28-29 кастрычніка ў Мінску — міжнародная навуковая канферэнцыя «Логас і патас: гуманітарная рэфлексія ва ўмовах вайны»

08.06.2017
Лятучы ўніверсітэт

Абвешчаны прыём заявак на ўдзел у міжнароднай навуковай канферэнцыі «Логас і патас: гуманітарная рэфлексія ва ўмовах вайны», якая пройдзе ў Мінску 28-29 кастрычніка 2017 года.

Канферэнцыю ладзяць:

«Неабвешчаная вайна» ва Украіне, якая разгарнулася як у рэальным, так і ў віртуальным (медыйным) вымярэннях, прывяла да надзвычайнага нагнятання рыторыкі вайны ва ўсім ўсходнееўрапейскім рэгіёне. У ацэнцы і аналізе таго, што адбываецца, намецілася сімптаматычныя тэндэнцыя: паўсюдна (не толькі ў выступах палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, але таксама і ў публікацыях гуманітарыяў) першасным пытаннем усё часцей становіцца абмеркаванне розных сцэнарыяў новай магчымай вайны і/або акупацыі. Грамадская думка нібы рухаецца па коле: ад вайны сапраўднай да вайны ўяўнай, і ў адваротны бок, вырабляючы ў гэтай мілітарысцкай «гонцы» не толькі неабходныя (квазі-) рацыянальныя абгрунтаванні, але і адпаведныя ім афекты ў духу a la guerre comme a la guerre. У гэтым кантэксце непазбежна становіцца ўсё меней выразнай і, разам з тым, усё больш запатрабаванай інтэлектуальная перспектыва іншага роду — перспектыва, здольная разгарнуцца па-за азначанага колазвароту ваеннай рыторыкі і паставіць пад пытанне вайну як idée fixe нашай сучаснасці.

Мяркуецца, што гуманітарныя навукі валодаюць значным метадалагічным рэсурсам і аналітычным досведам для рэалізацыі названай вышэй задачы. У гэтай сувязі заяўленая канферэнцыя накіравана на стварэнне пляцоўкі (форума) для гуманітарнага асэнсавання актуальнай сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў рэгіёне і на ўзмацненне сацыяльнага значэння (рэзананса) гуманітарнай рэфлексіі ва ўмовах нашага ваеннага часу. Адным з найбольш вострых пытанняў, з якім сутыкаецца сёння гуманітарная думка, з'яўляецца яе ўласны пафас, які сведчыць аб афектыўных счэпках з рэальнасцю вайны і, тым самым, аб немагчымасці «безуважнага» мыслення. У гэтых адносінах мэтай канферэнцыі з'яўляецца высвятленне эмацыйных дыспазіцый інтэлектуальнай працы, здольнай пракладваць свой шлях па-за рамкамі/логікай ідэалагічнага супрацьстаяння і фармаваць дзейсную альтэрнатыву прапагандзе.

Падчас канферэнцыі плануецца абмеркаваць наступныя пытанні:

  • гуманітарныя даследаванні ў сітуацыі «антрапалагічнага шоку»;
  • публіцыстыка ва ўмовах гібрыднай/інфармацыйнай вайны;
  • дыскурсы вайны і ўмовы іх вытворчасці і ўзнаўлення;
  • антыпрапагандыскі патэнцыял гуманітарыстыкі;
  • культурныя/мастацкія практыкі як дэканструкцыя вайны;
  • межпакаленніцкія разломы постсавецкага ваеннага часу;
  • кроскультурная камунікацыя як рэсурс палітычнага абнаўлення ва ўсходнееўрапейскіх краінах;
  • палітычныя эмоцыі;
  • канструяванне выяваў ворага і рыторыка нянавісці ў СМІ і сацыяльных медыя.

Заяўкі на ўдзел у канферэнцыі могуць быць двух відаў:

  1. Заяўка на выступ з дакладам;
  2. Заяўка на арганізацыю дыскусіі.

Заяўка павінна ўключаць наступную інфармацыю:

  • імя і прозвішча;
  • навуковая ступень;
  • інстытуцыялізацыя (калі ёсць);
  • сяброўства ў МАГ (калі мае месца);
  • адрэс электроннай пошты:
  • назву і анатацыю даклада (300-400 слоў) або назву і апісанне дыскусіі (200-300 слоў).

Пры падачы заяўкі на арганізацыю дыскусіі неабходна ўказаць адпаведныя дадзеныя, як мінімум, трох удзельнікаў (уключаючы заяўніка).

Для падачы заяўкі неабходна запоўніць электронную форму па спасылках: Paper (даклад)/Discussion (дыскусія).

Заяўкі прымаюцца да 10 жніўня 2017 года.

Пра вынікі адбору заявак будзе паведамлена не пазней за 1 верасня 2017 года.

Працоўныя мовы канферэнцыі: беларуская, руская, украінская.

Арганізатары забяспечваюць пражыванне іншагароднім удзельнікам, чые выступы будуць уключаны ў праграму канферэнцыі.

Аргкамітэт канферэнцыі:

  • Таццяна Вадалажская (Мінск)
  • Георгій Касьянаў (Кіеў)
  • Аляксандр Міхайлоўскі (Масква)
  • Андрэй Казакевіч (Мінск)
  • Таццяна Чуліцкая (Вільнюс/Мінск)
  • Таццяна Шчытцова (Вільнюс/Мінск)

Па даведках звяртайцеся на адрас электроннай пошты: [email protected].


Другие публикации