500-годдзе беларускай ідэнтычнасці

16.01.2017
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Францыск Скарына стварыў магутны імпульс для фармавання сваёй краіны, але і да сёння распачаты першадрукаром працэс нацыятворчасці незавершаны.

Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» пабывала ў сталічным Палацы мастацтва, дзе 14 студзеня прайшоў Скарынаўскі форум з удзелам скарыназнаўцаў, гісторыкаў, мовазнаўцаў, літаратараў, мастакоў.

«Для кагосьці 2017-ы — год пеўня, а для нас, беларусаў, гэта год Скарыны і беларускай Бібліі», — зазначыў арганізатар форума, мастак Мікола Купава.

«Па вялікім рахунку, гэта год 500-годдзя беларускай ідэнтычнасці, — сказала доктар філасофіі, доктар сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая. — Францыск Скарына паставіў дату 6 жніўня 1517 года на сваю кнігу, якую выдаў у Празе. Даты на кнігах не ставілі ні да Скарыны, ні пасля — гэта не было прынята. Значыць, Скарына адразу зрабіў вельмі моцны пасыл, нейкую вестку, заключаную ў самой гэтай даце. 6 жніўня — адно з самых вялікіх хрысціянскіх нерухомых святаў года (што было выдатна прачытана ўсімі сучаснікамі Скарыны) — свята Перамянення. Такім чынам Скарына абвяшчае перамяненне, пачатак чагосьці новага, што ён тлумачыць у сваіх прадмовах».

Скарына робіць гэта для свайго народа ў той час, калі Біблія з’яўляецца падмуркавым тэкстам заходняй цывілізацыі і яшчэ практычна не перакладаецца на нацыянальныя мовы, звярнула ўвагу Ірына Дубянецкая. Скарына стварае магутны імпульс для фармавання сваёй краіны.

Доктар сакральнай тэалогіі распавяла, якое значэнне мелі пераклады Бібліі ў культуратворчым і нацыятворчым працэсах у Еўропе. Напрыклад, дзеля перакладаў на розныя мовы часта даводзілася вынаходзіць алфавіты для народнасцей, якія на іх размаўляюць. Грузіны і цяпер карыстаюцца тым самым алфавітам, прыдуманым менавіта дзеля перакладу Святога Пісання. Апроч таго, пераклады станавіліся падмуркам для кансалідацыі новых ідэнтычнасцей. І для Беларусі гэта асабліва важна, бо скарынаўскі пераклад быў першым аўтарскім перакладам, які апярэдзіў Марціна Лютара і іншых еўрапейскіх асветнікаў. Важна і тое, што, у адрозненне ад іншых, Скарына рабіў пераклады менавіта ў нацыятворчых мэтах, перакананая Ірына Дубянецкая.

Пасля Скарыны часткова Святое Пісанне перакладае Васіль Цяпінскі, але да канца ХVІІ стагоддзя прадаўжальнікаў гэтай справы ў Беларусі не знаходзіцца. А далей, па словах выступоўцы, адбываецца «цывілізацыйны кульбіт»: у ХVІІ стагоддзі да перакладу вяртаюцца, але за аснову для яго бяруць ужо польскі варыянт Святога Пісання. Скарына і яго паслядоўнікі забытыя.

Зноў перакладаць Біблію на беларускую спрабуюць цягам усяго ХХ стагоддзя, але бяда ў тым, што амаль ніводзін з перакладаў не робіцца з мовы арыгіналу, не даводзіцца да дасканаласці і не завяршаецца.

«З недаперакладзенай Бібліі вынікае недафармаваная свядомасць. Але на гэты цягнік мы ўжо спазніліся: цяпер Біблія ўжо не адыгрывае такой ролі. Аднак калі культура не засвоіла асноўны тэкст заходняй цывілізацыі, яна ніколі не зможа інтэгравацца ў гэтую цывілізацыю і будзе заставацца на выселках», — падсумавала Ірына Дубянецкая.

Акадэмік НАН Міхась Касцюк распавёў, што цікавасць да постаці Францыска Скарыны ўзрасла ў 1990-х, і працягваецца да сёння. Доктар Скарына стаў пачынальнікам не толькі беларускага, але і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.

«Нельга не падкрэсліць такую асаблівасць у жыцці і дзейнасці Скарыны, як еўрапейскі маштаб», — заўважыў акадэмік, апісваючы геаграфію лёсу першадрукара.

Нягледзячы на такі маштаб асобы і даследванні, мы ўсё яшчэ не ведаем ні дакладнай даты нараджэння, ні даты смерці асветніка, ні месца яго пахавання.

Пра скарынаўскую мову і пра тое, як чытаць творы Скарыны распавёў філолаг, перакладчык, літаратуразнаўца Лявон Баршчэўскі.

«Калі выдаліць з тэкстаў Скарыны царкоўнаславянізмы, то гэта мова, на якой гаварыў мой бацька і мая бабуля з Полацку», — заўважыў філолаг.

Падчас форума прагучалі выступы Адама Мальдзіса, Леаніда Лыча, Алеся Разанава, Алеся Жлуткі і іншых даследчыкаў. Першая імпрэза, прысвечаная 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, аказалася не надта шматлюднай, але ў нас наперадзе яшчэ цэлы год, каб працягнуць справу Скарыны і зацвердзіць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, годна адзначыўшы слаўную дату нашай гісторыі.


Другие публикации