«Віншавальная рыторыка». На чым трымаецца «Саюзная дзяржава» сёння (Відэа)

02.04.2017
Ігар Кулей, Belsat.eu

На прыгожых заявах прэзідэнтаў і прэм’ераў. «Белсат» падводзіць вынікі 21-годдзя супольнасці.

Нягледзячы на тое, што ў гэты ўрачысты для прыхільнікаў саюза Беларусі і Расіі дзень — дваццацігоддзе інтэграцыі, лідэры абедзвюх краін не знайшлі часу для сустрэчы, пафасных заяваў усё ж прагучала не мала. Павіншавалі адзін аднаго Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка. Абмяняліся ветлівымі словамі Дзмітрый Мядзведзеў і Андрэй Кабякоў. Калі згадаць пра новы «ледавіковы перыяд» паміж Мінскам і Масквой, то словы пра павышэнне дабрабыту, незаменнасць гэтага саюза і пра навукова-тэхнічны прагрэс успрымаліся з іроніяй.

«Гэтая фэйкавая «Саюзная дзяржава» трымаецца толькі вось на такога кшталту публічных заявах аднаго кіраўніка, другога кіраўніка, — лічыць філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч. — Ну і тых, хто спрычыніўся да распілу грошай з бюджэту саюзнага праекта. Таму я б не ўспрымаў гэтых словаў сур’ёзна».

«Звычайная віншавальная рыторыка», — кажа Мацкевіч.

Сённяшні ўзровень таваразвароту паміж саюзнымі краінамі — такі ж, як і 10 гадоў таму. Амаль усе супольныя праекты ў стварэнні тэхналагічных прадуктаў — самалётаў, камп’ютараў, тэлевізараў, рухавікоў, тэлекамунікацыйнага абсталявання — пацярпелі паразу. Узаемныя наўпроставыя інвестыцыі зніжаюцца штогоду, а Еўразійскі банк развіцця кажа пра сталы працэс дэзінтэграцыі эканомік Расіі і Беларусі.

Згодна з даследаваннем Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэя Вардамацкага, за саюз з Расіяй выступаюць 65% нашых суайчыннікаў, у той час як за Еўрасаюз — толькі каля 20%. Атрымліваецца, што ў гэтай справе беларусы здраджваюць галоўнаму прынцыпу кожнага абʼяднання — што яно мусіць быць карыснае для кожнага ўдзельніку праекта.


Другие публикации