Антычны тэатр.doc (Відэа)

15.06.2017
Belsat.eu

Скульптуры правадыроў — як дэкарацыі для антычнай трагедыі. Спектакль «Антыгона» рэжысёра Аляксандра Марчанкі паказалі ў музеі Азгура.

Да статуяў як да бостваў звяртаецца галоўная гераіня ў выкананні акторкі Дарʼі Новік. Яна адная грае трагедыю Сафокла з палкімі дыялогамі ды опернымі спевамі, музыку да якіх, дарэчы, напісала самая. Але раптам дзынкае званочак — і да антычных жарсцяў далучаюцца галасы з залы. Гісторыі ўласнага маральнага выбару распавядаюць вядомыя мінчукі: дырэктар платформы Talaka.by Іван Вядзенін, прадзюсар Уладзімір Шаблінскі, сацыёлаг Таццяна Вадалажская, каардынатарка «Жывой бібліятэкі» Марына Штрахава. Спектакль паўстаў падчас семінара па тэхналогіі аспен, калі людзі з розным бэкграўндам абмяркоўвалі філасофскія тэксты. Класічны канфлікт «Антыгоны» паміж дзяржаўным і асабістым яны адшукалі ў сучаснасці, кажа рэжысёр Аляксандр Марчанка:

«Справа ў тым, што ў кожнага з нас ёсць гісторыя, якая будзе сугучная тым праблемам, тым тэмам, тым канфліктам, якія мы бачым у гэтым старажытным тэксце. Але гэтыя людзі знайшлі ў сабе мужнасць іх распавесці, і таму мы чуем іхныя гісторыі».

Можна быць чэмпіёнкаю свету па муай-тай, але як перажыць галоўную паразу — страту ненароджанага дзіцяці? Як прабачыць бацьку, які падняў на цябе руку? Як гэта, калі твае прынцыпы ўласная маці лічыць лухтою? Рэдактар «Беларусского журнала» Андрэй Аляксандраў распавядае, як пакінуў прэстыжную працу ў Лондане, каб стацца сведкам падзей украінскага Майдана і вярнуцца ў Беларусь:

«Усю сваю карʼеру я працаваў журналістам і прызвычаіўся да таго, што распавядаю чужыя гісторыі, а гэта якраз досвед, калі я распавядаю сваю».

Крывавая трагедыя Антыгоны адступае на другі план перад маленькімі жыццёвымі драмамі сучаснікаў.

Ці будуць яшчэ летнія паказы спектаклю — пакуль не вядома, але дакладна ён увойдзе ў праграму фестывалю «Тэарт» у кастрычніку.

Гл. таксама:


Другие публикации