Приглашаем всех желающих заглянуть в ближайшее будущее Беларуси и обсудить перспективы развития страны, которые с высокой степенью вероятности развернутся перед нами уже в следующем году.
Пазіцыя Беларускай нацплатформы наконт адкрыўшыхся магчымасцей еўрапейска-беларускага супрацоўніцтва
Удзельнікі канферэнцыі «Развіццё Нацыянальнай платформы: новыя выклікі, новыя стратэгіі», якая прайшла 28-29 лістапада 2015 года ў Мінску, абвесцілі сваю пазіцыю ў сувязі з магчымасцямі, якія адкрыліся для пашырэння еўрапейска-беларускага супрацоўніцтва.
Пазіцыя
Беларускай нацыянальнай платформы
Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства
«Аб адкрытых магчымасцях еўрапейска-беларускага супрацоўніцтва»
Мы, удзельнікі Беларускай нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, звяртаемся да адказных дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь, інстытутаў Еўрапейскага Саюза, краін-сябраў ЕС, зацікаўленых міжнародных арганізацый, а таксама арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі ў сувязі з магчымасцямі, якія адкрыліся для пашырэння еўрапейска-беларускага супрацоўніцтва.
Аб новых магчымасцях
Мы канстатуем, што вызваленне палітычных зняволеных у Беларусі зняло з парадку дня адзін з самых прынцыповых бар'ераў на шляху паляпшэння беларуска-еўрапейскіх адносін. У сувязі з гэтым, ЕС часова замарозіў санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў і іншых асоб, адказных за палітычныя рэпрэсіі супраць беларускіх грамадзян і фальсіфікацыі выбараў. Мы мяркуем, што гэта рашэнне адкрывае новыя перспектывы для пазітыўных змен у Беларусі. Мы заклікаем усе зацікаўленыя бакі з боку беларускай грамадзянскай супольнасці, беларускіх уладаў, палітычнай апазіцыі, інстытутаў ЕС, краін-сябраў ЕС, арганізацый грамадзянскай супольнасці Еўрапейскага Саюза і міжнародных арганізацый прыкласці максімальныя намаганні, накіраваныя на арганізацыю канструктыўнага дыялогу з нагоды рэалізацыі гэтых перспектыў і магчымасцей.
Аб актуальнай сітуацыі ў Беларусі
Разам з тым, мы звяртаем увагу на тое, што прынцыпова сітуацыя з правамі чалавека і павагай асноўных правоў і свабод у Беларусі не змянілася да лепшага. Ахвяры палітычнага пераследу ўладаў па-ранейшаму не рэабілітаваныя, а ціск і рэпрэсіўныя дзеянні супраць актывістаў грамадзянскай супольнасці, СМІ і палітычных гульцоў не зніклі з практыкі, а ўсяго толькі прынялі іншыя, больш схаваныя і непрамыя формы.
Як і раней, у Беларусі працягваецца практыка палітычна матываванага крымінальнага пераследу. Застаецца ў статусе абвінавачанага Алесь Міхалевіч, кандыдат на мінулых прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, які вярнуўся ў краіну, працягваецца следства ў дачыненні да Яраслава Ульяненкава, Максіма Пякарскага, Вадзіма Жаромскага і Вячаслава Касінерава па справе аб палітычных графіці, працягваецца відавочна неабгрунтаваная высылка вядомай грамадскай дзеячкі, праваабаронцы Алены Танкачовай. Не спыненая практыка парушэнняў свабоды слова, свабоды сумлення, свабоды сходаў, працягваецца ціск на незалежныя асацыяцыі, пераслед праваабаронцаў, актывістаў апазіцыйных палітычных сіл і грамадзянскай супольнасці.
Мы вымушаны канстатаваць адсутнасць пазітыўных змен у стаўленні дзяржавы да ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў працэсе прыняцця значных для краіны рашэнняў, асабліва ў пытаннях, звязаных з правамі чалавека, рэформамі юстыцыі, сістэмы кіравання, дэмакратычнымі механізмамі. Мы падкрэсліваем, што рэальныя змены ў сітуацыі з правамі чалавека павінны быць звязаныя з канкрэтнымі дзеяннямі беларускіх уладаў у дачыненні да адмены базавых абмежаванняў для грамадзянскай супольнасці, а менавіта:
- адмена артыкула 193.1 Крымінальнага кодэкса, які ўстанаўлівае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый;
- спрашчэнне працэсу рэгістрацыі некамерцыйных арганізацый, у тым ліку ўвядзенне заяўляльнага прынцыпу іх рэгістрацыі;
- спрашчэнне працэсу рэгістрацыі замежнай бязвыплатнай дапамогі для некамерцыйных арганізацый;
- адмена абмежаванняў на ўдзел у мірных сходах і на свабоду выказвання меркаванняў.
Мы таксама вымушаныя канстатаваць, што ў цяперашні час няма ніякіх гарантый таго, што сітуацыя з правамі чалавека не можа змяніцца да горшага ў любы момант, бо адсутнічаюць якія-небудзь механізмы ўраўнаважвання інтарэсаў улады ды іншых грамадска значных інстытутаў (бізнес, грамадзянская супольнасць, царква, СМІ). Менавіта стварэнне падобнага роду гарантый можа быць адной з задач дыялогу аб правах чалавека, які быў заяўлены як запушчаны працэс паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам.
Мы пазітыўна ставімся да далучэння Беларусі да Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, аднак падкрэсліваем неадпаведнасць сістэмы вышэйшай адукацыі ў Беларусі каштоўнасцям і нормам ЕПВА. Мы акцэнтуем увагу на неабходнасці не толькі рэалізацыі дарожнай мапы рэформ вышэйшай адукацыі, але адзначаем адсутнасць бачнага прагрэсу ў гэтай сувязі і патрэбе ў незалежным маніторынгу выканання Беларуссю палажэнняў дадзенай дарожнай мапы. Хваля ціску на незалежныя студэнцкія ініцыятывы, якая прайшла ў лістападзе 2015 года, з'яўляецца вельмі негатыўным знакам і яшчэ раз пацвярджае негатоўнасць устаноў вышэйшай адукацыі да ўспрымання і павагі еўрапейскіх акадэмічных каштоўнасцей.
Мы вітаем доўгачаканае падпісанне Беларуссю Канвенцыі ААН «Аб правах інвалідаў» і спадзяемся на хуткі працэс яе ратыфікацыі і ўвядзення ў сістэму заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Мы таксама разлічваем на тое, што ў адпаведнасці з палажэннямі дадзенай канвенцыі будуць забяспечаны механізмы незалежнага маніторынгу выканання пазначаных у ёй умоў, а таксама гатовыя сіламі арганізацый грамадзянскай супольнасці ўдзельнічаць у стварэнні і рэалізацыі дадзенага механізму.
Мы, на жаль, адзначаем, што за 25 гадоў існавання незалежнай і суверэннай Беларусі дзяржава не прапанавала грамадству стратэгіі стварэння і развіцця аднаго з асноўных інстытутаў дэмакратыі — мясцовага самакіравання. Сення Беларусь — гэта адзіная еўрапейская краіна, што не падпісала Еўрапейскую Хартыю мясцовага самакіравання.
Мы адказна заяўляем, што існуючая ў Рэспубліцы Беларусь сістэма мясцовага самакіравання не мае магчымасці рэалізаваць мэты самакіравання і не дазваляе мясцовым органам у поўнай меры адпавядаць дэфініцыі «самакіраванне». Для стварэння рэальнага мясцовага самакіравання арганізацыя і дзейнасць мясцовых органаў улады ў Рэспубліцы Беларусь павінны быць падвергнутыя сістэмнаму рэфармаванню на падставе палажэнняў і прынцыпаў Еўрапейскай Хартыі мясцовага самакіравання.
Мы занепакоеныя сітуацыяй зацяжнога сістэмнага эканамічнага крызісу ў Беларусі, якая выяўляецца, у тым ліку, у росце беспрацоўя і памяншэнні рэальных даходаў насельніцтва. Мы мяркуем, што выхад з гэтай сітуацыі магчымы толькі праз правядзенне структурных эканамічных рэформ, развіццё малога і сярэдняга бізнесу, а таксама праз развіццё сацыяльнага дыялогу паміж прадстаўнікамі дзяржаўных органаў, наймальнікаў, прафсаюзаў і іншых арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, у чым можа быць аказана неабходнае садзейнічанне з боку Еўрапейскага Саюза і міжнародных фінансавых інстытутаў. Мы канстатуем, што дзеянні беларускіх уладаў у кірунку эканамічнага рэфармавання носяць, у апошні час, больш мэтанакіраваны і канкрэтны характар, але ўсё яшчэ далёкія ад паслядоўных і маштабных эканамічных рэформ.
Мы занепакоеныя сітуацыяй рэгіянальнай нестабільнасці і агрэсіяй, якую працягвае Расія супраць Украіны. Мы мяркуем, што палітыка Расіі пагражае інтарэсам Беларусі і накіравана на прамое і ўскоснае ўцягванне Рэспублікі Беларусь у канфлікт, які працягваецца. Гэта выяўляецца ў перамовах аб стварэнні новай ваеннай базы Расіі ў Беларусі, а таксама ва ўцягванні Беларусі ў розныя формы гандлёва-эканамічнага супрацьстаяння з Украінай і ЕС.
Пра канкрэтныя перспектывы і механізмы супрацоўніцтва
Разглядаючы супрацоўніцтва і дыялог як адзіна магчымы шлях вырашэння шэрагу набалелых праблем і супярэчнасцей як унутры беларускага грамадства, так і ў беларуска-еўрапейскіх адносінах, мы працягваем настойваць на павазе і ўвядзенні ў практыку дыялогу ключавых прынцыпаў такога супрацоўніцтва: транспарэнтнасці, грамадзянскага кантролю, раўнапраўнага ўдзелу агранізацый грамадзянскай супольнасці ды іншых абавязковых грамадскіх партнёраў у шматбаковым дыялогу.
Мы мяркуем, што ў цяперашні час неабходна сканцэнтраваць намаганні на працы ў канкрэтных тэматычных галінах супрацоўніцтва, у якіх магчыма дасягненне мінімальных ўстойлівых змен.
Сярод такіх абласцей мы бачым:
- Правы чалавека. Мы пазітыўна ацэньваем аднаўленне дыялогу па правах чалавека паміж Беларуссю і ЕС і разлічваем на больш актыўнае ўцягванне беларускіх праваабарончых арганізацый у працэс дыялогу. Мы таксама лічым мэтазгодным неадкладную распрацоўку дарожнай мапы рэформ у галіне правоў чалавека, якая прадугледжвае дасягненне выканальных і пэўных ў часе вынікаў;
- Рэформы вышэйшай адукацыі. Мы настойваем на неабходнасці рэалізацыі дарожнай мапы рэформ вышэйшай адукацыі ў Беларусі, прынятай у якасці абавязальніцтваў у працэсе ўступлення краіны ў Балонскі працэс. Мы таксама спадзяемся на паўнавартаснае ўключэнне прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, а менавіта прадстаўнікоў Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, у кантрольную групу (expert committee) па рэалізацыі дарожнай мапы ў рамках дзейнасці BFUG (Bologna Follow-up Group);
- Змена клімату. Пытанні зменаў клімату і актыўнага пераходу да выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі павінны ўлічвацца пры распрацоўцы стратэгій развіцця як на ўзроўні ўсёй дзяржавы, так і яе рэгіёнаў і кожнага населенага пункта. Неабходны дэталёвы аналіз магчымасцей па скарачэнні выкідаў парніковых газаў і эфектыўнай адаптацыі да наступстваў змены клімату для ўсяго спектру сацыяльна-эканамічнага жыцця. Паспяховасць выканання стратэгій і планаў у гэтай сферы павінна стаць пытаннем, якое ўвесь час знаходзіцца ў сферы ўвагі беларускай дзяржавы. Удзел грамадскасці ў пытаннях, звязаных са зменамі клімату, павінен быць забяспечаны на адэкватным узроўні і адказваць палажэнням Орхускай канвенцыі і Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату. Грамадскасць павінна своечасова атрымліваць інфармацыю аб планах па распрацоўцы стратэгій і іншых нарматыўна-прававых дакументаў і мець магчымасць удзельнічаць у іх абмеркаванні;
- Культура. Мы заклікаем пачаць распрацоўку агульнай канцэпцыі культурнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь і, у прыватнасці, уключыць уяўленні аб культуры, якія змяшчаюцца ў Еўрапейскай культурнай канвенцыі, Усеагульнай дэкларацыі аб культурнай разнастайнасці, Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення, у праграмныя заканадаўчыя дакументы і ўкараніць іх у практычныя формы рэалізацыі.
- Мясцовае самакіраванне. Мы лічым прынцыпова важным далучэнне Беларусі да Еўрапейскай Хартыі мясцовага самакіравання. Мы заклікаем пачаць падрыхтоўку Канцэпцыі развіцця мясцовага самакіравання ў Рэспубліцы Беларусь і распрацоўку праграмы яе рэалізацыі, якія базуюцца на прынцыпах і нормах Еўрапейскай Хартыі (дэцэнтралізацыя ўлады, захаванне прынцыпу субсідыярнасці, фіскальная дэцэнтралізацыя, замацаванне ў заканадаўстве паняцця «грамада», дэбюракратызацыя форм удзелу грамадзян у рэалізацыі мясцовага самакіравання, адкрытасць і галоснасць дзейнасці органаў мясцовага самакіравання і інш.);
- Правы людзей з інваліднасцю. У верасні 2015 года Рэспубліка Беларусь падпісала Канвенцыю ААН «Аб правах інвалідаў», што азначае дэкларацыю намераў выконваць прынятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы па імплементацыі названай Канвенцыі. Мы лічым крытычна важным пачаць працэс ратыфікацыі Канвенцыі ў бліжэйшы час, уключаючы пытанне падрыхтоўкі закона аб ратыфікацыі ў непасрэдным узаемадзеянні з беларускімі арганізацыямі інвалідаў. Мы разлічваем на паўнавартаснае выкарыстанне механізмаў рэалізацыі і маніторынгу рэалізацыі Канвенцыі, прадугледжаных арт. 33 Канвенцыі «Аб правах інвалідаў». Мы звяртаем увагу на тое, што працэс імплементацыі павінен быць не толькі справай арганізацый інвалідаў, але стаць агульнай справай усёй грамадзянскай супольнасці і дзяржавы Беларусі;
- Гендарная палітыка. Мы заклікаем уключыць прадстаўнікоў/ніц арганізацый-удзельнікаў Беларускай нацыянальнай платформы ў склад Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь. Мы лічым неабходным пачаць распрацоўку і прыняцце ў Беларусі закона па гендарнай роўнасці і запрасіць да ўдзелу ў працэс распрацоўкі прадстаўнікоў/ніц арганізацый грамадзянскай супольнасці. Мы таксама лічым неабходным наблізіць вымярэнне Індэкса гендарнага развіцця ў Беларусі да еўрапейскіх норм і ўключыць у яго статыстыку па хатняму гвалту і інтэрсекцыянальнай няроўнасці;
- Сацыяльны дыялог. У перыяд сацыяльна-эканамічнага крызісу яшчэ больш важным інструментам для ўзгаднення розных інтарэсаў сацыяльных партнёраў становіцца сацыяльны дыялог, прававая база і структуры якога ў Беларусі патрабуюць далейшага развіцця. Пры гэтым нам трэба засноўвацца на каштоўнасцях і асноўных нарматыўных дакументах Еўрапейскага Саюза ў галіне сацыяльнага дыялогу, беларускаму ўраду важна ўлічваць практыку і структурную пабудову дыялогу, які вядзе Еўрапейская камісія з сацыяльнымі партнерамі, у тым ліку з мноствам арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія прадстаўлены ў Еўрапейскім эканамічным і сацыяльным камітэце. Для абмену такім вопытам патрабуецца правядзенне ў межах праграм ЕС мерапрымстваў з удзелам беларускіх дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый, у тым ліку прафесійных медыятараў і канфліктолагаў. Мы заклікаем прыняць законы Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльным дыялогу», «Аб самарэгулюемых арганізацыях», «Аб аб’яднаннях працадаўцаў», а таксама ўніфікаваць беларускае заканадаўства па дыялогу наймальнікаў і працоўных з канвенцыямі Міжнароднай арганізацыі працы;
- Моладзевая палітыка. Мы лічым, што моладзевым арганізацыям грамадзянскай супольнасці, неабходна пачаць распрацоўку дарожнай мапы па моладзевай палітыцы, якая будзе садзейнічаць кансалідацыі дзеянняў моладзевых незалежных арганізацый Беларусі, органаў беларускай улады і інстытутаў ЕС. Мы заклікаем пачаць распрацоўку праграмы для моладзі Усходняй Еўропы ў рамках ініцыятывы «Усходняе партнёрства». Мы разглядаем беларускія моладзевыя незалежныя арганізацыі (у тым ліку і незарэгістраваныя) у якасці аднаго з галоўных стэйкхолдараў у гэтым працэсе. Мы таксама прапануем адчыніць «Моладзевае вакно Усходняга партнёрства» ў праграме «Erasmus+»;
- Пенсійная палітыка. Улічваючы неспрыяльную дэмаграфічную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь, лічым тэрмінова пачаць абмеркаванне змен у пенсійную палітыку краіны з усімі зацікаўленнымі бакамі. Мы, таксама, настойваем на далучэнні да Мадрыцкага плана па старэнні ад 2002 года
Мы падкрэсліваем, што перыяд новых магчымасцей супрацоўніцтва можа быць абмежаваным у часе. Мы таксама не выключаем таго, што дзеянні беларускіх уладаў могуць прывесці да пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека і новага закрыцця сітуацыі. У сувязі з гэтым у чарговы раз мы звяртаем увагу на:
- небяспеку звужэння беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва пераважна да адносін з беларускай ўладай і дзяржаўнымі структурамі пры адсоўванні грамадзянскай супольнасці ад працэсу дыялогу Беларусі і ЕС;
- небяспеку падмены ў працэсе беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва ўдзела рэальных арганізацыяў грамадзянскай супольнасці сімулятыўнымі дзяржаўна-грамадскімі структурамі (GoNGO).
Назіраючы за палітычнымі ваганнямі беларуска-еўрапейскіх адносін на працягу многіх гадоў, мы вымушаны канстатаваць кароткатэрміновасць і няпоўную паслядоўнасць курсу ЕС адносна Беларусі. Гэты факт актуалізуе неабходнасць выпрацоўкі і рэалізацыі Еўрапейскім Саюзам доўгатэрміновай і мэтаарыентаванай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі, незалежнай ад раптоўных жаданняў і актуальных дзеянняў беларускіх уладаў. Такая стратэгія павінна зыходзіць не толькі з геапалітычных і эканамічных інтарэсаў, але і найперш з рэальных каштоўнасных пастулатаў дэмакратыі і правоў чалавека.
Спампаваць дакумент
Другие публикации
-
9 ноября в Минске — лекция и дискуссия «Человек и его границы: этическое усилие и культура»
В первый день работы форума о человеке, медицине и технологиях «Homo (Im)Perfectus» в минском Культ. центре «Корпус» философ и методолог Владимир Мацкевич выступит с открытой лекцией.
-
Новый онлайн-курс Летучего университета: «УНОВИС: витебская история мировой культуры»
На Дистанционной платформе Летучего университета появился новый курс, посвященный авангардному художественному объединению УНОВИС.
-
9-12 лістапада — Форум пра чалавека, медыцыну і тэхналогіі «Homo (Im)Perfectus: дзе пралягае мяжа?»
9-12 лістапада ў Мінску пройдзе форум пра чалавека, медыцыну і тэхналогіі «Homo (Im)Perfectus» — падзея аб тым, як біятэхналогіі змяняюць чалавека, культуру, грамадскія адносіны, сацыяльныя і этычныя нормы.
-
А1 и Летучий университет запускают курс про УНОВИС онлайн и на VOKA
В поддержку проекта #UNOVIS100 компания А1 и образовательная медиаплатформа «Летучий университет» подготовили бесплатный онлайн-курс «УНОВИС: витебская история мировой культуры».
Комментарии и дискуссии
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»