Беларускі калегіум: жывое даследванне, вольнае мысленне і свабодная творчасць (Фота)

21.09.2016
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», фота — аўтара

19 верасня ў Мінску адбылася прэзентацыя найстарэйшай у Беларусі нефармальнай адукацыйнай і інтэлектуальнай прасторы.

Амаль 20 гадоў таму, у 1997 годзе, стваралінікі Беларускага калегіума ўзялі за мэту скансалідаваць інтэлектуальныя сілы краіны дзеля таго, каб перадусім зразумець, кім мы ёсць у свеце і чым ёсць свет, у якім мы сябе знаходзім. І да сёй пары Калегіум трымае і пашырае дыскурс беларускага мыслення.

Спосабы і формы працы ўвесь час мяняюцца, але нязменнаю застаецца мэта: у супольнай мыследзейнасці выкладчыкаў і студэнтаў прадукаваць новую веду дзеля перастварэння Беларусі ў прастору вольнага мыслення і свабоднай творчасці.

«Цягам 15 гадоў Беларускі калегіум быў ці не адзінай арганізаванай інтэлектуальнай прасторай. Ён засноўваўся перш-наперш як месца, дзе могуць збірацца і развівацца інтэлектуалы, ствараючы інтэлектуальную супольнасць. Яго засноўвалі мысляры пераважна дзеля мысляроў», — распавяла Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» акадэмічны дырэктар Беларускага калегіума Ірына Дубянецкая.

Ірына Дубянецкая і Уладзімір Мацкевіч

Бацькамі-заснавальнікамі Калегіума былі Алесь Анціпенка, Ігар Бабкоў, Валянцін Акудовіч, Захар Шыбека. У Нагляднай Радзе-кураторыуме, які існуе і дагэтуль, былі такія сусветна вядомыя постаці — такія, як Ежы Гедройц з Парыжу, айцец Аляксандр Надсан з Лондану, вядомыя беларускія інтэлектуалы Анатоль Грыцкевіч, Яўген Грушавы і многія іншыя.

Па словах Ірыны Дубянецкай, у Калегіум у якасці адукацыйнага адразу было закладзена філасофскае вымярэнне:

«Найперш стваралася форма абсалютнай свабоды мыслення, не абмежаванай цэнзурай, да якой Беларусь вельмі моцна прызвычаілася за два з паловай стагоддзя, а таксама тымі абцугамі, якія скоўваюць вышэйшую адукацыю ў навучальных установах краіны і дагэтуль».

Беларускі калегіум — унікальная прастора, дзе знаўцы ў пэўнай галіне выкладаюць сваё жывое даследаванне, а слухачы маюць магчымасць даведацца, што насамрэч адбываецца як у навукова-інтэлектуальнай галіне, так і ў краіне.

На прэзентацыі «Беларускі калегіум як інтэлектуальная прастора» ў межах Тыдня беларускага мыслення сабралася толькі невялікая часта выкладчыцкага корпуса. Але яны склалі цэлае сузор’е беларускіх мысляроў і творцаў. Паэт Алесь Разанаў, якога Ірына Дубянецкая назвала «талісманам Беларускага калегіума», прачытаў свой неўміручы тэкст «Слова пра спадчыну», які ўпершыню прагучаў у 1997 годзе ў музеі Максіма Багдановіча падчас абвяшчэння аб стварэнні Калегіума.

Алесь Разанаў

Выкладчык беларускай літаратуры ў глабальным кантэксце Альгерд Бахарэвіч зазначыў, што падчас заняткаў спрабуе паглядзець на сваіх улюбёных замежных пісьменнікаў — Франца Кафку, Джэймса Джойса і Уладзіміра Набокава — з беларускага пункту гледжання, а таксама зразумець, кім з’яўляюцца беларускія літаратары Вячаслаў Адамчык, Міхась Стральцоў і Андрэй Мрый у заходнім кантэксце:

«Чалавек, які прыходзіць у Беларускі калегіум, атрымлівае магчымасць дыскутаваць і думаць», — падкрэсліў Альгерд Бахарэвіч.

Злева — направа: Альгерд Бахарэвіч, Вольга Шпарага, Адам Глобус і Андрэй Казакевіч

Гэта прапануе і філосаф Вольга Шпарага, якая імкнецца крытычна ставіцца да класікаў і спрачацца з імі. Філосаф і літаратар, нязменны кіраўнік аддзялення філасофіі і літаратуры ў Беларускім калегіуме Валянцін Акудовіч зазначыў, што ўжо праз тры месяцы свайго існавання Калегіум распачаў цыкл штотыднёвых публічных лекцый, якія праходзілі цягам трох гадоў, пакуль улады не палічылі гэта небяспечным і не пазбавілі Калегіум памяшканняў для лекцый:

«Тут класна! Дзе яшчэ вы сустрэнеце такія райскія кушчы?», — справядліва зазначыў Акудовіч.

Злева — направа: Валянцін Акудовіч, Алесь Разанаў і Уладзімір Мацкевіч

Мастак і пісьменнік Адам Глобус прапануе сваім студэнтам на выбар вучыцца складаць японскія вершы хайку, альбо пісаць «татальны раман», які прынясе мільён даляраў.

Адам Глобус

Філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч прызнаўся, што заснаваны ім Лятучы ўніверсітэт — гэта «пародыя на Беларускі калегіум», якая, праўда, паўстала з незадавальнення Калегіумам:

«Калі ў краіне існуе прызнаная грунтоўная філасофская школа, гэта яшчэ не значыць, што ў ёй ёсць філасофія. А калі ёсць амаль супрацьлеглае стаўленне да таго, чым ёсць беларускае мысленне, — гэта ўжо сведчыць пра яго наяўнасць», — патлумачыў Уладзімір Мацкевіч.

Па яго словах, у нас ёсць велізарны патэнцыял, які мы не выкарыстоўваем, бо няма камунікацыі паміж рознымі асяродкамі. І Тыдзень беларускага мыслення якраз і быў задуманы, каб прад’явіць грамадскасці і адно адному тое, што мы маем.

Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч стварыў у Калегіуме перакладніцкую майстэрню, якая выхавала многія пакаленні. Знакаміты часопіс беларускіх перакладаў «Прайдзісвет» нарадзіўся менавіта там.

Андрэй Хадановіч

Адміністрацыйны дырэктар Беларускага калегіума Андрэй Казакевіч некалі сам скончыў аддзяленне філасофіі і літаратуры ў Калегіуме, але цяпер яго цікаўнасць складае палітычная сфера, і сваю місію ў інтэлектуальнай прасторы Андрэй Казакевіч бачыць у тым, каб сабраць разам людзей, якія даследуюць гэтую тэму, у праватнасці, на курсе еўрапеістыкі.

Злева — направа: Андрэй Казакевіч, Валянцін Акудовіч, Алесь Разанаў і Уладзімір Мацкевіч

Навучальны год у Беларускім калегіуме распачнецца напрыканцы кастрычніка, інфармацыя пра набор на курсы, з’явяцца на сайце ўстановы ўжо ў гэтым месяцы. Сачыце за абвесткамі!


Другие публикации