Журналістку EuroBelarus.Info будуць судзіць за ўдзел у мітынгу ў Курапатах

15.03.2017
Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Журналістку сайта EuroBelarus.Info Дзіяну Серадзюк выклікаюць у суд за ўдзел у мітынгу ў Курапатах 21 лютага 2017 года.

Паседжанне суда Першамайскага раёна Мінска адбудзецца 16 сакавіка ў 9.30 раніцы, паведамляе прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ).

Дзіяну Серадзюк вінавацяць у парушэнні арт. 23.34 (1) КоАП (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў).

«Адразу 8 чалавек па адной справе праходзяць, і ва ўсіх абвінавачванні пад капірку: «у складзе групы грамадзян, актыўна пікетавала, замінала будоўлі, выказвала сваё незадавальненне, вешала БЧБ-сцягі, ламала агароджу і кідалася пад тэхніку, на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі не рэагавала...», — распавядае Дыяна пра адміністрацыйную справу. — Пры тым, што супрацоўнікаў у форме там не было, пратакол ніхто не складаў. Сёння ў судзе, знаёмячыся са справай, убачыла, што я «адмовілася» падпісаць пратакол. Доказамі ў справе з’яўляюцца матэрыялы «Белсата», «Нашай Нівы», TUT.BY».

«Я знайшла матэрыял TUT.BY, які вёў тэкставую і відэатрансляцыю з акцыі, і там выдатна бачна, што я нічога падобнага не рабіла», — гаворыць журналістка.

Адзначым, журналістам цягам апошніх дзён прад’яўляюць абвінавачванні ў парушэнні арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў). Адпаведныя пратаколы, да прыкладу, былі складзеныя на журналістку-фрылансерку з Гомеля Ларысу Шчыракову. Таксама позву ў Цэнтральны РАУС Гомеля на 15 сакавіка атрымаў старшыня Гомельскай філіі ГА «БАЖ» Анатоль Гатоўчыц, які быў у Рагачове ад інфармацыйнай кампаніі БелаПАН падчас нядзельнай акцыі пратэсту. Яго выклікаюць у сувязі з адміністрацыйным парушэннем паводле арт. 23.34 КаАП.


Другие публикации