Эксперты робяць прагноз на 2016 год: пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, кропкавыя пратэсты і пагроза з боку Расіі

29.12.2015
Радыё «Свабода»

Эксперты ў размове з «Свабодай» не прагназуюць унутрыпалітычных узрушэнняў у Беларусі ў 2016 годзе, але звяртаюць увагу на нарастаючае значэнне эканамічнага і знешнепалітычнага фактараў.

Філосаф і метадолаг, кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Уладзімір Мацкевіч упэўнены, што 2016 год будзе спакойным, унутрыпалітычных узрушэнняў чакаць не трэба.

«Нейкіх відавочных падстаў для таго, каб у палітычным жыцці Беларусі штосьці адбылося істотнае і станоўчае я, на жаль, не бачу. Ад парламенцкіх выбараў чакаць амаль нічога не даводзіцца. Таму я думаю, што наступны год будзе павольнай падрыхтоўкай для чагосьці больш важнага, больш грунтоўнага ў наступныя гады. Бо і эканоміка, і змены ў ладзе жыцця, і адукацыя — усё гэта патрабуе калі не рэформ, то хоць бы нейкага зруху ў бок еўрапейскіх стандартаў. То бок Еўропа звонку напаўзае на нас, уносіць свае карэктывы ва ўсе галіны жыцця, якімі беларускія ўлады не здольныя кіраваць ці не маюць розуму, каб іх уладкоўваць», — лічыць ён.

Разважаючы аб уплыве знешнепалітычных чыннікаў на сітуацыю ўнутры Беларусі, Мацкевіч звяртае ўвагу на існаванне пагрозы з боку Расіі:

«Тут, мне падаецца, ёсць рызыка. Калі Расія ўбачыць, калі не сяброўства, то хаця б наладжванне адносін Беларусі з Еўропай, што, відавочна, не на карысць сённяшняму пуцінскаму рэжыму, то яны могуць пайсці на нейкі ціск, правакацыі. З боку Расіі варта чакаць нейкага пэўнага ўмяшання ў наладжванне беларуска-еўрапейскіх стасункаў. Можа быць, у Расіі сёння проста не хопіць сілаў, не хопіць імпэту — і толькі гэта дасць магчымасць перажыць гэты перыяд без умяшання і правакацый з боку Расіі. А так, сапраўды, гэта стварае пэўную небяспеку».

Палітолаг Юрый Чавусаў кажа, што галоўным фактарам, які стане вызначаць палітычнае жыццё ў Беларусі ў 2016 годзе, будзе эканоміка:

«Эканамічны крызіс, які беларусы адчулі напоўніцу ўжо ў гэтым годзе, будзе мець наступствы і ў 2016-м. То бок скарачэнне дзяржаўных прыбыткаў будзе ўплываць на тое, што дзяржава не будзе ў стане забяспечваць ранейшы ўзровень сацыяльнай падтрымкі насельніцтва. Нас чакаюць скарачэнні на дзяржаўных прадпрыемствах, нас чакае скарачэнне сацыяльных гарантый, ну, і адпаведна ў тым сацыяльным кантракце, які маецца паміж беларускім насельніцтвам і аўтарытарнай уладай, будуць усё большыя і большыя перакосы», — адзначае Чавусаў.

Паводле яго слоў, як гэтыя працэсы адаб’юцца на палітыцы беларускіх уладаў, стане зразумела падчас выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў. Відавочна, што эканамічная сітуацыя будзе сярод галоўных тэзісаў усіх палітычных сіл, якія пойдуць на выбары.

«Што тычыцца знешняй палітыкі, то тут таксама асноўным чыннікам будзе эканамічны крызіс, які будзе штурхаць беларускі бок на пошук фінансавай падтрымкі ў першую чаргу на Усходзе, на Захадзе, у МВФ. А гэта, у сваю чаргу, будзе патрабаваць пэўных захадаў, не звязаных непасрэдна з эканамічнай палітыкай, а, напрыклад, з тым, што ў дачыненні да Усходу называецца «гандаль суверэнітэтам». То бок здачы нейкіх прыкметаў беларускага суверэнітэту, як гэта было ў часы мінулага крызісу, калі Беларусь пагадзілася на адзіную сістэму СПА.

У дачыненні да заходніх партнёраў, гэта будзе выклікаць тое, што мы маем: адмовы ад найбольш брутальных відаў рэпрэсій, выкарыстанне мяккіх практык без сутнаснай змены рэжыму. Гэта таксама будзе выклікана не шчырым імкненнем дэмакратызаваць і лібералізаваць краіну, а імкненнем не ўспудзіць патэнцыйных крэдытораў», — кажа палітолаг.

Але пагаршэнне эканамічнага становішча наўрад ці прывядзе да нейкага буйнога сацыяльнага выбуху, лічыць эксперт:

«Можна чакаць чагосьці такога, як было ў 2011 годзе, калі падчас драматычнага падзення беларускага рубля выбухнула «рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі». Але ці можна называць падобнага кшталту дзеянні сацыяльным выбухам? Я моцна сумняваюся. Хутчэй, нас будуць чакаць шматлікія выпадкі абурэння на тых заводах, якія не запусцяцца пасля навагодняга перапынку, на такіх прадпрыемствах, дзе будуць масавыя скарачэнні (а яны непазбежныя). Нас чакае, хутчэй за ўсё, поле расцярушаных пратэстаў, але наўрад ці будзе такі кумулятыўны выбух», — кажа Чавусаў.

Палітолаг, намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец таксама лічыць, што на палітычнае жыццё ў Беларусі ў 2016 годзе перш за ўсё будзе ўплываць унутрыэканамічная сітуацыя.

«Агульны крызіс беларускай эканомікі так ці інакш уплывае на агульны крызіс рэжыму. І гэты крызіс рэжыму будзе больш заўважны ў 2016 годзе», — лічыць эксперт.

Лагвінец упэўнены, што ў гэтай сітуацыі вельмі важна, каб дэмакратычныя сілы ў Беларусі адчулі новае дыханне, працягвалі працаваць з людзьмі, пераконваць і пашыраць кола сваіх прыхільнікаў. Парламенцкай кампаніяй 2016 году таксама трэба скарыстацца, кажа палітолаг, хаця фармат удзелу яшчэ можна абмяркоўваць.

У плане знешняй палітыкі галоўным будзе расійскі фактар, перакананы Лагвінец.

«Але я спадзяюся, што часовая разрадка адносін з Еўрасаюзам атрымае большую трываласць і гэта таксама будзе ўплываць на тое, як беларусы будуць успрымаць сітуацыю ў краіне. Калі ў Еўрасаюза будуць знойдзены вырашэнні тых праблем, перад якімі ён зараз стаіць, то гэта відавочна таксама будзе мець свой станоўчы ўплыў на Беларусь», — мяркуе ён.


Другие публикации