Святлана Карасёва — аб «праваслаўных атэістах», рэлігійнасці беларусаў і рэлігіязнаўстве (Фота і відэа)

12.12.2015
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Тэма таго, што сягае за межы зямнога, заўсёды хвалявала чалавека і цяпер таксама застаецца для яго таямніцай. Але ёсць тыя, хто робіць «замах на святое» — раскладае рэлігійнасць «па палічках».

Напрыклад, кандыдат філасофскіх навук Святлана Карасёва, якая ў межах серыі адкрытых лекцый Лятучага ўніверсітэта «Галоўнае пытанне» выступіла з прамовай «Рэлігійнасць у Беларусі: ад канцэпцый да дадзеных».

Падобная тэма за 6 гадоў існавання Лятучага ўніверсітэта абмяркоўвалася ўпершыню, і Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» сабрала ўсё самае цікавае з лекцыі.

Трансцэндэнтнае і іманентнае

Лектарка распачала з азначэння паняццяў.

Рэлігіязнаўства — гэта асобная самастойная дысцыпліна ў сістэме сацыяльна-гуманітарнай веды. Матэрыял, з якім працуе рэлігіязнаўства, — гэта матэрыял эмпірычных фактаў.

Гэтая дысцыпліна выкарыстоўвае накопленыя іншымі дысцыплінамі дадзеныя. Гэта звязана з прадметам рэлігіязнаўства — рэлігіяй, а менавіта з тым, што рэлігія — феномен, які наскрозь працінае ўсе структуры жыцця чалавека. Рэлігіязнаўства — дысцыпліна, якая вывучае рэлігію ва ўсіх яе формах і аспектах. Рэлігія — гэта сімвалічна аформленая сістэма прадстаўнікоў, дзейнасці, інстытутаў, заснаваная на вопыце трансцэндэнтнага. У гэтым азначэнні ёсць два аспекты: сістэмы (знешні) і досведу (унутраны).

Трансцэндэнтны — той, што ляжыць «па-за» (ад лат. transcendens — той, што пераступае, выходзіць за межы). Маецца на ўвазе нешта, што палягае за межамі свету.

Рэальнасць, якая прадстаўляецца ў розных рэлігіях як трансцэндэнтная, адначасова з’яўляецца і іманентнай (супрацьлегласць трансцэндэнтнаму, тое, што знаходзіцца ў сабе і не пераходзіць у нешта іншае. — заўв. EuroBelarus.Info) свету. Гэтая дваістасць усіх рэлігійных аб’ектаў прадстаўлена ў паданнях. Напрыклал, у ісламе ёсць Алах, які трансцэндэнтны свету, і ёсць прарок і Каран, якія робяць бачнай задуму Алаха адносна свету і чалавека. У хрысціянстве траістасць Бога-Айца, Сына і Святога Духа валодае той жа структурай: трансцэндэнтны Айцец яўляе сваю задуму аб свеце і чалавеку праз дзве іншыя іпастасі.

Досвед трансцэндэнтнага (рэлігійнага)

Рэлігійныя паданні пастаянна фіксуюць падзеі такога кшталту. У вузкім сэнсе гэта стан, у якім чалавек знаходзіць сябе ў непасрэднай звязанасці з трансцэндэнтнай рэальнасцю. Чалавек, які перажыў гэты рэлігійны досвед, становіцца матываваным не фізічнымі патрэбамі, а духоўнымі, імкнецца не выкарыстоўваць, а служыць, яго эгаізм замяняецца альтруізмам.

У шырокім сэнсе, гэта падзея, якую шукаюць. Як правіла, маштаб такой асобы неардынарны. Такія людзі знаходзяцца ў аснове перадачы рэлігійнага ідэалу. Любая з’ява, якія набліжае чалавека да гэтага ідэалу, расцэньваецца як рэлігійны досвед.

Спачатку чалавек павінен патлумачыць самому сабе, што з ім здарылася. Гэта праявіцца і ў нейкіх знешніх сімвалічных формах. Напрыклад, калі Буда зразумеў сэнс свайго абуджэння, ён сказаў, што ў свеце існуюць пакуты, яны маюць прычыны, гэтыя прычыны могуць быць пераадолены і ёсць шлях для гэтага пераадолення. Такую ж сілу і прастату афарыстычнасці мае любая рэлігійная ісціна.

Усё гэта існуе як сцэнар арганізацыі жыцця, мэтай якога з’яўляецца ідэал рэлігійнага ідэалу.

Сістэма рэлігійнай дзейнасці — гэта прынцыпы, формы, прыёмы паводзін, якія фарміруюць чалавека ў кірунку дасягнення ідэалу.

Рэлігійнасць — гэта ўключанасць у рэлігію. Рэлігія існуе як досвед, як сістэма і як традыцыя.

«Пакуль знаходзяцца людзі, гатовыя працягваць ідэалы рэлігіі, то і сама рэлігія існуе. Таму, на мой погляд, не зусім правільна казаць, што рэлігія ёсць сістэмай сацыяльнага гвалту», — заўважае Святлана Карасёва.

У што вераць нерэлігійныя людзі?

Спачатку склаліся рэлігіі першабытнасці, затым архаічныя і класічных цывілізацый старажытнасці. Для ўзнікнення гістарычных рэлігій не існуе адзінай мяжы. А ёсць тыя, якія ўзнікаюць на межах эпох і арэалаў. Цяпер — час сінкрэтычных, эклектычных рэлігій, тых, што трансфармуюцца.

Цяпер рэлігіязнаўства вывучае такія формы, як квазі-рэлігія — гэта ідэалогія з пэўнымі прэтэнзіямі (нацыяналізм, сацыялізм, ліберальны гуманізм). Нябачная рэлігія і латэнтная рэлігія (калі яна ўдзельнічае ў стварэнні значэнняў, якія ўваходзяць у свецкую культуру), унутраная рэлігія — любая форма ўключанасці ў каштоўнасці (неабавязкова ў рэлігію), секулярная рэлігія ці нерэлігія — вывучэнне таго, у што вераць нерэлегійныя людзі. Канфліктам непаразумення паміж спецыялістамі і публікай выступаюць ужыванні пэўных паняццяў. У даследчыцкім асяроддзі яны абнаўляюцца і ўдасканальваюцца, але ў масавай свядомасці працягваюць функцыянаваць састарэлыя. Таму сёння многія звыклыя тэрміны лепш не ўжываць. Напрыклад, цяпер пад словам «царква» часцей за ўсё падразумляюць рэлігію. Гэта некарэктна, бо царква — гэта інстытуцыянальная форма адной рэлігійнай традыцыі — хрысціянства. Пад хрысціянствам таксама часта маюць на ўвазе праваслаўе ці каталіцызм, аднак гэта толькі канфесіі ўнутры рэлігійнай традыцыі хрысціянства.

Парадоксы беларускай рэлігійнасці

Пры аналізе розных крыніц для вывучэння рэлігійнасці часам узнікаюць парадоксы. Напрыклад, паводле афіцыйнай статыстыкі адбываецца ўлік рэлігійных супольнасцей, якія рэгіструюць сябе ў якасці юрыдычных асоб. Такім чынам на 1 студзеня 2014 года ў Беларусі было больш за 1500 рэлігійных абшчын, каля паўтысячы каталіцкіх абшчын. А агульная колькасць некаторых блізкіх пратэстанцкіх згуртаванняў перавышае лік каталіцкіх.

Але лічбы, атрыманыя пры дапамозе сацыялагічных апытанняў, сведчаць, што рэлігійнымі сябе называюць 60-70% насельніцтва. З іх 86% ідэнтыфікуюць сябе з праваслаўем, 12% з каталіцтвам і 2% з іншымі канфесіямі. І тыя пратэстанцкія абшчыны, якія перавысілі колькасць каталіцкіх, цалкам губляюцца ў гэтых 2%.

«Практыка паказвае, што настаяцель царквы ведае такую колькасць свайго прыходу, якая не супадае ні з афіцыйнай статыстыкай, ні з сацыялагічнымі апытаннямі», — дадае Святлана Карасёва.

Пытанне яшчэ ў тым, колькі людзей, якія адносяць сябе да той ці іншай канфесіі, з’яўляюцца рэлігійнымі.

«Калі ў школах праводзілі апытанне ў сувязі з увядзеннем курса рэлігіі, на пытанне якія рэлігіі вам вядомыя, большасць адказалі: іслам і будызм», — зазначыла даследчыца.

Факультэт філасофіі і сацыяльных навук разам з Інстытутам тэалогіі БДУ маюць намер правесці даследаванне рэлігійнасці ў Беларусі. Згодна з ім можна будзе вылучыць 4 узроўня ўцягнутасці беларусаў у рэлігію. Моцны — калі чалавек вядзе рэлігійны лад жыцця. Сярэдні — калі ён спачувае рэлігійным ідэалам, прызнае іх каштоўнасці, але не гатовы арганізаваць свой лад жыцця ў адпаведнасці з імі. Слабы — калі чалавек прызнае каштоўнасць рэлігійнага ідэалу, але не ставіць перад сабой задачы прытрымлівацца такога ладу жыцця. І намінальная рэлігійнасць — калі чалавек — «праваслаўны атэіст». На погляд Святланы Карасёвай, новае даследванне даст iнфармацыю пра стан i перспектывы ўплыву рэлiгiй на беларусаў.

Відэазапіс адкрытай лекцыі:

Гл. таксама інтэрв'ю са Святланай Карасёвай напярэдадні адкрытай лекцыі


Другие публикации