Улад Вялічка: Галоўная праблема замежнай дапамогі — празрыстасць інфармацыі пра яе (Відэа)

08.05.2017
Сяргей Пеляса, Belsat.eu

Хто ў Беларусі галоўны «грантасмок»? Што такое замежная дапамога Беларусі? Хто, каму і навошта спрыяе? Дапамога павялічваецца ці змяншаецца, і чаму? Наколькі гэта звязанае з пацяпленнем паміж Беларуссю і Захадам?

Пра гэта — глядзіце ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою інтэрв’ю з Уладам Вялічкам, генеральным дырэктарам Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь».

— У нашым сюжэце мы распавялі пра тое, што ў Злучаных Штатах з’явіўся праект скасавання замежнай дапамогі праз агенцтва USAID. У тым ліку гэта закране Беларусь, і, калі прымуць праект, то гэтую дапамогу цалкам зліквідуюць. На вашую думку, ці цяпер замежная дапамога грамадзянскай супольнасці змяншаецца ці павялічваецца?

— Думаю, што на сённяшні дзень вельмі складана аб’ектыўна пра гэта судзіць, бо розныя суб’екты праводзяць розныя стратэгіі. Сам гэты прыклад, на маю думку, сведчыць пра змены ў вонкавай палітыцы ЗША, пэўныя магчымасці пераарыентавання гэтых рэсурсаў. Але ў чыстым выглядзе ён не адлюстроўвае стаўлення да Беларусі, хоць ускосна — гэта дастаткова трывожны сімптом. На сённяшні момант мы маем звесткі толькі за 2010-2014 гады, якія сведчаць пра тое, што дапамога была дастаткова стабільная. Што адбываецца пасля размарожвання гэтых стасункаў — на сённяшні дзень аб’ектыўных статыстычных звестак недастаткова. Але зрухі ў фінансаванні, у рэсурсавасці гэтага падтрымання — яны больш адбіваюцца, відаць, унутры пэўных тэматычных або праблемных кластараў.

— Першае, што прыходзіць у галаву — падтрыманне беларускамоўных, сацыяльна-палітычных медыя — такіх, як «Белсат», Радыё «Рацыя», нават часам гавораць і пра Радыё «Свабода» — што могуць з’явіцца пэўныя праблемы. Апроч гэтага, праваабаронцы сутыкнуліся з тым, што няма грошай, каб падтрымаць арыштаваных і аштрафаваных беларусаў пасля вясновых акцый пратэсту. Да гэтай сітуацыі не былі гатовыя. Ці медыя ды праваабарончая дзейнасць — самыя галоўныя праекты? Ці ёсць іншыя, не такія гучныя і малавядомыя, што стабільна фінансуюцца і дзеюць?

— І медыйны кірунак, і праваабарончы, у пэўным сэнсе, моцна залежаць ад палітычнага клімату ў краіне. Але варта аналізаваць іх па-рознаму. Калі відавочнае скарачэнне для медыйных праектаў Беларусі — ужо факт, і гэта засведчылі летась, і, у пэўным сэнсе, гэта аб’ектыўны адбітак рэсурсавай карціны. Тут трэба думаць пра тое, ці магчыма шукаць цяпер варыянты адаптацыі для гэтай сітуацыі, што трэба падымаць гэта як праблему. Што датычаць праваабарончых рэсурсаў, напрыклад, кампенсацыі наступстваў розных сацыяльных крызісаў, да гэтага вельмі цяжка рыхтавацца, і, у прынцыпе, такога кшталту падтрыманне можа быць інфраструктурнае. Гэта значыць, яго немагчыма запланаваць і зрабіць як праект ці праграму. Таму на сённяшні момант праваабаронцы сутыкнуліся з тым, што не стае рэсурсаў на працу з канкрэтнаю сітуацыяй. Я не думаю, што гэта прынцыповае скарачэнне фінансавання на праваабарончую дзейнасць. Іншае пытанне, што падыходы да праваабарончай дзейнасці ў Беларусі ў пэўным сэнсе змяняюцца, і цяпер падтрыманне тых, хто працуе з грамадска-палітычнымі пытаннямі — прынамсі гэта не выключны спіс пытанняў, якія трапляюць у праваабарончы парадак дня.

— Мы сказалі аб медыя, аб праваабаронцах, але ёсць вялікі сегмент дзейнасці — недзяржаўныя арганізацыі, адную з якіх вы і рэпрэзентоўваеце. Хто дапамагае з-за мяжы, якім арганізацыям, і навошта замежнікам трэба ў Беларусі камусьці дапамагаць?

— Замежная дапамога (development cooperation) — гэта, у асноўным, рэсурсы краін або звязаў краін, што выдаткоўваюцца на тыя прыярытэты, якія гэтыя краіны бачаць важнымі для сваёй вонкавай палітыкі. Акурат медыйная і праваабарончая дзейнасць — гэта далёка не ўвесь спіс. Вельмі шмат рэсурсаў прапаноўваецца не толькі беларусам, але і іншым краінам, якія фактычна выступаюць у якасці атрымальнікаў, напрыклад, на эканамічныя рэформы, на пытанне экалогіі, на развіццё эканамічных пытанняў і ўрбаністыкі, таксама на культуру. Фактычна ўсё тое, з чым мы сутыкаемся ў сваім жыцці, таксама трапляе ў гэты спіс. Для Беларусі шэраг пытанняў, якія ў топе міжнароднага падтрымання, — не актуальныя. Напрыклад, міжнацыянальны канфлікт — дзякуй Богу, што нам не патрэбная дапамога для развязання гэткіх пытанняў. Па Беларусі вялікая колькасць рэсурсаў ідзе на тэмы рэгіянальнага развіцця, эканомікі і г.д. Атрымлівае гэтыя рэсурсы далёка не толькі грамадзянская супольнасць. Калі паглядзець на структуру гэтай дапамогі, галоўны «грантасмок» у Беларусі — беларуская дзяржава. Больш за ўсё рэсурсаў ідзе на праекты развіцця.

— Гэта праўда, і нават цікава, што большасць гэтых амерыканскіх праектаў рэалізоўваецца праз беларускія дзяржаўныя ўстановы. Атрымліваюць грошы часта прадпрымальнікі ці агратурыстычныя гаспадаркі, але прадзяржаўныя. Апошняе пытанне: зразумела, што замежны інвестар хоча бачыць побач з сабою развітую ці экалагічную дзяржаву. Пасля таго, як я анансаваў гэтую тэму пра замежную дапамогу ў Фэйсбуку, з’явіліся шмат галасоў беларусаў, што добра, што змяншаецца дапамога, прыкрываюцца некаторыя праекты, бо, маўляў, гэтыя грошы не вядома куды знікаюць, паўсюль «грантасмокі» і г.д. Была крытыка гэтай замежнай дапамогі, людзі не разумеюць яе патрэбы. Што бы вы адказалі асобам, якія лічаць, што замежная дапамога Беларусі непатрэбная?

— У мяне шэраг адказаў на гэтыя тэзісы. Па-першае, на сённяшні дзень усё, што датычыць дэмакратычных або праваабарончых пытанняў, магчыма развіваць у краіне толькі дзякуючы міжнароднай дапамозе. Другі тэзіс заключаецца ў тым, што перш, чым судзіць пра тое, якім чынам структураваная гэтая дапамога, ці яна прыносіць карысць, хто атрымальнікі, галоўная праблема, якую мы мусім развязаць — праблема празрыстасці інфармацыі наконт таго, куды гэтая дапамога трапляе, якім чынам яна размяркоўваецца і як адбываецца рэалізацыя праекта. Тады ў нас будзе зусім іншая магчымасць судзіць, ці ў нас ёсць падставы для такіх прэтэнзій, ці насамрэч гэтыя рэсурсы прынеслі вялікую карысць. Бо, сярод іншага, мы маем на ўвазе яшчэ тэхналогіі, экспертаў і вялікія іншыя рэсурсы, якія таксама задзейнічалі дзеля таго, каб дабіцца гэтай мэты развіцця.

Гл. таксама:


Другие публикации