Зварот БНП у сувязі з сітуацыяй будаўніцтва ў ахоўнай зоне ўрочышча Курапаты

27.02.2017
Беларуская нацыянальная платформа ФГС УП

27 лютага 2017 года Каардынацыйны камітэт Беларускай нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці выступіў са зваротам што да сітуацыі вакол будаўніцтва ў ахоўнай зоне ўрочышча Курапаты.

Зварот 

Каардынацыйнага камітэта 
Беларускай нацыянальнай платформы 
Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства 

«У сувязі з сітуацыяй будаўніцтва ў ахоўнай зоне ўрочышча Курапаты»

27 лютага 2017 года

З 17 лютага 2017 года ў ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты» пачалося будаўніцтва офіснага цэнтра. Будаўнічыя работы выконваюцца генпадрадчыкам ТАА «Белрэканструкцыя» па замове ТАА «КІПрэканструкцыя» і пачаты пры сумніўных, з юрыдычнага пункту гледжання, абставінах выдзялення ўчастка і распрацоўкі праекта, без праходжання праектам грамадскага абмеркавання і без адпаведнага ўзгаднення Міністэрства культуры. Факт будаўніцтва ў ахоўнай зоне ўрочышча Курапаты выклікаў рэзка негатыўную рэакцыю як мясцовых жыхароў бліжэйшых дамоў па вул. Мірашнічэнкі, так і шырокай грамадскасці г. Мінска і ў цэлым Рэспублікі Беларусь. Другі тыдзень грамадскія актывісты блакуюць спробы будаўнічых работ і нясуць кругласутачнае дзяжурства ў Курапатах.

Урочышча Курапаты мае вялікае сімвалічнае і гістарычнае значэнне для г. Мінска і ўсёй Беларусі як месца памяці ахвяр масавых палітычны рэпрэсій 1937—1940-х гадоў. Курапаты былі месцам расстрэлаў і пахаванняў дзясяткаў тысяч жыхароў Беларусі, рэпрэсаваных органамі НКУС. Любыя дзеянні, накіраваныя на грэбаванне гістарычнай памяццю і разбурэнне Мемарыяла як ў дадзеным выпадку, так і раней сустракалі рэзкую рэакцыю і супраціў з боку грамадскіх арганізацый і ініцыятыў, журналісцкай і акадэмічнай супольнасці, актыўных неабыякавых грамадзян нашай краіны.

Відавочна, што працяг будаўніцтва можа справакаваць далейшую эскалацыю канфлікта, рост сацыяльнай напружанасці і процістаянне розных груп насельніцтва. У актуальнай складанай эканамічнай і знешнепалітычнай сітуацыі такія дзеянні вядуць да ўзнікнення новых раздзяляльных ліній у грамадстве і нясуць істотную пагрозу сацыяльна-палітычнай стабільнасці.

Узнікшы канфлікт сведчыць аб істотных недахопах у дзеючай у г. Мінску сістэме прыняцця рашэнняў па выдзяленні пляцовак пад будаўніцтва, якія прымаюцца без належнай павагі да раней прынятых заканадаўчых норм і дэманструюць фармальны падыход да ўліку інтарэсаў мясцовых жыхароў.

Мы заклікаем да неадкладнага спынення будаўніцтва з мэтай ліквідацыі ўзнікшага супрацьстаяння і пачатку дыялогу аб далейшым лёсе вылучанага ўчастка. Мы таксама лічым, што як для вырашэння актуальнай сітуацыі, так і для таго, каб пазбегнуць паўторнага ўзнікнення падобных канфліктаў у будучыні, неабходны ўсебаковы ўлік інтарэсаў усіх зацікаўленых бакоў, а менавіта:

  • мясцовых жыхароў тэрыторый, якія забудоўваецца альбо рэканструююцца;
  • грамадскіх актывістаў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый;
  • экспертаў у галіне аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей, аховы аб'ектаў прыроды, экспертаў у галіне развіцця гарадскіх тэрыторый, гарадскога транспарту і г.д.;
  • гісторыкаў і даследчыкаў;
  • падрадчыка і заказчыка будаўніцтва;
  • мясцовых і нацыянальных органаў тэрытарыяльнай улады і прадстаўнікоў профільных міністэрстваў.

Мы перакананыя, што працоўныя механізмы ўзгаднення інтарэсаў і прыняцця рашэнняў у галіне развіцця гарадоў магчымыя і неабходныя. Толькі яны дазволяць знізіць нарастаючы за апошні час узровень канфліктнасці ў пытаннях гарадскога развіцця.

Са свайго боку мы гатовыя садзейнічаць выпрацоўцы і рэалізацыі падобных узгадняючых механізмаў.

Каардынацыйны камітэт Беларускай нацыянальнай платформы ФГС УП

Спампаваць дакумент 

Скачать документ 


Другие публикации