященный авангардному художественному объединению УНОВИС.
-
9-12 лістапада — Форум пра чалавека, медыцыну і тэхналогіі «Homo (Im)Perfectus: дзе пралягае мяжа?»
9-12 лістапада ў Мінску пройдзе форум пра чалавека, медыцыну і тэхналогіі «Homo (Im)Perfectus» — падзея аб тым, як біятэхналогіі змяняюць чалавека, культуру, грамадскія адносіны, сацыяльныя і этычныя нормы.
-
А1 и Летучий университет запускают курс про УНОВИС онлайн и на VOKA
В поддержку проекта #UNOVIS100 компания А1 и образовательная медиаплатформа «Летучий университет» подготовили бесплатный онлайн-курс «УНОВИС: витебская история мировой культуры».
Комментарии и дискуссии
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»