Алег Дзярновіч: Першая жанчына-хірург беларуская князёўна Вера Гедройц (Відэа)

29.07.2016
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Гісторыя нетрывіяльнага жыцця ўраджэнкі беларускага роду вартая цэлага прыгодніцкага раману.

Лёсам гэтай жанчыны даволі выпадкова зацікавіўся гісторык Алег Дзярновіч. Паўтара года таму ў Нацыянальнай бібліятэцы яму трапіла ў рукі доктарская дысертацыя па медыцыне, абароненая ў 1912 годзе пры Маскоўскім універсітэце, якая мела назву «Аддаленыя вынікі аперацыі пахвінных грыж». Аўтар дысертацыі, доктар медыцыны, сярод іншага, выказвае сваё бачанне на «варты жалю» стан гэтай галіны (і хіургіі, у прыватнасці) у Сярэднявеччы. Паводле аўтара дысертацыі, медыкі ў XVI стагоддзі дзяліліся на два «лагеры»: «цырульнікі», якія мелі невысокую класіфікацыю і наўпрост ампутавалі тое, што пры іншым падыходзе можна было б вылечыць, а таксама тыя, хто, атрымаўшы выдатную адукацыю ў Падуі і Балоньі, не хацелі займацца медыцынай. У гэтым, уласна кажучы, і заключалася прэтэнзія дысертанта да апошніх.

Імя аўтара дысертацыі — Вера Гедройц, з тых самых Гедройцаў, што паходзяць з нашых земляў. У гэтай жанчыны абсалютна нестандартная біяграфія. Вера Гедройц нарадзілася ў Расіі, вучылася ў бранскай гімназіі. Вельмі рана ў яе праявілся цікаўнасць да медычных навук, але ў тагачаснай Расійскай імперыі рэалізаваць яе мроі аб медыцыне было не так проста. Таму ў 1894 годзе Вера заключае фіктыўны шлюб з расійскім афіцэрам Мікалаем Белазёравым і такім чынам атрымлівае пашпарт, што дае ёй магчымасць свабодна выязджаць за мяжу. І жанчына адпраўляецца ў Лазану да вядомага тагачаснага хірурга Цэзара Ру, вучыцца, працуе яго асістэнтам, нейкі час нават займае пасаду прыват-дацэнта ва ўніверсітэце.

Актыўны тэмперамент і левыя сімпатыі вяртаюць Веру Белазёраву ў перадрэвалюцыйную Расію, дзе жанчына пацвярджае свой дыплом у Маскоўскім універсітэце і скасоўвае фіктыўны шлюб, вяртаючы тытул князёўны Гедройц. Вера Гедройц становіцца першай жанчынай-хірургам у Расійскай імперыі.

«Яна ўвяла шмат інавацый у медыцынскую галіну, рабіла паласныя аперацыі, брала ўдзел у расійска-японскай вайне, падчас якой стварала палявыя шпіталі», — распавядае Алег Дзярновіч.

Жанчына-медык была заўважана царскім дваром і ўзначаліла палацавы Царскасельскі шпіталь. Такім чынам яна абслугоўвала ў тым ліку і царскую сям’ю і нават увайшла ў вельмі жорсткі канфлікт з царскім фаварытам Рыгорам Распуціным.

«Пазней у сваіх дзённіках яна з грэблівасцю апісвала яго брудныя космы валасоў, і ў мяне ёсць версія, чаму яна так да яго ставілася: яна лічыла сябе лепшым мужчынам за Распуціна», — заяўляе гісторык.

Па яго словах, ёсць дзіцячыя ўспаміны Веры Гедройц, якія дапамагаюць зразумець яе асобу. Праз гэтыя ўспаміны лейтматывам праходзіць тэма хлапечага каптанчыка, які апранала падчас гульняў у бацькоўскім доме маленькая Вера. У гульнях са сваім братам Сяргеем Вера заўсёды імкнулася выконваць ролю хлопчыка.

Відавочна, што яна была вельмі блізка звязаная з братам. Калі ён раптоўна памёр у 1910 годзе, для Веры адбылася асабістая трагедыя. У гэты час яна выступіла ў расійскім літаратурным руху пад псеўданімам Сяргей Гедройц.

Калі пачалася Першая сусветная вайна, Вера знаходзілася на пасадзе галоўнага лекара палацавага шпіталю. З тых часоў захавалася багатая калекцыя здымкаў, дзе яна навучае царскіх дочак аказанню першай медычнай дапамогі ці дзе яны асістуюць ёй падчас аперацый.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі Вера Гедройц вымушана была пакінуць Пецярбург праз пераслед камісараў Часовага ўраду, бо была набліжаная да царскай сям’і. Жанчына адпраўляецца на фронт у Кіеў. Там у 1923 годзе яна становіцца прафесарам медыцыны, а ў 1929-м — загадчыцай кафедры на факультэце хірургіі Кіеўскага медінстытута.

Неўзабаве Вера знаёміцца з графіняй Марыяй Нірад і стварае з ёй лесбійскую сям’ю. У тагачасным Савецкім Саюзе гэта было цалкам рэальна, бо савецкая ўлада ішла шляхам ліквідацыі інстытута сям’і. Паводле ўспамінаў кіеўскага часу, Вера была вялікай і грузнай, апраналася па-мужчынску: насіла пінжакі, гальштукі, мужчынскія капелюшы, стрыглася каротка. Пра сябе казала ў мужчынскім родзе: «я пайшоў», «я апераваў», «я сказаў». Дзеці Марыі Нірад ад першага шлюбу жылі разам з імі і адчувалі відавочную непрыхільнасць да Гедройц.

У апошнія гады кіеўскага перыяду жанчына-хірург перайшла ад паласных аперацый да аперавання раку. Яна не падтрымлівала віруснае паходжанне гэтай хваробы, а лічыла яе прычынай паталагічны рост парэшткавых зародышавых клетак. Але злая іронія лёсу: хвароба, з якой яна змагалася хірургічным нажом і пяром навукоўца, жорстка адпомсціла Веры Гедройц. У 1932 годзе ў яе быў дыягнаставаны рак на апошняй ступені і яна пайшла з жыцця. Пахавалі жанчыну-медыка ў Кіеве, і яшчэ доўга ўдзячныя пацыенты прыходзілі на яе магілу.

Відэазапіс адкрытай кафедры Алега Дзярновіча:

Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»


Другие публикации