«Добры чалавек у нашым свеце — гэта вельмі вялікая каштоўнасць» (Фота)

16.10.2017
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», фота — аўтара.

10 год таму ў Мінску з’явіўся Падворак, і гэтая падзея згуртавала вакол сябе яго насельнікаў — філосафаў, метадолагаў, сацыёлагаў і іншых беларускіх інтэлектуалаў.

Падворак стаў нечым значна большым, чым месца для сустрэч, клуб для дыскусій... За 10 год у Доміка ў прыватным сектары Мінска з’явіўся не толькі другі паверх, а і тое, што з упэўненасцю можна назваць душой. Менавіта таму яго найменне, як імя жывой істоты, патрабуе вялікай літары.

«У дзясяты раз мы збіраемся ў гэтым Доміку, які калісьці пабудаваў адзін добры чалавек. Калі мы набывалі Домік, у адным з пакояў застаўся вісець бел-чырвона-белы сцяг папярэдняга гаспадара», — узгадаў філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

З 2007 года на Падворку пабывала вялікая колькасць розных людзей — дыпламатаў, паслоў, святароў самых розных канфесій, кіраўнікі палітычных партый...

«Наш Домік і Падворак — гэта не сцены. Гэта некалькі дзясяткаў добрых людзей. А добры чалавек у нашым свеце — гэта вельмі вялікая каштоўнасць».

Каардынатарка Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская распавяла, што да з’яўлення Доміка давялося змяніць шмат месцаў. Пасля пераездаў, якія не заўсёды адбываліся паводле ўласнай волі, захацелася, нарэшце, пэўнай незалежнасці. Праўда, тады ніхто не думаў набываць дом у прыватным сектары, але калі прыйшлі яго паглядзець і ўбачылі ў адным з пакояў той самы бел-чырвона-белы сцяг, зразумелі: гэта лёс.

«Адпачатку мы думалі, што Падворак павінен стаць незалежнай прасторай, дзе можна ладзіць розныя сустрэчы. Тут шмат чаго адбывалася, адсюль пайшло мноства ідэй і праектаў, бо ў Падворка і тых, хто тут збіраецца, дэвіз — «Думаць Беларусь».

Насельнікі Падворка прызнаюцца, што існаванне тут можна параўнаць з неверагодным 10-гадовым «квэстам» ніяк не мог адбыцца сам па сабе, без чароўных сіл — добрых і злых, спрыяльных і шкодных, якія вытыркаюць свае насы з розных куткоў Доміка, а таксама нашай краіны. Таму юбілей вырашылі адзначыць «Балем чараватых карузлікаў», тым больш, што святкаванне выпала на пятніцу 13-га. З гэтай прычыны сярод удзельнікаў балю зусім не дзіўна было пабачыць саму каралеву карузлікаў — чараўніцу Восень, мудрага чараўніка і шмат іншых цікавых персанажаў...


Другие публикации