19 лістапада ў Гродна — сустрэча з філосафам Уладзімірам Мацкевічам

15.11.2016
Лятучы ўніверсітэт

19 лістапада 2016 года Лятучы ўніверсітэт, Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь» і этна-крама «Цудоўня» запрашаюць гарадзенцаў на сустрэчу з філосафам і метадолагам Уладзімірам Мацкевічам.

Падчас імпрэзы будуць прэзентаваныя выдавецкія праекты Года беларускага мыслення — Анталогія беларускага мыслення «Код прысутнасці» і зборнік «Цытуй сваё» , а таксама некаторыя ранейшыя выданні.

Ад невялічкіх цытат беларускіх мысляроў, мастакоў, культурных і грамадскіх дзеячоў да грунтоўных тэкстаў самых розных жанраў і стылей, што адлюстроўваюць інтэлектуальны пошук беларусаў за апошнія 15 гадоў, — разам з філосафам і метадолагам Уладзімірам Мацкевічам гарадзенцы будуць знаёміцца з аднымі з самых цікавых інтэлектуальных выдавецкіх праектаў 2016 года і разважаць пра сучаснае беларускае мысленне, яго стыль і адметнасць, герояў і знакавыя падзеі, асноўныя тэмы і праблемныя пытанні. Разам з Анталогіяй беларускага мыслення «Код прысутнасці» і зборнікам «Цытуй сваё» на адкрыцці кніжнай лаўкі ў этна-краме «Цудоўня» будуць прадстаўленыя і ранейшыя кнігі — як ўласна аўтарскія выданні, так і плён супольнай даследчыцкай працы разам з калегамі з Агенцтва гуманітарных тэхналогій.

Імпрэза адбудзецца 19 лістапада, у суботу, у межах адкдрыцця кніжнай лаўкі ў этна-краме «Цудоўня» (Гродна, вул. В. Траецкая, 14). Пачатак у 17.00. Запрашаем усіх зацікаўленых далучыцца да падзеі!

Увага!

Усе прэзентаваныя выданні ў гэты дзень можна будзе набыць у краме па спецыяльным кошце, а таксама атрымаць аўтограф Уладзіміра Мацкевіча.

Аўтары самых цікавых пытанняў атрымаюць ад філосафа ў падарунак зборнік «Цытуй сваё».


Другие публикации