Лекцыя Ірыны Дубянецкай у Віцебску: «Нацыятворчасць як свабода духу: Беларусь Ігната Абдзіраловіча» (Фота і відэа)

09.02.2016
Лятучы ўніверсітэт, фота Аляксея Статута

28 лютага 2016 года Ірына Дубянецкая, доктар філасофіі і доктар сакральнай тэалогіі, выступіла ў Віцебску з лекцыяй, прысвечанай спадчыне Ігната Абдзіраловіча.

Чаму нам здаецца, што Ігнат Абдзіраловіч, пішучы блізу 100 гадоў таму, глядзеў наўпрост у наш час? Ці то беларусы вось толькі цяпер даспелі да панадчасавага сумоўя з ім, ці то гэта панадчасавая Беларусь зводзіць сваіх творцаў у вольным сумоўі — і вось мы несвядома апынуліся з ім твар у твар ды мусім цяпер ацаніць свае чыны, жаданні, ідэі ды мроі паводле ягонай шкалы каштоўнасцей?

Антон Луцкевіч казаў пра Абдзіраловіча: «Быццам дыямент цудоўны, дзіўным хараством гарэла яго душа сярод жыццёвага бруду, маны, крывадушнасці». І вось цяпер мы глядзім на сябе, на сваё жыццё, на сваю краіну скрозь гэты дыямент. Мы ўслухоўваемся ў ягоныя словы — і чуем, як пульсуе, яшчэ не народжаная, але ўжо памысленая, нашая супольная будучыня, дзе свабода асобы вынікае з неад’емнага права і патрэбы няспыннай творчасці, з безумоўнай павагі да пошуку і самапраяваў іншых, а свабода краіны і развіццё грамадства непазбежна вынікаюць з супольнага выбару людзей.

«Жыццё поўна нядолі, бо мы не ўмеем быць тварцамі. <...> Усе дэмакратычныя вольнасці здратованы дэмакратычнымі ўрадамі. <...> Запеўніць магчымасць грамадзянскай творчасці мы можам толькі ў разе адсутнасці перш на перш чужынскага прымусу. З гэтага выплывае падстава да неабходнасці палітычнай незалежнасці як першая падстава для народа быць самім сабой, <...> а не куртатай палітычнай незалежнасці пад ласкай сімпатычных суседзей. <...>

Разам з беларушчынай мы трацім і лепшую частку чалавечнасці. <...> Жыццё такое вялікае і яшчэ незразумелае, што не можа быць штампаваных, для ўсіх абавязковых, шляхоў. <...>

Чым слабей развіта духовасць чалавека, тым большую вагу набірае форма: звычай, дагмат, дактрына, незразумелы лозунг. <...> Патрэбна ліючаяся, зменная, заўсёды адпаведная жыццёвым праявам форма. <...> Хай не будзе для чалавека нічога нярухомага, святога: ні дактрын, хаваючых усё жыццё ў труну выразнай формы, ні зацверджанай маралі на кожны дзень і гадзіну. <...> Душа чалавечая, што прыходзіць у свет падзівіцца з яго хараства, павінна чуць сваё права жыць і тварыць, як кажа яе сумленне. <...>

Чалавечнасць адносін паміж асобнымі адзінкамі — неабходная падстова згоды агулу. <...>

Творачы — зруйнуем».

Цыкл лекцый, прысвечаны спадчыне Ігната Абдзіраловіча, ладзіць Лятучы ўніверсітэт пры падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і курсаў беларускай мовы «Мова Нанова».

UPD.: Сваімі думкамі ў межах цыкла лекцый, прысвечаных спадчыне Ігната Абдзіраловіча, падзяліліся: Павел Баркоўскі — у ГародніІгар Бабкоў — у ГомеліВалянцін Акудовіч — у МагілёвеМіхаіл Баярын — у Маладзечне і Сяргей ДубавецБабруйску. Цыкл завяршыла публічная дыскусія.

Відэазапіс лекцыі:


Другие публикации