Павел Данэйка: Для таго, каб стварыць іншую сістэму, трэба змяніць каштоўнасці (Відэа)

30.05.2016
Яўгенія Бурштын, Слуэба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

У якую будучыню коціцца свет? Генеральны дырэктар бізнес-школы ІПМ лічыць, што назад — у «сярэднявечча».

Чаго не было ў Рабінзона Круза?

Лакальнасць, кастамізацыя, вялікі разрыў паміж нешматлікай элітай і астатнім народам — тое, што характарызуе «цёмную эпоху», і тое, што чакае нас наперадзе. Пра гэта Павел Данэйка разважаў падчас публічнай лекцыі ў межах цыкла «Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні», які супольна лядзяць Лятучы ўніверсіэт і Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі.

Гаворку гендырэктар бізнес-школы ІПМ пачаў здалёк — з транзакцыйных выдаткаў. Калі патлумачыць гэты тэрмін зусім проста, ён азначае ўсе тыя «выдаткі, якіх не было ў Рабінзона Круза». У героя рамана Дэфо, як вядома, не было людзей:

«Наймаючы людзей на працу, мы павінны заключыць кантракт. Мая мара — каб чалавек шмат працаваў, а я яму нічога не плаціў. Яго мара — каб я яму шмат плаціў, а ён нічога не рабіў. Мы дзесьці згандляваліся пасярэдзіне. Пасля заключэння кантракта яго трэба кантраляваць — гэта выдаткі на пошук інфармацыі, адсочванне сітуацыі, страхавыя ўнёскі».

Ёсць яшчэ і вытворчыя выдаткі, якія складаюцца з энергетычнай і вытворчай сістэм. Яны таксама характарызуюцца лакальнасцю і глабальнасцю. Пры сярэднявечным феадалізме ўсё неабходнае для жыцця выраблялася на месцы, міжнародны гандаль складаўся, у асноўным, з прадметаў раскошы. Аснову энергетыкі пры феадалізме складалі млыны, дровы — яна была таксама лакальнай і, як модна казаць сёння, «зялёнай». Да глабалізацыі ў гэтай сферы прывёў ужо капіталізм.

Але вернемся да транзакцыйных выдаткаў. Развіццё Інтэрнэта значна паспрыяла іх зніжэнню. І гэта, на думку Паўла Данэйкі, вядзе да таго, што ўсё патаннее, усе вытворцы будуць абслугоўваць персанальна вас і рэзка ўзрасце бяспека. Магчымасць аб’ядноўвацца ў суполкі і рабіць сумесныя пакупкі, а таксама краўд-эканоміка спрыяюць зніжэнню цэн. А вось дыстрыб’юцыя памрэ ці трансфармуецца ў нешта іншае. Сучасная сітуацыя вымагае адмаўляцца ад пасярэднікаў паміж вытворцам і спажыўцом:

«Я гадоў 20 быў старшынёй назіральнай рады «Мілавіцы», і ў перадкрызісным 2008 годзе яна была другой па прыбытковасці (аддачы на капітал) кампаніяй у свеце. Першай была маленькая брусельская кампанія. У «Мілавіцы» было 40 адрасоў адгрузкі ў Расіі, адкуль дыстрыб’ютары прадаюць прадукцыю. У брусельскай кампаніі 1500 адрасоў адгрузкі, яны пастаўляюць тавар наўпрост у крамы. Дыстрыб’ютары забіралі сабе 20%. Гэтыя ланцужкі будуць скарачацца, бо транзакцыйныя выдаткі таксама скарачаюцца, спрашчаецца лагістыка», — тлумачыць Павел Данэйка.

«Як толькі ў нас узнікне рай, мы проста вымрам»

«Мяне заўсёды цікавілі сацыя-біялагічныя эксперыменты. Адным з піянераў гэтай справы быў Ілля Прыгожын, нобелеўскі лаўрэат па тэрмадынаміцы і рэктар Брусельскага ўніверсітэта. Ён вывучаў калектыўных насякомых, у прыватнасці, мурашоў. І звярнуў увагу, што сярод рабочых мурашоў ёсць лайдакі і працавітыя. Іх пэўным чынам пазначылі і падзялілі мурашнік на дзве часткі. І ў той жа прапорцыі ў кожнай з частак вылучылася група працавітых і лянівых мурашоў. Соцыум устойлівы, калі мае розныя ролі», — падсумоўвае выступоўца.

На яго думку, ёсць жорсткія правілы існавання соцыума, і ідэя Бога і д’ябла адлюстроўвае разуменне нашымі продкамі таго, што гэтыя правілы існуюць. Барацьба за лідарства і выжыванне застанецца і ў будучыні:

«Як толькі ў нас узнікне рай, мы проста вымрам», — перакананы Павел Данэйка.

З вобласці пакуль, здаецца, фантастыкі, але хто ведае? Ужо ў нашым стагоддзі большая частка насельніцтва будзе жыць да 100 (а то і 200) гадоў. Праўда, ніякая пенсійная сістэма не вытрымае такога доўгажыхарства.

Ну і якія размовы пра будучыню без згадвання славутых 3D-прынтараў? Па словах лектара, ужо праз 5-10 год гэтыя прылады будуць звыклай з’явай для нас. Фабрыка ствараецца для вытворчасці аднаго прадукта, а ЗD-прынтар дазваляе выпускаць абсалютна розную прадукцыю з аднаго матэрыялу:

«Узгадайце Інтэрнэт 1995 года. Была тэхналогія, але мы яшчэ не ўмелі яе выкарытоўваць. Патрэбны час, каб адаптаваць і пераўтварыць яе ў працоўную. Аўтар аднаго з артыкулаў сказаў, што ЗD-прынтар сёння — гэта як Інтэрнэт у 1995-м».

«Рынкавую эканоміку ствараюць людзі з высокім узроўнем даверу»

На думку Паўла Данэйкі, значнасць лакальнасці з часам будзе ўзрастаць, таму непазбежны канфлікт паміж цэнтральным апаратам і лакальнымі супольнасцямі. А наколькі беларусы змогуць упісацца ў гэты «лакальны свет»?

«Ёсць адна праблема — узровень даверу паміж людзьмі. Калісьці ў 1990-х здавалася, што рэцэпт трансфармацыі сістэмы просты: мы робім прыватызацыю, здымаем усе бар’еры, абмежаванні — наперад! Але што рабілі рабы, калі паўставалі? Яны аднаўлялі тую ж сістэму. Для таго, каб стварыць іншую сістэму, трэба змяніць сістэму каштоўнасцей. І адным з важных паказчыкаў з’яўляецца ўзровень даверу паміж людзьмі», — зазначае лектар.

Па яго словах, мы жылі ў сацыялістычным грамадстве, «дзе квітнеў дзікі індывідуалізм, але нам увесь час казалі, што мы калектывісты». Усё жыццё трэба было хадзіць шыхтом і галасаваць аднагалосна. У сучасным свеце трэба ўмець хутка аб’яднацца, дамовіцца і пачаць дзейнічаць — і без даверу тут нікуды. І калі даведацца, што самы высокі ўзровень даверу ў скандынаваў, швейцарцаў, англасаксаў, становіцца зразумелым іх дабрабыт. Ідэя простая: каб дасягнуць індывідуальных мэтаў, трэба аб’яднацца:

«Рынкавую эканоміку ствараюць людзі з высокім узроўнем даверу», — дадае генеральны дырэктар бізнес-школы ІПМ.

Напрыканцы сустрэчы Павел Данэйка паразважаў над тым, хто стане новай элітай у будучыні. На яго думку, гэта будуць цікаўныя людзі, якім хочацца працаваць з інфармацыяй:

«Гэта не айцішнікі. У маім разуменні, гэтай элітай стануць тыя, хто будзе працаваць нават тады, калі для матэрыяльнага забеспячэння працаваць не трэба».

Відэазапіс лекцыі:

У межах цыкла публічных лекцый «Уяўляючы Беларусь» выступілі з прамовамі:


Другие публикации