Улад Вялічка абраны нацыянальным каардынатарам Форума грамадзянскай супольнасці па Беларусі

21.11.2015
Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі

Фота Аманды Лёўквіст

20-21 лістапада 2015 года ў Кіеве праходзіла сёмая штогадовая сустрэча Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. У ёй прымала актыўны ўдзел дэлегацыя з Беларусі.

У першы дзень працы асамблеі адбыліся выбары каардынатаў Форума для кожнай з краін Усходняга партнёрства. Нацыянальным каардынатарам па Беларусі ўдзельнікамі беларускай дэлегацыі быў абраны генеральны дырэктар Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка.

У другі дзень працы Форума прайшлі выбары каардынатараў пяці рабочых груп (па два каардынатара ў кожнай групе, дзе адзін з’яўляецца прадстаўніком краін-партнёраў, а другі — краін ЕС). Па выніках галасавання ў 3-й рабочай групе Форума («Навакольнае асяроддзе, змены клімату і энергетычная бяспека») на каардынатарскую пазіцыю трапіла яшчэ адна прадстаўніца Беларусі — Настасся Бекіш, якая прадстаўляе Экалагічнае таварыства «Зялёная сетка».

Улад Вялічка і Настасся Бекіш увайшлі ў новы склад Кіруючага камітэта Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

Новы скалад Кіруючага камітэта ФГС УП: Улад Вялічка — другі справа, Настасся Бекіш — другая злева

Нагадаем, што Улад Вялічка раней, у 2009-2011 гадах, ужо двойчы абіраўся беларускім нацыянальным каардынатарам Форума і ў 2010-2011 гадах быў адначасова сустаршынёй Кіруючага камітэта Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

Мінулыя два гады нацыянальным каардынатарам Форума па Беларусі з’яўляўся дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў, які ў апошні год таксама ўзначальваў Кіруючы камітэт ФГС УП.


Другие публикации