Вашынгтон вырашае, што рабіць з Лукашэнкам (Відэа)

14.04.2017
Яраслаў Сцешык, Belsat.eu

Апошнімі днямі чыноўнікі Дзяржаўнага дэпартамента і Кангрэса ЗША праводзяць кансультацыі з экспертамі на тэму Беларусі і хвалі рэпрэсій супраць беларускага грамадства.

«Няма такой пэўнасці, ці будзе ціск на рэжым, ці будзе супраца з рэжымам. Ёсць толькі кулуарныя дыскусіі, а таксама закрытыя стратэгічныя сесіі, якая адбылася ў панядзелак, дзе вялася дыскусія: чаму трэба даць прыярытэт?», — зазначыў Франак Вячорка ў эфіры Радыё «Свабода» у Вашынгтоне.

Зноў санкцыі?

Да канца красавіка будзе прынята рашэнне, ці працягваць мараторый на ранейшыя санкцыі супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў.

Амерыканцы зробяць так, каб не нашкодзіць беларусам

ЗША прыпынілі санкцыі ў 2015 годзе, каб стымуляваць беларускія ўлады да дэмакратычных рэформ і збліжэння з Захадам. А тут — сотні затрыманых за мірны пратэст, дзясяткі — пад крымінальнымі справамі з сумнеўнай доказнай базай. Не па-еўрапейску.

«У гэтым спісе санкцыйных прадпрыемстваў — 9. У тым ліку «Гроднаазот», «Белшына» — фірмы, якія, як мяркуецца, маюць дачыненне да фінансавання рэжыма Лукашэнкі. Але пра ніякія адрасныя санкцыі, комплексныя эканамічныя санкцыі, якія могуць закрануць народ Беларусі — не, не гэтым разам», — запэўніў Франак Вячорка.

Лукашэнка карыстаецца магчымай пагрозай расійскай экспансіі ў Беларусі

Робіцца гэта, каб перасунуць чырвоную лінію рэпрэсій. Узмацніць сваю ўладу і не нарвацца на санкцыі.

«І Еўрасаюз, і Злучаным Штатам вельмі не хочацца вяртацца да папярэдняй палітыкі, якая раней была прызнаная неэфектыўнай у адносінах да Беларусі. І яны знаходзяцца ў сітуацыі чакання таго, што гэтая хваля рэпрэсій можа быць скончаная», — распавёў палітолаг Андрэй Ягораў.

Паводле непублічных выказванняў экспертаў у ЗША, рашэнне Вашынгтону, а потым і Бруселю аб магчымым узмацненні санкцый будзе залежыць ад паводзін беларускіх уладаў 26 красавіка — на «Чарнобыльскі шлях», і 1 траўня, калі адбудзецца наступная акцыя супраць падатку на адсутнасць працы.

Belsat.eu


Другие публикации