Феномен вышыванкі: мода, нацыянальная ідэнтычнасць ці палітыка? (Фота)

27.09.2016
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», фота — аўтара

Гэтая рэч заваявала прыхільнасць соцень беларусаў, і ў той жа час паўстала армія ненавіснікаў вышыванкі. Чаму яна выклікае такія жарсці?

Беларусы досыць прыхільна ставяцца да вырабаў з арнаментам. Даследванні спажывецкіх брэндаў, якія ўжываюць на ўпакоўках сваёй прадукцыі арнамент, сведчаць пра павелічэнне продажаў. Што стаіць за сучаснай модай на арнаменты і вышыванкі? Над гэтым пытаннем падчас Тыдня беларускага мыслення разважалі эксперты ў ходзе дыскусіі, арганізаванай Лятучым універсітэтам і грамадска-культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!».

Валер Булгакаў

На думку выдаўца Валера Булгакава, нацыянальная ідэнтычнасць не зводзіцца да сялянскай спадчыны, драўлянай архітэктуры і нацыянальных арнаментаў.

«На мой погляд, мала падстаў ганарыцца вышыванкай, якая ўсё больш і больш адваёўвае публічную прастору ці ўспрымаецца як выяўленне нацыянальнай свядомасці альбо беларускай нацыянальнай ідэі», — лічыць ён.

Валер Булгакаў і Алесь Белы

Даследчык і папулярызатар беларускай кухні Алесь Белы прапанаваў правесці мяжу паміж паняццямі «этнічны» і «нацыянальны».

«Азначэнне «нацыянальны» больш складанае. Існаванне нацыі звязваюць не з нейкімі этнаграфічнымі момантамі, элементы стварэння нацыі — кнігадрукаванне, універсітэты і г.д. Мы жывем у такой частцы свету, дзе напачатку ХХ стагоддзя ўтварылася шмат новых дзяржаў, якія за аснову сваёй ідэнтычнасці бралі этнаграфію, і ўсе яны ў пэўнай ступені «хварэюць» на гэты этнаграфізм, паступова яго больш-менш пераадольваючы. Беларусь у гэтым сэнсе — адна з самых запозненых краін», — мяркуе Алесь Белы.

Ён узгадвае канец 1980-х — пачатак 1990-х, калі ў нашай краіне таксама адбыўся «ўсплеск этнаграфізму», пакуль яго не «прыціснулі». Цяпер жа, у сувязі з пэўным ідэалагічным крызісам, у якасці кампрамісу зноў узнікае падобная мадэль.

«Абсалютна некарэктна, калі яе называюць «нацыянальнай», — перакананы эксперт.

Па яго словах, «уяўленая супольнасць людзей у вышыванках ствараюць клан, які ў іх падсвядомасці з’яўляецца адзіным легітымным на гэтай тэрыторыі, а ўсе астатнія — людзі з абмежаванымі грамадскімі і палітычнымі правамі».

У давяршэнне свайго спічу вышыванкі Алесь Белы назваў «уніформай гарадскіх ралевікоў», зазначыўшы, што ў вёсцы так ніхто не апранаецца.

Мікіта Броўка

«Як чалавек, які стаіць напачатку запуску моды на вышыванкі, я скажу — так, гэта мода, — гаворыць прадстаўнік крамы symbal.by Мікіта Броўка. — Але кожны чалавек, які сёння апранае вышыванку, паказвае сябе беларусам. Іншае пытанне — які гэта беларус. Не трэба ад такіх людзей патрабаваць высокай палітычнай адукацыі ці яшчэ чагосьці. Сёння вышыванка аб’ядноўвае людзей розных палітычных поглядаў, але для іх беларуская дзяржаўнасць, незалежнасць, мова, культура з’яўляюцца каштоўнасцямі».

«Я бачу, што вышыванка не толькі аб’ядноўвае, але ў чымсьці і расколвае беларусаў, — зазначае сацыёлаг Аляксей Ластоўскі. — Ужо ёсць дзве супольнасці: людзі, якія лічаць сябе беларусамі паводле нацыянальнай ідэнтычнасці і палітычных прыкметах, і людзі, якія пазначаюць сябе беларусамі, апранаючы вышыванку».

Аляксей Ластоўскі

Аляксей Ластоўскі мяркуе, што вышыванка не мае нічога супольнага ні з нацыянальным, ні з этнічным.

«Без палітычнага чынніка нацыяналізм не мае ніякага сэнсу. Але цяпер у нас няма палітыкі як такой, мы жывем у пустэчы, і тут узнікаюць вышыванкі, хутчэй, як культурная мода. Яна не патрабуе палітычнай актыўнасці, таму працінае ўсе сферы жыцця, і кожны можа апрануць вышыванку. Але якое гэта мае дачыненне да нацыянальнай ідэнтычнасці? На мой погляд — ніякага».

Па яго словах, «бум» вышыванкі — феномен кніжнай культуры і прыкмета «новых гарадскіх плямёнаў людзей, якія аб’ядноўваюцца паводле сімвалаў, тэрыторый і жыццядзейнасці на гэтых тэрыторыях».

Ірына Дубянецкая

Доктар філасофіі, доктар сакральнай тэалогіі, акадэмічны дырэктар Беларускага калегіума Ірына Дубянецкая зазначае, што пазначэнне свету арнаментамі — адна з нямногіх традыцый, якая не перарвалася з часоў неаліту.

«Напачатку 1990-х гадоў распрацоўвалі сучасную «мову» арнаментаў, якая б прамаўляла сучаснай свядомасцю», — зазначае яна. Ірына Дубянецкая мяркуе, што арнамент — вельмі важны чыннік лучнасці з сусветам.

Эксперты сыйшліся ў меркаванні, што цяпер «цэнтр беларускасці» перамясціўся ў горад, і вышыванкі, арнаменты, беларуская мова — ужо гарадская з’ява.

Вышыванка — досыць просты сродак, каб «стаць беларусам». Але ці прывядзе ён да ўсведамлення сябе, сваіх каранёў, палітычнай, літаратурнай, культурнай традыцыі — пакуль застаецца пытаннем.

Напрыканцы дыскусіі адбылося дэфіле ў вышыванках ад некаторых беларускіх вытворцаў.


Другие публикации