Эксперты перакананыя, што трэба скасаваць Канстытуцыю 1996 года. Але гэтага будзе мала

25.11.2015
Радыё «Свабода»

У гадавіну канстытуцыйнага рэферэндума 1996 года палітолаг Алесь Лагвінец і метадолаг Уладзімір Мацкевіч разважаюць, што трэба будзе зрабіць дзеля аднаўлення дэмакратыі ў Беларусі.

Скасаванне паправак у Канстытуцыю Беларусі, унесеных па выніках рэферэндума 1996 года, — абавязковая ўмова пабудовы дэмакратычнай дзяржавы, але, відаць, не дастатковая.

Такое меркаванне ў інтэрв’ю Радыё «Свабода» выказалі эксперты.

Палітолаг Алесь Лагвінец сказаў, што рэферэндум 1996 года стаў важным крокам у пабудове аўтарытарнага палітычнага рэжыму ў Беларусі:

«Гэты рэферэндум і антыканстытуцыйныя змены былі чарговым этапам у пабудове рэжыму асабістай улады Аляксандра Лукашэнкі. Зразумела, гэта наклала свой негатыўны адбітак на палітычнае жыццё Беларусі, на развіццё і незалежнасць Беларусі. Бо аўтарытарны рэжым, па сутнасці, зрабіў так, што толькі асоба кіраўніка можа ў нейкай ступені гарантаваць незалежнасць краіны. А мы ведаем, што гэта асоба вельмі прарасійская, прасавецкая, і што яна мысліць толькі ў катэгорыях утрымання сваёй асабістай улады, а не забеспячэння доўгатэрміновага росту, незалежнасці і росквіту Беларусі», — падкрэслівае эксперт.

Лагвінец лічыць, што вяртанне да дэмакратычных прынцыпаў пабудовы палітычнай улады — гэта абавязковы пункт любых рэформ у Беларусі, і гэта відавочна будзе зроблена. Але не факт, што адбудзецца вяртанне да Канстытуцыі 1994 года.

«У якім фармаце гэта адбудзецца — ці гэта вяртанне да Канстытуцыі 1994 года, ці прыняццё новай Канстытуцыі — гэта ўжо пытанне да абмеркавання. Бо гэта будзе залежаць ад канфігурацыі палітычных сіл, якая складзецца на канкрэтны момант, і таксама ад запатрабаванняў грамадзтва», — кажа ён.

Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч упэўнены, што падзеі лістапада 1996 года вызначылі лёс Беларусі на астатнія амаль 20 гадоў:

«Напрыканцы лістапада 1996 года ў Беларусі адбыўся дзяржаўны пераварот. Фактычна была скасавана абраная ўлада ў выглядзе Вярхоўнага Савета 13-га склікання і ўстаноўлена дыктатура, пры якой парламент, суд, ЦВК — усё стала прызначацца тады яшчэ прэзідэнтам, бо ў 1996 годзе ў нас яшчэ быў законна абраны прэзідэнт. Але і таго ўжо не стала ў 1999 годзе. Канечне, гэта вызначыла ўсю астатнюю амаль 20-гадовую гісторыю Беларусі, прывяло да вялізарнай дэградацыі палітычнага, грамадскага жыцця, адукацыі, да застою ў эканоміцы, да таго, што эканоміка стала арыентавана толькі на Расію, на паўкрымінальны, ценявы бізнес».

Але Мацкевіч не лічыць, што скасаванне Канстытуцыі 1996 года забяспечыць пабудову дэмакратычнай дзяржавы само па сябе:

«Тут справа не ў пэўных пісаных законах, а ў аднаўленні і выбудоўванні наноў палітычнага жыцця. Бо без палітычнай волі не працуюць аніякія законы ці папраўкі. Калі мы паглядзім на той самы 1996 год, то дзяржаўны пераварот быў зроблены пры Канстытуцыі 1994 года — то бок сама па сабе Канстытуцыя не гарантуе выканання гэтай Канстытуцыі. Канстытуцыя выконваецца пры размеркаванні ўлады паміж трыма галінамі, пры моцным супрацьстаянні дыктатуры з боку грамадзянскай супольнасці. То бок, канечне, трэба скасаваць гэтыя папраўкі, трэба вярнуцца хаця б да пачатку, да Канстытуцыі 1994 года, але ж потым і яна б ужо састарэлая была, не прыдатная для сучаснасці. Але першапачаткова гэта палітычная воля, канечне», — упэўнены эксперт.

24 лістапада 1996 года ў Беларусі адбыўся рэферэндум, ініцыяваны прэзідэнтам Лукашэнкам, па ўнясенні змен у Канстытуцыю. У выніку рэферэндума былі пашыраны ўладныя паўнамоцтвы прэзідэнта, а прэзідэнцкі тэрмін Лукашэнкі павялічаны на 2 гады.


Другие публикации