Конкурс! Ваш курс на ўніверсітэцкай анлайн-платформе

25.05.2017
Лятучы ўніверсітэт

Дыстанцыйная платформа Лятучага ўніверсітэта прапануе прыняць удзел у конкурсе прапаноў на стварэнне мультымедыйных анлайн-курсаў.

Да стварэння адукацыйных курсаў на супольнай універсітэцкай платформе запрашаюцца арганізацыі і ініцыятывы, што займаюцца нефармальнай адукацыяй, а таксама навукоўцы і мысляры. Платформа — гэта магчымасць зрабіць дасяжнымі для шырокага кола людзей унікальныя веды, новыя погляды і праблемы, способы і метады мыслення.

Каб прыняць удзел у конкурсе, патрэбна сфармуляваць прапанову свайго ўласнага анлайн-курса, базуючыся на прынцыпах стварэння курсаў на Дыстанцыйнай платформе Лятучага ўніверсітэта, і запоўніць заяўку.

Прапановы, што пройдуць адбор на адпаведнасць крытэрыям, будуць выстаўленыя на платформе для адкрытага галасавання будучых слухачоў (карыстальнікаў платформы).

Па выніках галасавання будуць вызначаныя пяць пераможцаў конкурса:

  • Узнагародай за першае месца стане поўная фінансавая падтрымка стварэння анлайн-курса прафесіянальнай камандай платформы Лятучага ўніверсітэта разам з заяўнікам.
  • Прапановы, якія зоймуць месцы з другога па пятае, атрымаюць падтрымку ў правядзенні сумеснай краўдфандынгавай кампаніі для збору сродкаў на запіс курса з дапамогай прафісійнай каманды.

Усе створаныя курсы будуць размешчаныя на Дыстанцыйнай платформе Лятучага ўніверсітэта і атрымаюць дапамогу ў прасоўванні ў межах супольнай інфармацыйнай кампаніі.

Каб прыняць удзел у конкурсе, неабходна запоўніць заяўку да 17 чэрвеня 2017 года.

Заяўка ўключае ў сябе: апісанне курса, яго адпаведнасць прынцыпам платформы, прывабныя для слухачоў бакі і магчымасці, а таксама прадстаўленне праграмы курса і выкладчыка.

Галасаванне пачнецца 25-га чэрвеня. 1-га ліпеня будзе вызначаны пераможца.


Другие публикации