Беларуская нацыянальная платформа грамадзянскай супольнасці дала ацэнку выбарчай кампаніі 2015 года

01.12.2015
Беларуская нацыянальная платформа ФГС УП

Удзельнікі канферэнцыі «Развіццё Нацыянальнай платформы: новыя выклікі, новыя стратэгіі», якая прайшла 28-29 лістапада ў Мінску, у прынятай рэзалюцыі падвялі вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2015 года.

Пазіцыя

Беларускай нацыянальнай платформы
Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства

«Аб грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў»

Аб выніковай ацэнцы прэзідэнцкіх выбараў

Грунтуючыся на ацэнках прэзідэнцкіх выбараў, зробленых удзельнікамі Беларускай нацыянальнай платформы, а менавіта на апублікаваных справаздачах беларускіх праваабарончых арганізацый у межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і Беларускай асацыяцыі журналістаў у межах маніторынгу «Асвятленне прэзідэнцкіх выбараў 2015 года ў беларускіх СМІ», мы канстатуем:

  • выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2015 года не могуць быць прызнанымі свабоднымі, адкрытымі і роўнымі;
  • вынікі выбараў не могуць быць прызнаныя адлюстраваннем волевыяўлення выбаршчыкаў.

Дадзеная ацэнка заснаваная на наступных фактах, адзначаных прадстаўнікамі арганізацый грамадзянскай супольнасці:

  • выбарчы працэс не адпавядаў ключавым міжнародным стандартам правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў;
  • у ходзе выбараў адсутнічаў роўны доступ да сродкаў масавай інфармацыі для ўсіх кандыдатаў;
  • дзейнасць выбарчых камісій падчас выбараў нельга назваць непрадузятай;
  • у ходзе выбараў шырока выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс на карысць дзеючага прэзідэнта;
  • у ходзе выбараў былі зарэгістраваныя шматлікія факты прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні;
  • падлік галасоў заставаўся непразрыстым і закрытым для назірання.

Мы таксама вымушаныя канстатаваць, што апазіцыйныя палітычныя сілы яшчэ на этапе падрыхтоўкі да выбараў не выкарыстоўвалі існуючыя палітычныя магчымасці для пабудовы канструктыўнага дыялогу як паміж сабой, так і з грамадзянскай супольнасцю краіны для выпрацоўкі кансалідаванай стратэгіі дзеянняў падчас выбарчай кампаніі. Такія паводзіны задоўга да пачатку кампаніі зрабілі палітычна бессэнсоўным любы ўдзел у ёй. Фактычна, усе дзеянні ўсіх беларускіх апазіцыйных сіл як тых, якія прынялі ўдзел у выбарах у розных формах, так і тых, якія выйшлі з працэсу незадоўга да пачатку выбарчай кампаніі, згулялі на баку існуючага рэжыму.

Разлад і канфлікты паміж апазіцыйнымі сіламі з нагоды ўдзелу або няўдзелу (як напярэдадні кампаніі, так і падчас яе), роўна як і іх дзеянні ў часе выбараў, прывялі толькі да штучнай цікавасці да першапачаткова нелегітымнага і маніпулятыўнага па сутнасці электаральнага працэсу пры адсутнасці рэальнага кантролю за яго якасцю і адпаведнасцю агульнапрынятым міжнародным нормам.

Такім чынам, за агульны вынік — непразрыстыя і недэмакратычныя выбары — адказныя найперш беларускія ўлады, але, у пэўнай ступені, адказнасць за яго нясуць і ўсе ключавыя персоны беларускай палітычнай апазіцыі.

Удзельнікі Беларускай нацыянальнай платформы заклікаюць усе зацікаўленыя бакі да дыялогу адносна актуальнага стану палітычнай сітуацыі ў краіне, а таксама агульных дзеянняў, накіраваных на яе змяненне. Без арганізацыі такога дыялогу мы не бачым магчымасцей для асэнсаваных і не імітацыйных дзеянняў у палітычнай плоскасці.

Спампаваць дакумент 


Другие публикации