Приглашаем всех желающих заглянуть в ближайшее будущее Беларуси и обсудить перспективы развития страны, которые с высокой степенью вероятности развернутся перед нами уже в следующем году.
Зміцер Задорын: Што не так з Цэнтральнай плошчай Мінска? (Фота і відэа)
Эксперт называе яе «парокам сэрца» ў целе горада. Чаму Цэнтральнай (Кастрычніцкай) плошчы так і не ўдалося гарманічна ўпісацца ў сталічны ландшафт?
«Мінск — гэта чарада архітэктурных няўдач. І адна з самых галоўных праблем — Цэнтральная плошча», — безапеляцыйна заяўляе гісторык архітэктуры Зміцер Задорын. Яго адкрытая лекцыя «Цэнтральная плошча як парок сэрца ў целе Мінска» прайшла ў межах Тыдня беларускага мыслення.
У тэорыі савецкага горадабудаўніцтва горад быў арганізмам. У выпадку з Мінскам яго «сэрцам» павінна была стаць Цэнтральная (сёння Кастрычніцкая) плошча — бо знаходзіцца ў самым цэнтры горада. Але цягам свайго існавання яна так і не справілася са сваёй задачай — пампаваць «кроў» па целе сталіцы, у сэрцы выявіўся парок, які і цяпер застаецца балючым месцам горада.
«Я лічу, што Мінск з’явіўся ў 1944 годзе, — заявіў Зміцер Задорын. — Калі падчас Другой сусветнай вайны горад быў разбураны і за яго ўзяліся савецкія ўлады, яны вызначалі, што з гарадской спадчыны можна захаваць, а што нельга. Абсалютна відавочна: Мінск — пасляваенны савецкі горад».
Ёсць шмат крыніц, якія апавядаюць пра тое, як выбіралі месца для галоўнай плошчы Мінска. Пра гэта пісаў і галоўны архітэктар горада таго часу Ягораў, і гісторык архітэктуры з Масквы Шчыткоў. Выбіралі паводле некалькіх чыннікаў: геаметрычны цэнтр горада, блізкасць да гістарычнага цэнтра, магчымасць стварэння сувязяў з аддаленымі раёнамі і дамінаванне над далінай Свіслачы. Апроч таго, абраны раён для будучай Цэнтральнай плошчы быў максімальна разбураны падчас вайны. Хаця задумвалася Цэнтральная плошча яшчэ ў даваенны час, і меркавалася, што ёй стане сучасная плошча Незалежнасці. Кастрычніцкая ж тады, у 1941 годзе, называлася даволі сціпла: плошча ля дома ЦК КПБ. Тым не менш пасля вайны ў якасці галоўнай вызначылі менавіта яе.
У 1945 годзе адбыўся конкурс праектаў Цэнтральнай плошчы. Колькі праектаў на ім было прадстаўлена — дакладна невядома. У многіх з іх прасочвалася тэма адкрытасці да ракі, адрозніваўся хіба праект знакамітага Іосіфа Лангбарда, які вызначыў ад плошчы дзве восі, якія звязвалі яе з оперным тэатрам і плошчай Свабоды. Праўда, праз напружанне ў адносінах Лангбарда з уладамі яго праект шырока не дэманстравалі.
Пераможцаў у конкурсе не вызначылі, бо на той час не было яшчэ генеральнага плана горада, таму конкурс стаў своеасаблівым эксперыментам, каб зразумець, што можна зрабіць.
«Усе архітэктары ўяўлялі сабе Цэнтральную плошчу нейкіх касмічных памераў: ад 6 да 12 га (цяпер яна 3,5 га)», — зазначыў Зміцер Задорын.
Гэта бачна і на тагачасных планах: савецкі манументалізм праяўляўся не толькі ў збудаваннях, але і ў прасторах.
У 1948 годзе праводзілі другі конкурс, ужо закрыты. На той момант ужо быў гатовы інжынерны праект для праспекта і вызначаныя габарыты. Груба кажучы, плошчу заставалася «нанізаць» на артэрыю праспекта. Але тут паўстала іншая дылема: на галоўнай плошчы трэба пабудаваць галоўны будынак. Самым вялікім (і, адпаведна, галоўным) збудаваннем у той час быў Дом ураду. І калі ўзводзіць яшчэ больш маштабную пабудову на Цэнтральнай плошчы, не зусім зразумела, што з ёй рабіць. Адзіны дасканала вядомы крытэр — яна павінна была быць фонам для манумента Сталіну. З ім звязаная вядомая і сумная гісторыя. Помнік усталявалі ў верасні 1952 года, і прастаяў ён яшчэ 8 гадоў пасля смерці правадыра, да 1961 года. Прыкрасць у тым, што каб 10-метровы манумент выглядаў яшчэ больш уразліва, знеслі старажытны дамініканскі касцёл ХVІІ стагоддзя.
«Я не ўпэўнены, што яго аднаўленне — правільны шлях. Якасць — гэта асобнае пытанне. Апроч таго, там не будзе ніякай аўтэнтыкі, і касцёл будзе дзіўна глядзецца. З іншага боку — чаму б і не?», — разважае Зміцер Задорын, адказваючы на пытанне Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі».
Тое, што нешта з галоўнай плошчай ідзе не так, разумелі ўжо тады. З сярэдзіны 1950-х плошча проста ігнаруецца, хаця актыўна забудоўваецца непасрэдна праспект. Паралельна архітэктары б’юцца над ідэямі «галоўнага будынка». Так, у якасці яго меркавалі ўзвесці панарамны кінатэатр на 2,5 тысячы месцаў. Пасля ўзнікла ідэя кінаканцэртнай залы. Дарэчы, у гэтым цікава прасочваецца змена ідэалогіі: калі раней на галоўнай плошчы горада меркавалася ўзвесці галоўны адміністрацыйны будынак, то цяпер адбылася перафакусіроўка на грамадскую ўстанову. Да таго ж няма ўстойлівага месца для яго размяшчэння — яно мяняецца з праекта ў праект. Немалаважная і вышыня збудавання: яно ледзьве ўзвышаецца над асноўнай забудовай горада — і гэта прынцыповы момант у архітэктуры 1960-х.
У другой палове 1960-х пытанне Цэнтральнай плошчы зноў становіцца актуальным. Пра гэта сведчыць генплан 1965 года, паводле якога прапаноўвалася пераарыентаваць цэнтр у папярэчным кірунку (у адрозненне ад ранейшага паралельнага восі праспекта плана развіцця). Цяпер асаблівае значэнне набываюць водна-зялёны дыяметр і перасячэнне, у цэнтры якога — Цэнтральная плошча.
Праўда, з 1968 года зноў адбываюцца дзіўныя рэчы. Праводзяць яшчэ адзін конкурс, у якім удзельнічаюць чатыры інстытуты. Тут ужо ўзнікаюць і высотныя акцэнты, і прывязка да плошчы Свабоды, і ідэя «ўніверсальнай залы» ў якасці галоўнага будынка... Але гэта не зрабілі.
У 1975 годзе немаведама для чаго выпісваюць усесаюзны конкурс на распрацоўку тэатра імя Янкі Купалы, які меркавалася зрабіць галоўным будынкам. Прыйшло больш за 70 заявак. Але праз год зразумелі, што праводзілі конкурс дарэмна. У 1980-1985 гадах на Цэнтральнай плошчы плануюць пабудаваць музей Леніна.
У 1984 годзе плошчу перайменавалі ў Кастрычніцкую, а ў 2000 годзе тут нарэшце з’явіўся галоўны будынак — Палац Рэспублікі. Праўда, завершанага выгляду пустэча Цэнтральнай плошчы так і не набыла...
«Самай абсурднай і наватарскай была б спроба разбурыць Палац Рэспублікі і паставіць на яго месцы сталінскую высотку. Магчыма, пройдзе некалькі гадоў, і мы зразумеем, што нам сапраўды патрэбна. Часам тактыка «нічога не рабіць» — найлепшы варыянт. Хаця я быў бы рады, калі б Цэнтральная плошча выглядала інакш».
Відэазапіс публічнай лекцыі:
Другие публикации
-
9 ноября в Минске — лекция и дискуссия «Человек и его границы: этическое усилие и культура»
В первый день работы форума о человеке, медицине и технологиях «Homo (Im)Perfectus» в минском Культ. центре «Корпус» философ и методолог Владимир Мацкевич выступит с открытой лекцией.
-
Новый онлайн-курс Летучего университета: «УНОВИС: витебская история мировой культуры»
На Дистанционной платформе Летучего университета появился новый курс, посвященный авангардному художественному объединению УНОВИС.
-
9-12 лістапада — Форум пра чалавека, медыцыну і тэхналогіі «Homo (Im)Perfectus: дзе пралягае мяжа?»
9-12 лістапада ў Мінску пройдзе форум пра чалавека, медыцыну і тэхналогіі «Homo (Im)Perfectus» — падзея аб тым, як біятэхналогіі змяняюць чалавека, культуру, грамадскія адносіны, сацыяльныя і этычныя нормы.
-
А1 и Летучий университет запускают курс про УНОВИС онлайн и на VOKA
В поддержку проекта #UNOVIS100 компания А1 и образовательная медиаплатформа «Летучий университет» подготовили бесплатный онлайн-курс «УНОВИС: витебская история мировой культуры».
Комментарии и дискуссии
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»