Інтэлектуальная думка як вынік рэжыма (Фота і відэа)

04.10.2016
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», фота — Алісы Ахрамовіч

Ці сапраўды мы жывем у кантэксце, дзе недастаткова, каб мысленне было і працавала — яно павінна яшчэ заявіць пра гэта?

Сёлета выйшла ўжо другая ў гісторыі незалежнай Беларусі Анталогія нацыянальнага мыслення. Гэтая падзея, як і Тыдзень беларускага мыслення, што праходзіў з 19 па 25 верасня, — своеасаблівыя пункты прыпынкаў нацыянальнай думкі, падчас якіх можна азірнуцца назад, падсумаваць назапашанае і паразважаць, куды ісці далей. Менавіта на апошнім пытанні засяродзіліся інтэлектуалы падчас заключнай дыскусіі Тыдня «Беларускае мысленне: quo vadis?».

Злева — направа: Игар Бабкоў, Таццяна Шчытцова, Міхаіл Баярын, Павел Баркоўскі і Таццяна Вадалажская

Доктар філасофскіх навук, прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Таццяна Шчытцова пачала з параўнання дзвюх анталогій:

«Асноўнае адрозненне заключаецца ў тым, што ў другім праекце не было разрыву паміж падборкай прапанаваных у кнізе тэкстаў і рыторыкай беларускага мыслення, якая суправаджала падрыхтоўку выдання».

Спецыфіку новай рыторыкі Таццяна Шчытцова назвала «інклюзіўнай» у тым сэнсе, што цяпер беларускае мысленне паўстае як штосьці шматпалярнае, шматаспектнае і па-ранейшаму балючае датычна мовы. У адлегласці паміж першай і другой анталогіямі закладзены пэўны гістарычны досвед, вынікам якога стала правядзенне Тыдня беларускага мыслення.

Міхаіл Баярын (у цэнтры)

Філосаф, перакладчык, санскрытыст Міхаіл Баярын лічыць, што асаблівага разрыву паміж дзвюма анталогіямі няма, хоць таксама гаворыць пра гістарычнасць:

«З майго пункту гледжання, беларускае мысленне знаходзіцца ў такім гістарычным часе: паколькі яго мала, мы можам адсочваць яго гісторыю і нават паспрабаваць спрагназаваць, на якую радыкальна іншую ступень мы маглі б узняцца далей. Мысленне глабальнага свету, часткай якога мы з’яўляемся, — проста набор рэчаў, якія адбываюцца адначасова, беспарадак, дзе ўжо ніхто не спрабуе падзяліць яго на эпохі. І ўзнікае пытанне: як мы, жывучы ў сваім гістарычным часе, будуючы нацыю, ужываемся з усім астатнім светам, дзе гісторыя скасавана і знішчана?»

Ігар Бабкоў і Таццяна Шчытцова

«У мяне ўражанне, што, сапраўды, разрыву паміж дзвюма кнігамі няма, але ёсць пэўная нябачная сувязь паміж тым, што адбывалася, як пачатак і сканчэнне, — гаворыць філосаф, паэт, перакладчык Ігар Бабкоў. — Акт мыслення размяшчаецца не толькі ў саміх кнігах, а і вакол іх, і ў тым прамежку, напружанні, якое мы знаходзім паміж дзвюх выданняў».

На думку Ігара Бабкова, адбылася «ўнутраная гарманізацыя прасторы»: калі ў першай анталогіі відавочна стаяла задача паяднаць акадэмічны дыскурс з дыскурсам свабодных форм мыслення, то ў другой усё больш гарманічна.

«Мне здаецца, што пачатак беларускага мыслення быў звязаны з расчысткай прасторы. У гэтым сэнсе, тэкст Акудовіча «Разбурыць Парыж» вельмі сімптаматычны. Мы казалі пра дыктатуру цэнтра і перыферызацыю мыслення, і трэба было проста крышачку адсунуць у бакі акадэмічныя формы».

«Мы жывем у такім сацыяльна-палітычным і культурным кантэксце, дзе недастаткова, каб мысленне было і працавала — яно павінна яшчэ заявіць пра тое, што яно працуе», — зазначае Таццяна Шчытцова.

Магчыма, гэта звязана з «маладосцю» нашага мыслення, але найбольшае значэнне мае рэжым, у якім яно развіваецца.

Павел Баркоўскі (у цэнтры)

«Розніца паміж дзвюма анталогіямі меншая, чым магла б быць, — ацэньвае плён айчыннай інтэлектуальнай думкі філосаф Павел Баркоўскі. — Так ці інакш, другая анталогія рыхтавалася пад уплывам першай. Тое, што мы атрымалі напрыканцы — быў кампраміс паміж рэдакцыйнай радай».

Павел Баркоўскі вылучае некалькі тэндэнцый у развіцці беларускай думкі, і першая з іх — тое, што нам ужо не трэба так утрапёна даводзіць, што беларускае мысленне існуе. Другая — у тым, што мысленне пашырыла свае межы:

«Яно сапраўды знайшло сябе, «расчысціла прастору» і набыло свой змест — гэта і пытанні посткаланіяльнага стану, нацыятворчасці, метафізічныя пытанні», — падсумоўвае Павел Баркоўскі.

Відэазапіс публічнай дыскусіі:


Другие публикации