25 верасня — урачыстае закрыццё Тыдня беларускага мыслення

25.09.2016
Лятучы ўніверсітэт

Сёння — заключны дзень Тыдня беларускага мыслення, падчас якога адбудзецца яшчэ цэлы вір падзей.

Цэлы тыдзень з 19 па 25 верасня ва ўсіх ахвотных была магчымасць не проста хадзіць на лекцыі, дыскусіі ды іншыя імпрэзы, якія складаюцца ў агульную праграму Тыдня беларускага мыслення, але займацца мысленнем «тут і цяпер», прымаць у ім непасрэдны ўдзел ці хаця б проста назіраць за гэтым неверагодным працэсам, з’явай збоку. Гэта заўжды і весела, і сумна, і проста, і складана, і прыемна, і не вельмі прыемна, але любая добрая праца патрабуе і таго, каб яна была добра скончаная.

Мы прапануем завяршыць Тыдзень разам з намі: з яго арганізатарамі, валанцёрамі, удзельнікамі і гасцямі.

Мы падвядзем вынікі Тыдня, узгадаем, што адбывалася, распавядзем пра тое, што вы, магчыма, прапусцілі альбо не заўважылі. Сваімі ўражаннямі і ацэнкамі Тыдня бларускага мыслення падзеляцца розныя яго «героі».

Падчас закрыцця Тыдня мы нарэшце распавядзем, хто перамог у конкурсе эсэ «Інтэлектуальная спадчына Беларусі: постаці, ідэі і кантэксты», і будзем разам узнагароджваць і віншаваць гэтых людзей.

Удзел у імпрэзе возьмуць Улад Вялічка, Уладзімір Мацкевіч, Валянцін Акудовіч, Ірына Дубянецкая, Тацяна Вадалажская, Міхаіл Баярын, аўтары эсэ, якія ўвайшлі ў шорт-ліст конкурсу, ды іншыя цікавыя людзі.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Беларускае мысленне жыве і праяўляецца не толькі і не столькі ў навуцы, але і ў іншых сферах: музыцы, эканоміцы, дызайне, палітыцы, культуры і г.д.

Таму для закрыцця Тыдня мы запрасілі грамадскага і культурнага дзеяча, паэта і пісьменніка, мастака і рок-музыканта «старых традыцый». І ўсё гэта спалучае ў сабе адзін чалавек.

Можаце паспрабаваць здагадацца, хто гэта, самастойна або выпытаць у арганізатараў, а можаце проста даверыцца нашаму выбару і 25 верасня ў 19.00 прыходзіць у прастору «Корпус8» (Мінск, прасп. Машэрава, 9) і атрымліваць асалоду ад падзеі!

Праграма апошняга дня Тыдня беларусага мыслення:

14.00-16.00 — Мінск, прастора «Корпус8» (прасп. Машэрава, 9) — Публічная дыскусія «Беларускія гістарычныя часопісы: падсумаванне здабыткаў і роздум пра будучыню». Удзельнікі: Генадзь Сагановіч, Алесь Смалянчук, Алесь Пашкевіч. Мадэратар — Аляксей Ластоўскі.

16.00-18.00 — Мінск, Бізнес-клуб «Imaguru» (вул. Фабрыцыуса, 4) — Публічная лекцыя Аляксандра Скарабагатава «Галоўныя адкрыцці біялогіі за апошнія 10 гадоў».

16.30-18.30 — Мінск, прастора «Корпус8» (прасп. Машэрава, 9) — Дыскусія на падставе Анталогіі беларускага мыслення «Код прысутнасці»: «Беларускае мысленне: quo vadis?». Запрошаныя да ўдзелу: Таццяна Шчытцова, Ігар Бабкоў, Павел Баркоўскі, Міхаіл Баярын. Мадэратар — Таццяна Вадалажская.

19.00-21.00 — Мінск, прастора «Корпус8» (прасп. Машэрава, 9) — Узнагароджванне пераможцаў конкурса эсэ «Інтэлектуальная спадчына Беларусі: постаці, ідэі і кантэксты».

21.00 — Мінск, прастора «Корпус8» (прасп. Машэрава, 9)Закрыццё Тыдня беларускага мыслення. Урачысты канцэрт.


Другие публикации