Нобелеўская прамова Святланы Алексіевіч: што мы хочам пачуць?

07.12.2015
«Новы час»

Пра што б вы хацелі пачуць у прамове Алексіевіч? Ці з’яўляецца выбар мовы для вас паказальным? З такімі пытаннямі «Новы час» звярнуўся да некаторых знакавых фігур нашага грамадства.

Як вядома, сёння, 7 снежня, у Стакгольме адбдзецца нобелеўская лекцыя Святланы Алексіевіч, у якой па пратаколе прынята казаць пра творчую лабараторыю пісьменніка. Але існуе т.зв. банкетная лекцыя, пасля ўручэння прэміі, дзе лаўрэат у сваёй прамове можа надаць увагі праблемам ды радасцям яго краіны і нацыі. Цікава, ці спраўдзяцца чаканні вядомых беларусаў ад гэтай лекцыі Святланы Алексіевіч?

Лявон Вольскі, беларускі музыка, літаратар, мастак. заснавальнік «Мроі», N.R.M. І «Крамбамбулі»:

«Думаю, што лаўрэат прыцягне ўвагу да нашых праблем, напрыклад, у галіне культуры. У сэнсе, што гэтая галіна культуры цалкам адсутнічае ці то падмяняецца нейкім пластыкава-гумовым сурагатам. А ўсё натуральнае, сапраўднае замоўчваецца і нібыта не існуе. Ясна, што Святлана абсалютна абазнаная ў гэтай сітуацыі і, я спадзяюся, будзе пра гэта гаварыць.

Думаю, прамова будзе па-руску. Бо для Святланы гэтак зручней. І ў гэтым я не адчуваю дыскамфорту. Усё мусіць быць натуральна».

Мікалай Халезін, арт-дырэктар беларускага «Свабоднага тэатра»:

«Я б хацеў пачуць прамову пра літаратуру. Пра тое, як дакументальная літаратура ўпісана ў сучасны кантэкст; як яна ўплывае на фарміраванне магістральнага напрамку развіцця літаратуры і якія яе перспектывы. Мне б вельмі хацелася той глыбіні, якую ў сваіх нобелеўскіх прамовах прадэманстравалі Гаральд Пінтэр і Іосіф Бродскі. Менш за ўсё хацелася б павярхоўнага размовы пра штоімгненныя рэчы.

Мне б вельмі хацелася, каб прамова была сказана па-беларуску, але хочацца, каб гучанне мовы было арганічным. Я не стаўлюся драматычна да гэтага пытання, бо разумею, што калі аўтар ўсё жыццё піша на рускай і карыстаецца ў побыце толькі ёй, беларуская можа гучаць не вельмі арганічна. Мне здаецца, што змякчыць сітуацыю мог бы сінтэз трох моў, да якіх Святлана ў сваім жыцці была датычная».

Святлана Калінкіна, журналістка, шэф-рэдактар «Народнай Волі»:

«Людзям, нацыям, дзяржавам уласціва марыць. Ёсць «руская мара» — ляжаць на печцы і чакаць, што табе дастанецца багатая прынцэса-нявеста. Ёсць «амерыканская мара» — прыехаць у ЗША з адным доларам у кішэні і стаць мільянерам. Ёсць мара яўрэйскага народа аб зямлі, абяцанай Богам. Марам уласціва спраўджвацца. Таму я б хацела пачуць ад Святланы Алексіевіч разважанні пра беларускую мару, якой пакуль няма, але якая павінна быць.

Выбар мовы, на якой будзе гучаць прамова першага беларускага нобелеўскага лаўрэата, мне падаецца не важнай. Але хацелася б, каб хаця б пару беларускіх слоў прагучала. Гэта нібы кінуць манетку ў фантан у горадзе, у які хочаш вярнуцца. Я хачу, каб Святлана Алексіевіч была першай, але не апошняй набеліяткай-беларускай. Каб мы ў Каралеўскі палац вярнуліся за новымі Нобелямі.

Па вялікім рахунку, нацыя мае права на існаванне толькі тады, калі робіць свой унёсак у інтэлектуальную скарбніцу чалавецтва. Нобелеўская прэмія Святлана Алексіевіч — гэта сусветнае прызнанне таго факта, што беларусы свой унёсак зрабілі. Вялікі унёсак! Значны ўнёсак! Я ганаруся за нашу нацыю і за нашу краіну. Я шчаслівая. Я хачу спяваць».

Уладзімір Някляеў, паэт, празаік, грамадска-палітычны дзеяч:

«Хочацца пачуць прамову пра сваё. Прамову, акцэнтаваную на праблемах Беларусі. На стане нацыі, бачанні яе выжывання ў дачыненнях з Захадам і Усходам — між дзвюма цывілізацыямі. Прамову карціць пачуць выключна па-беларуску».

Уладзімір Мацкевіч, філосаф і метадолаг, кіраўнік Рады Міэнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь»:

«Я б хацеў, каб прагучала на ўвесь свет, што Беларусь — цудоўная краіна, дзе жывуць выдатныя пісьменнікі, таленавітыя творцы, сумленныя і працавітыя людзі, адкуль паходзяць геніі, дзе нараджаюцца ідэі. Што мы не горшая нацыя сярод іншых, але і не лепшая. Я б хацеў, каб прагучала праўда пра нашу краіну і нацыю. Пра тое, то мы маем, чым ганарыцца і ў мінулым, і у сучаснасці, але, як і кожны народ маем і падставы для сораму.

Я б хацеў, каб увесь свет ведаў, што Беларусь — гэта не толькі «апошняя дыктатура ў Еўропе», а патэнцыйная нацыя, якая, пазбавіўшыся часовай дыктатуры, стане на ўзровень з іншымі еўрапейскімі народамі, каб разам з імі будаваць супольную будучыню.

Я б хацеў, каб свет усвядоміў, што беларусы і дыктатура — гэта не адно і тое ж. Што мы пакуль пакутуем ад дыктатуры, але яна небяспечная і для іншых народаў, што гэта наша супольна-еўрапейская праблема. Як нашу супольную будучыню нам будаваць разам, так і ад таталітарнай заразы трэба пазбаўляцца разам. Мы тут зноў не лепшыя, але і не горшыя.

Наконт мовы — то хоць на шведскай, неістотна. Але было б добра, каб з нобелеўскай кафедры ўпершыню прагучала б беларуская мова».

Андрэй Бастунец, старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»:

«Святлана Алексіевіч ужо распавяла, пра што збіраецца прамаўляць у сваёй Нобелеўскай лекцыі: пра чырвоную імперыю, гісторыю маленькага «чырвонага чалавека», пра нашу сучасную гісторыю, — і прамаўляць даволі жорстка. Гэта тэмы яе творчасці, і таму цалкам лагічна і чакана, што яны прагучаць у выступе пісьменніцы. Гэтак сама мне падаецца лагічным, калі гэтая прамова будзе на рускай мове. Нобелеўскі выступ — гэта таксама мастацкі твор, а мы ведаем, што свае кнігі Святлана Аляксандраўна піша па-руску. І мяне непакоіць не тое пытанне, на якой мове пісьменніца паспрабуе сфармуляваць і данесці сваё пасланне да грамадства, а тая лёгкасць, з якой пэўныя людзі, якія да таго ж пазіцыянуюць сябе прыхільнікамі адраджэння Беларусі, гатовыя адмовіцца ад першага беларускага Нобелеўскага лаўрэата — ці адмовіць яму ў беларускасці, што амаль адно і тое ж. Тым больш дзіўна гэта выглядае з улікам таго, як на узнагароду Святланы Алексіевіч рэагуюць у свеце».

Юлія Чарняўская, культуролаг, літаратар, прафесар БДУКІМ:

«Я б хацела пачуць, пра тое, як Святлана Алексіевіч бачыць сучаснасць і будучыню Беларусі і чалавецтва; хацела б пачуць заклік да аб'яднання сіл інтэлектуалаў свету супраць тэрарызму — і не толькі фізічнага, але і духоўнага (у тым ліку — зварот да інтэлектуалаў Расіі); хацела б пачуць разважанні пра тое, што інтэлектуал можа зрабіць для сацыяльна загнанага грамадства.

Думаю, што яна будзе выступаць па-руску. Наколькі мне вядома, яна вывучала нямецкую, а не англійскую, таму магчымасць яе выкарыстання для мяне сумніўная. Мяркую, што некалькі гадоў пражыўшы ў Швецыі, Святлана ведае шведскі на базавым узроўні, але не ў той меры, каб прамаўляць на ім настолькі важную прамову. Што тычыцца беларускай мовы, яна неаднаразова прызнавалася, што валодае ёй у яе сучасным варыянце недастаткова, каб на ім пісаць, не зніжаючы творчай планкі. Пры гэтым яна заўсёды дэманстравала цікавасць да сучаснай беларускай літаратуры і добрае яе веданне. Думаю, што ў такой адказнай прамове ёй будзе важна сказаць пра набалелае, а пра яго прасцей гаварыць на той мове, якой чалавек прывык карыстацца. Для мяне важна, што яна скажа, як яна скажа — і як гэта зможа паўплываць на культурную і сацыяльную сітуацыю ў нашай краіне, у Расіі, ва Украіне, у Еўропе, у свеце».

Лада Алейнік, дацэнт кафедры беларускай літаратуры і культуры філалагічнага факультэта БДУ:

«Спадзяюся, што прамова Святланы Алексіевіч будзе перадусім прысвечана літаратуры і культуры, а не палітыцы. А таксама спадзяюся, што пісьменніца прадэманструе ў сваім выступе выключную дыпламатыю і паліткарэктнасць. У апошні час вельмі востра паўстала пытанне міжнацыянальных адносін, адносін да гісторыі і культурнай спадчыны іншых народаў. Літаратура, мастацтва, гуманітарныя навукі — гэта, несумненна, магутнейшыя сродкі этычнага, эстэтычнага і інтэлектуальнага ўплыву на грамадства. Таму я ўпэўнена, што гаворка пра сусветную і нацыянальную культуру мае нашмат больш карысці, чым, напрыклад, крытыка ўлады.

Думаю, што Святлана Алексіевіч будзе выступаць па-руску. І не бачу ў гэтым крамолы».

Дзімітрый Плакс, мастак, пісьменнік, перакладчык, журналіст:

«Мне цікава пачуць развагі чалавека, пісьменніка. Якія аспекты і ў якім кантэксце будуць закранутыя — гэта тэма для наступных разваг.

Я думаю прамова будзе па-руску, але я буду прыемна здзіўлены, калі памылюся. Выбар мовы для пісьменніка заўжды паказальны».

Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны:

«Ад спадарыні Святланы Алексіевіч я нічога не чакаю».

Алена Макоўская, кіарўнік Згуртавання беларусаў ствету «Бацькаўшчына», каардынатарка кампаніі «Будзьма беларусамі!»:

«Я думаю, што яе выступ будзе сугучны з яе кнігамі, што гаворка будзе ісці пра чалавека, чалавека, які прайшоў праз катастрофы, што скаланалі нашу частку свету ў ХХ стагоддзі, пра няспраўджаныя чаканні і зламаныя лёсы, пра тое, якія пагрозы нясе таталітарызм, пра вялікую ману і несвабоду, у якой мы жылі столькі гадоў, і як цяжка пазбавіцца гэтай атруты. Пра тое, што яшчэ не зробленая праца над памылкамі, і ўсе гэтыя беды і жахі не сышлі беззваротна ў гісторыю: яны могуць паўтарыцца зноў, калі мы не зменімся. Пра тое, што насамрэч у кожным з нас, у нашым грамадстве яшчэ так шмат савецкага, і што свой шлях да свабоды мы толькі пачалі, а ён доўгі і складаны.

І, канечне ж, хацелася б, каб на такім высокім узроўні прагучала пра нашу краіну, пра Беларусь, якая, нягледзячы на вялікія страты і ахвяры за апошнія стагоддзі, здабыла незалежнасць, захавалася сама і захавала сваю адметнасць і сваю культуру. Пра гістарычна еўрапейскі беларускі народ, які насуперак таму, што яго столькі адрывалі ад сваёй ідэнтычнасці, цяпер адбудоўваецца менавіта дзякуючы ёй, таму пераасэнсоўвае сваю гісторыю, вучыцца любіць сваю культуру і мову. Важна, каб прагучала і пра тое, што беларусам нельга скідваць з рахункаў суседства і залішнюю прывязку да краіны, якая чарговы раз перажывае сваю імперскую ломку. І калі мы не будзем імкнуцца ў гістарычна родную еўрапейскую прастору, мы зноў можам быць адкінутыя ў мінулае, з сілкоў якога так цяжка вырывацца без страт. Хацелася б пачуць з вуснаў першага беларускага набеліята пра нашу літаратуру, пра тых беларускіх пісьменнікаў, якіх Святлана Алексіевіч лічыць сваімі настаўнікамі, — Васіля Быкава і Алеся Адамовіча.

Святлана Алексіевіч — беларускі аўтар, і, натуральна, было б сімвалічна, калі б яна зрабіла ці распачала сваю прамову па-беларуску, тым самым аказаўшы беларускай мове важную падтрымку ў сённяшніх складаных варунках, прадэманстраваўшы яе каштоўнасць кожнаму беларусу. Але калі яна абярэ, напрыклад, міжнародную англійскую — кепскага ў гэтым нічога не будзе. Нам трэба навучыцца разбураць муры паміж намі, а не будаваць новыя.

Я веру, што для нашай краіны, яе незалежнасці ў міжнародным кантэксце пачынаецца новая эпоха. І, канечне ж, дагэтуль не пакідае пачуццё ўдзячнасці і Швецыі, і ўсім тым краінам, якія не проста цікавяцца нашай культурай, а робяць шмат высілкаў, каб яе ведалі і цанілі ў свеце».

Нагадаем, 10 снежня, у Дзень правоў чалавека, беларуска Святлана Алексіевіч у Стакгольме атрымае Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры «за шматгалосае гучанне прозы і ўвекавечанне пакуты і мужнасці».

Як падказаў аташэ ад Нобелеўскага камітэта Стэфан Эрыксан, нобелеўскую цырымонію можна будзе паглядзець у сеціве (Nobel ceremony). А таксама трансляцыю ўрачыстай цырымоніі ўзнагарожання плануе ажыццявіць незалежны тэлеканал «Белсат». Сама цырымонія распачнецца 10 снежня ў 18.30 па мінскім часе. Дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі пад рознымі падставамі адмовіліся трансляваць мерапрыемствы ў сваім эфіры.


Другие публикации