Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў лётаў у Варшаву на канферэнцыю «пра новую візію Еўропы»

01.09.2016
Дзмітры Гурневіч, Радыё «Свабода»

Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віктар Гумінскі прыняў удзел у міжнароднай канферэнцыі парламентаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы «Салідарнасць і суверэнітэт».

Сустрэча праходзіла ў Варшаве 30-31 жніўня. У ёй узялі ўдзел прадстаўнікі 12 парламентаў рэгіёна. Апрача Беларусі, гэта Польшча, Арменія, Азербайджан, Боснія і Герцэгавіна, Грузія, Чарнагорыя, Македонія, Малдова, Сербія, Украіна і Турцыя.

Галоўнымі тэмамі канферэнцыі — новая рэгіянальная супраца краін Цэнтральна-еўрапейскага рэгіёна і ўмацаванне шматбаковай супрацы нацыянальных парламентаў у рэгіёне.

Імпульсам для арганізацыі канферэнцыі стала дэкларацыя «Еўропа салідарных дзяржаў», якую атрымалі ўсе кіраўнікі нацыянальных парламентаў у Еўропе, у тым ліку і беларускай Палаты прадстаўнікоў.

У ёй, сярод іншага, гаворыцца:

«Салідарнасць роўных, свабодных і суверэнных народаў, мір і супраца з суседзямі, дэмакратыя — павінны быць фундаментам суіснавання еўрапейскіх дзяржаў. Прыйшоў час, каб добры досвед з дзеянняў НАТА і еўрапейскіх супольнасцей былі выкарыстаны сёння ў Еўропе. Краіны Цэнтральнай Еўропы, якія далучыліся да структур дэмакратычнага Захаду пасля распаду савецкага блоку, звязвалі вялікія надзеі, у прыватнасці, з ЕС. Але яны ў вялікай меры застаюцца няспоўненымі».

Польскі бок, які арганізаваў сустрэчу, прапанаваў падчас канферэнцыі распачаць дыскусію пра новую канцэпцыю Еўропы паводле формулы «свабодныя са свабоднымі, роўныя з роўнымі».

На сустрэчы спікер польскага Сейма Марэк Кухціньскі абвясціў ідэю стварэння форума міжпарламенцкай дыскусіі наконт будучыні кантынента, у якім удзельнічалі б дзяржавы Цэнтральна-Усходняй Еўропы, незалежна ад іх прыналежнасці да ЕС і Паўночнаатлантычнага альянса.

Што азначае ўдзел такога чыноўніка з Беларусі ў міжнароднай канферэнцыі ў Польшчы? Карэспандэнту «Свабоды» пракаментаваў сітуацыю палітолаг Андрэй Ягораў:

«Мы крыху забываемся з-за таго перыяда дастаткова доўгай адсутнасці кантактаў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, што час ад часу беларускія чыноўнікі бываюць на розных міжнародных канферэнцыях. Напрыклад, па запрашэнні АБСЕ. А любыя пацяпленні адносін выклікаюць інтэнсіфікацыю візітаў як вышэйшых еўрапейскіх чыноўнікаў сюды, так і нашых чыноўнікаў туды. Апроч таго, тое, што цяпер адбываецца, не з’яўляецца вельмі афіцыйным. Гэта паўафіцыйныя кантакты. Гэта не афіцыйны візіт прадстаўніка беларускага парламента ў Польшчу. Таму я не перабольшваў бы статус гэтага візіта. І на падставе вось такіх кантактаў нельга казаць пра легітымацыю з боку еўрапейцаў беларускага парламента. Тым не менш, Польшча цяпер імкнецца ўсталяваць больш шчыльныя кантакты з афіцыйнымі беларускімі ўладамі і, у пэўным сэнсе, выступаць пасярэднікам паміж Беларуссю і ЕС. Але прыкладна тое ж самае было і ў папярэднюю хвалю пацяплення 2008-2010 гадоў».


Другие публикации