Дзе навучаць атрымліваць асалоду ад мыслення?

16.11.2015
Таццяна Жарнасек, «Заўтра тваёй краіны»

Якой адукацыі не хапае сучасным беларусам?

У наступным годзе беларускія інтэлектуалы паспрабуюць вывесці нефармальную адукацыю на новы ўзровень. Лятучы універсітэт прапаноўвае не толькі курсы, але і школы.

Што шукае беларус на нефармальных лекцыях?

На альтэрнатыўных адукацыйных пляцоўках можна сустрэць людзей любога ўзросту і самых розных прафесій. Чаму людзі, якія ўжо маюць дыпломы ВНУ, ходзяць на лекцыі і запісваюцца на курсы «нетрадыцыйных» універсітэтаў?

«Мяркую, нам проста не хапае адукацыі, якая фармуе чалавека, а не прафесію, — лічыць кандыдат сацыялагічных навук, каардынатар Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская. — Традыцыйная адукацыя хутчэй разбірае чалавека па частках і не дае яму магчымасці сабрацца».

Па слова эксперта, публічныя лекцыі і ўвогуле нефармальная адукацыя становяцца ў Беларусі ўсё больш папулярнымі.

Кандыдат філасофскіх навук, каардынатар супольнасці «Беларуская філасофская прастора» Павел Баркоўскі лічыць, што беларускім ВНУ часам бракуе свабоды мыслення, умення крэатыўна працаваць і думаць.

«Ім не хапае лекцый, якія б чыталіся не акадэмічна, а менавіта інтэлектуальна, гульнёва. Вось за ўсім гэтым людзі ідуць у нефармальную адукацыйную прастору», — разважае навуковец.

На думку філосафа, Лятучы ўніверсітэт — праект, які скіраваны ў будучыню. Менавіта ў гэтым універсітэце, як адзначае эксперт, аб’ядноўваюцца людзі, якія адчуваюць ў сабе сілы і магчымасці нейкім чынам змяняць краіну ў лепшы бок.

Чаму навучаць наведнікаў у школах магістраў гульні?

У наступным годзе Лятучы універсітэт будзе прапаноўваць не толькі курсы, але і школы.

Плануецца распачаць чатыры школы магістраў гульні. Чым яны будуць адметныя?

Таццяна Вадалажская, якая кіруе Метадалагічнай школай магістраў гульні, плануе прапанаваць навучэнцам зрабіць жыццеапісанне.

«Гэта адзін са спосабаў разумення сябе і выбудовы свайго шляху», — тлумачыць сацыёлаг.

Другі кіраўнік Метадалагічнай школы Уладзімір Мацкевіч падкрэслівае, што галоўным аб’ектам увагі і засяроджанасці будзе мысленне пра Беларусь.

«Краіну, аб якой мы марым. А для таго, каб ажыццявіць мары, патрэбная дзейнасць», — гаворыць філосаф.

Кіраўнік Школы сацыяльна-філасофскай аналітыкі Павел Баркоўскі адзначае, што яе дзейнасць будзе скіравана перадусім на людзей, якія любяць пісаць і чытаць тэксты, прысвечаныя беларускай сацыяльнай рэальнасці.

Як тлумачыць Павел Баркоўскі, выкладчыкі будуць імкнуцца навучыць наведнікаў школы даводзіць свае думкі да іншых людзей, каб уплываць менавіта на дзеянне.

Філосаф ўпэўнены, што ў гэтай школе будуць знойдзены адказы: як з дапамогай словаў змяняць наш свет, рабіць новую Беларусь.

Кіраўнік Школы Вялікага княства Літоўскага: дыялог са спадчынай Алег Дзярновіч паведамляе, што будзе займацца з наведнікамі вывучэннем беларускай палеаграфіі.

«Калі мы заяўляем, што з’яўляемся нашчадкамі той каласальнай традыцыі, то трэба мець адказ на пытанне: ці зможам мы, напрыклад, пачытаць тыя самыя дакументы XVI стагоддзя на старажытнабеларускай мове?» — тлумачыць гісторык.

Гісторык паведамляе, што ў школе будуць вывучацца факсімільныя старажытныя дакументы. На думку Алега Дзярновіча, з гэтымі ведамі ў беларусаў будзе больш падставаў называць сябе нашчадкамі традыцыі Вялікага княства Літоўскага.

«У нашую школу запрашаюцца людзі, якія захопленыя мысленнем і хацелі б атрымліваць ад яго асалоду, — распавядае кіраўнік Школы гісторыі ідэй Ігар Бабкоў. — Людзі, якія ставяцца да мыслення як да пэўнай інтэлектуальнай прыгоды».

Ігар Бабкоў распавёў, што наведнікі гэтай школы будуць працаваць па некалькіх накірунках: беларуская інтэлектуальная традыцыя, гісторыя еўрапейскай думкі і сёняшні беларускі кантэкст.

«У нас вельмі многа масавых папулярных праектаў, якія працуюць на шырокім полі, — адзначае Ігар Бабкоў. — Але парадокс у тым, што людзей, якія мелі б кваліфікацыю такога ўзроўню, каб камунікаваць і спрачацца са сваімі калегамі ў Еўропе і свеце, не хапае».

Паводле ягоных словаў, магістарскія праграмы Лятучага ўніверсітэта павінны стаць своеасаблівай лабараторыяй, з якой магла б паўставаць беларуская інтэлектуальная эліта.

Уладзімір Мацкевіч адзначае, што ў Беларусі вялікія праблемы з навуковымі школамі, кожны сам па сабе.

«У Беларусі людзі — вельмі аўтаномныя. Яны не любяць прызнаваць сябе нечымі вучнямі, паслядоўнікамі», — лічыць метадолаг.

Ён упэўнены, што творчасць і супольнае навучанне дадуць магчымасць наведнікам школ узбагаціцца рознымі ідэямі і думкамі.

Падрабязней пра праграму Лятучага універсітэта і запіс на курсы і ў школы — глядзіце тут.

«Заўтра тваёй краіны»

Відэазапіс прэзентацыі адукацыйнай праграмы Лятучага ўніверсітэта:


Другие публикации