13 лютага ў Маладзечне — лекцыя Міхаіла Баярына «Ігнат Абдзіраловіч. Запавет ліючайся формы»

08.02.2016
Лятучы ўніверсітэт

Лятучы ўніверсітэт, пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і курсаў беларускай мовы «Мова Нанова», прадстаўляе наступную лекцыю ў цыкле, прысвечаным спадчыне Ігната Абдзіраловіча.

Часткай культуры з’яўляюцца запаветы — узоры будучыні. Айцы-пачынальнікі беларускага праекта ўяўлялі сабе розныя вобразы Беларусі. І калі накласці іх як трафарэты на сучаснасць, можна ўбачыць, што яны збольшага завершаныя, мэты дасягнутыя.

Гэта значыць, што беларускі час завяршаецца і патрабуе ўзнаўлення. Калі ж скончыцца эмоцыя самасці, з якой паўставаў беларускі праект, нас чакае нармалізацыя, еўрапейскі стандарт. І няма, мабыць, большага здзеку з еўрапейскай першаснасці і самасці, чым гэтая самакаланізацыя.

Нам належыць узнавіць беларускі час. Перастварыць мову, пераўявіць краіну. І тады мы ўзгадваем пра яшчэ адзін узор Беларусі, які здаваўся раней нямысным і немагчымым. Запавет ліючайся формы Ігната Абдзіраловіча — гэта ідэя, вартая быць марай нашага тысячагоддзя.

13 лютага 2016 года Лятучы ўніверсітэт запрашае на лекцыю філосафа, паэта, перакладчыка Міхаіла Баярына «Ігнат Абдзіраловіч. Запавет ліючайся формы». Лекцыя адбудзецца ў маладзечанскай Прыватнай гасцёўні (вул. Чыстая, 26). Пачатак у 16.00. Уваход вольны!

UPD.: Сваімі думкамі ў межах цыкла лекцый, прысвечаных спадчыне Ігната Абдзіраловіча, падзяліліся: Павел Баркоўскі — у ГародніІгар Бабкоў — у ГомеліІрына Дубянецкая — у ВіцебскуВалянцін Акудовіч — у Магілёве і Сяргей ДубавецБабруйску. Цыкл завяршыла публічная дыскусія.

UPD.: Відэазапіс лекцыі:


Другие публикации