Улад Вялічка: Усходняе партнёрства ператварылася ў праект-кампраміс

12.09.2017
Уладзімір Глод, Радыё «Свабода»

Падчас дыскусіі аб перспектывах праграмы ЕС «Усходняе партнёрства» ў рамках «Мінскага дыялога» выступ Улада Вялічкі, генеральнага дырэктара Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь», выбіваўся з агульнай канвы.

Калі іншыя ўдзельнікі канферэнцыі глядзелі на праблемы скрозь прызму ўсёй краіны, то сп. Вялічка, які двойчы — у 2010-2011 і 2016-2017 гадах — узначальваў Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, сканцэнтраваўся на ролі ў гэтай праграме менавіта грамадзянскай супольнасці.

Пасля завяршэння канферэнцыі кіраўнік «ЕўраБеларусі» адказаў на пытанні «Свабоды».

— Да дасягненняў Усходняга партнёрства найперш адносяць дзве рэчы: тры з шасці краін-удзельнікаў праграмы падпісалі з Еўрасаюзам пагадненні аб асацыяцыі і дамовы аб бязвізавым уездзе. А што дало Усходняе партнёрства грамадзянскай супольнасці?

— Грамадзянская супольнасць усіх шасці краін стала падобнай на рэгіён. Раней былі толькі тэрытарыяльныя сувязі. За восем гадоў мы наладзілі сувязі і кантакты на ўзроўні рэгіёна Усходняга партнёрства, выпрацавалі калектыўную пазіцыю і салідарнасць (супольныя заявы, маніторынгавыя місіі і г.д.).

Інавацыяй Усходняга партнёрства для грамадзянскай супольнасці стала тое, што грамадскія арганізацыі ўпершыню ўпісалі ў якасці гульца ў інстытуцыйныя дачыненні. Гэта і Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, і нацыянальныя платформы. Можна сказаць, што грамадзянская супольнасць увайшла ў міждзяржаўныя кантакты.

— Дык ці можна казаць, што Усходняе партнёрства выключна паспяховы праект?

— На жаль, не. Калі параўноўваць цяперашні стан праграмы з момантам, калі яна толькі зараджалася, то я сказаў бы так: за гэты час адбыліся дэпалітызацыя і менеджарызацыя Усходняга партнёрства. Адбылося такое замяшчэнне. Для краін з пагадненнем аб асацыяцыі (Грузія, Малдова, Украіна) праграма — гэта хутчэй мала (гэта дадатковая прапанова да двухбаковых стасункаў). Для краін без асацыяцыі (Азербайджан, Арменія, Беларусь) — гэта хутчэй шмат, бо ўрады гэтых краін бачаць праграму значна больш сціпла — як рашэнне бягучых тактычных пытанняў і латанне дзірак. А вось ідэя флагманскіх праектаў працуе непераканаўча.

— Чаму так адбываецца?

— Мне здаецца, таму, што Усходняе партнёрства паступова ператварылася ў праект-кампраміс. Ніхто ім цалкам не задаволены, але ўсе з гэтым мірацца. Альбо таму, што праграма як бы ўвайшла ў кроў, альбо таму, што няма веры ў тое, што нешта можна змяніць.

Лепшых прапаноў не відаць.

Шматбаковае вымярэнне на ўзроўні дзяржаўных дачыненняў носіць хутчэй рытуальна-сімвалічны, чым змястоўны характар. Пры гэтым такая ж рытуальная роля легітымізацыі адводзіцца грамадзянскай супольнасці. Так, мы ўдзельнічаем у пасяджэннях міждзяржаўных панелей, але маем там толькі мінімальныя правы на выказванні. Я сказаў бы нават так: грамадзянская супольнасць сутыкнулася з тым, што яна не мае магчымасці ўплываць на міждзяржаўныя працэсы. І гэта дрэнна, бо Усходняе партнёрства не «чапляе» ні ў краінах-удзельніках, ні ў Еўрасаюзе сапраўды значныя групы інтарэсаў, якія маглі б узмацняць дынаміку праграмы: навукоўцы, бізнес, культурныя эліты, сектар тэхналогій і інавацый.

Што чакае Усходняе партнёрства?

— Ці, на вашу думку, на саміце Усходняга партнёрства праз два з паловай месяцы ў Бруселі магчымыя істотныя змены ініцыятывы?

— На мой погляд, адбудуцца наступныя рэчы:

  1. Частковая аптымізацыя працоўных структур і камунікацыі ў рамках праграмы;
  2. Менеджаразіцыя інфраструктурнага разумення і развіцця праграмы;
  3. Уцягванне без належнай ступені крытыкі «аўтсайдараў» у інтарэсах геапалітычнай стабільнасці;
  4. Сыход у яшчэ большы цень пытанняў дэмакратызацыі і правоў чалавека. Яны сыдуць на перыферыю праграмы.

Я баюся, што па-ранейшаму ўзровень Усходняга партнёрства прадоўжаць задаваць нацыянальныя ўрады краінаў-удзельнікаў, а Еўрасаюз будзе толькі кіраваным ў гэтых адносінах.


Другие публикации