Нацыянальны ўніверсітэт: калі мы перастанем хадзіць па коле? (Фота)

27.11.2017
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», фота — аўтара.

Каб стварыць нацыянальны ўніверсітэт, мала зрабіць у ім беларускую мову навучання. Чым ён ёсць сёння — кузняй кадраў ці супольнасцю мыслення? Якія выклікі стаяць перад ім у час крызісу адукацыі?

На двух беларусаў — тры ўніверсітэты?

У Мінску 25-26 лістапада прайшла канферэнцыя «Нацыянальны ўніверсітэт у ХХІ стагоддзі: місія і выклікі», ініцыяваная Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны. «Першы ўніверсітэт з беларускай мовай навучання — не чарговая навучальная ўстанова накшталт ужо існуючых, гэта прынцыпова новая акадэмічная супольнасць, якая будзе даваць імпульсы ўсяму грамадству», — дэкларавалі арганізатары канферэнцыі. Старшыня ТБМ і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім на адкрыцці імпрэзы зазначыла, што канферэнцыя адбываецца напярэдадні 100-годдзя аднаўлення беларускай дзяржаўнасці, таму 25 сакавіка — 100-я ўгодкі абвяшчэння незалежнасці БНР — павінна прайсці «пад знакам нацыянальнага яднання».

Алег Трусаў

Непасрэдна на канферэнцыі можна было назіраць, хутчэй, не яднанне, а разнастайнасць: сярод выступоўцаў слова трымалі прадстаўнікі розных ініцыятыў, звязаных са стварэннем нацыянальнага ўніверсітэта, ці нават універсітэтаў. Былы старшыня ТБМ, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні ўніверсітэта «Альбарутэнія» Алег Трусаў распавёў, што сёлета ў верасні арганізацыя атрымала ў Мінску памяшканне для будучай установы. Далейшымі крокамі будуць рэгістрацыя назвы, статута і атрыманне ліцэнзіі прыватнай ВНУ. Частку дакументаў плануецца атрымаць да 25 сакавіка 2018 года. Назву «Альбарутэнія» для нацыянальнага ўніверсітэта прапанавала доктар філасофіі і сакральнай тэалогіі Ірына Дубянецкая. Такім чынам удалося вырашыць некалькі пытанняў: па-першае, ужыванне назвы «нацыянальны» ці «беларускі» строга абмежаванае, яе можа надаваць толькі кіраўнік дзяржавы. У той жа час як Альбарутэнію нашу краіну ведалі ў Сярэднявеччы. Такім чынам аргкамітэт хоча падкрэсліць не толькі беларускія, але і еўрапейскія карані беларускага ўніверсітэта.

Сустаршыня аргкамітэта Аляксандр Мілінкевіч прадстаўляе яшчэ адзін праект — Вольны беларускі ўніверсітэт. Па яго словах, гэта будзе беларуска-еўрапейскі праект з дыстанцыйным навучаннем. Гэта не паўтарэнне досведу ЕГУ, і збольшага ён будзе віртуальным.

Аляксандр Мілінкевіч

«Наша мэта № 1 — стварэнне рэфарматарскай беларускай эліты, здольнай правесці трансфармацыю ў краіне», — абвесціў Аляксандр Мілінкевіч.

Вольны беларускі ўніверсітэт будзе будавацца паводле прынцыпу: «усё, што можна, робім у Беларусі, што нельга — у Еўропе». Так, у Варшаве ўжо зарэгістраваная ГА «Вольны беларускі ўніверсітэт». Гэта арганізацыя-пасярэднік, якая будзе ажыццяўляць камунікацыю паміж беларусамі, якія жадаюць атрымаць адукацыю, і польскімі ўніверсітэтамі. У кіруючую раду Вольнага беларускага ўніверсітэта ўвайшлі Святлана Алексіевіч, Станіслаў Шушкевіч, Алесь Бяляцкі, Уладзімір Дунаеў, гісторык Аляксандр Краўцэвіч і шэраг іншых беларускіх і польскіх прафесараў.

Для філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча ўніверсітэт — выключна еўрапейскі панятак. У гэтым сэнсе, сапраўднага ўніверсітэта ў Беларусі няма. Таму што адукацыя — гэта толькі частка місіі ўніверсітэта. Апроч гэтага, абавязковымі яе складнікамі мусяць быць даследаванні, а таксама індывідуальны ўнёсак выкладчыкаў у развіццё тых ці іншых галін. Цяпер жа адукацыя ў беларускіх ВНУ выйшла на першае месца, ад выкладчыкаў амаль не патрабуецца індывідуальнага падыходу, а толькі стандартызаванае выкладанне без усялякага развіцця.

Уладзімір Мацкевіч

Урэшце рэшт, універсітэт — гэта еднасць супольнасцей выкладчыкаў і студэнтаў. Таму захаванне ідэі нацыі і магчымасці працаваць на найвышэйшым узроўні ў перадавых галінах можа быць дасягнута толькі супольнымі намаганнямі калектыву людзей, якія змогуць аб’яднацца і ўтварыць аўтаномныя правілы свайго існавання.

Зрэшты, ці патрэбны ўвогуле нацыянальны ўніверсітэт у глабальным свеце, дзе на месца нацыянальных дзяржаў прыходзяць транснацыянальныя карпарацыі, часам значна мацнейшыя за дзяржавы? Сябра аргкамітэта Павел Церашковіч прапануе паглядзець на мапу і адказаць на пытанне: ці зніклі з яе нацыянальныя дзяржавы? Не, іх колькасць расце. І пакуль яны з’яўляюцца адзінымі палітычнымі актарамі, захоўваецца неабходнасць у захаванні нацыянальных універсітэтаў, перакананы прафесар.

Павел Церашковіч

«Нам не ўдасца адразу стварыць нацыянальны ўніверсітэт як мару аб «рэспубліцы навукоўцаў». На жаль, няма інстытуцыянальных падмуркаў для гэтага. Адзінае, што мы можам зрабіць, — працаваць так, нібыта ў нас ужо ёсць «рэспубліка навукоўцаў», — прапануе прафесар.

Крызіс адукацыі: што застаецца?

Ірына Дубянецкая ў сваім выступе адзначыла, што ў сучасных варунках універсітэт як сацыяльны інстытут сябе зжыў. Мадэрны ўніверсітэт не можа адказваць на выклікі постмадэрнай прасторы.

Затое яны знайшлі адказ у Балонскім працэсе, у аснове якога палягае стандартызацыя і ўніверсалізацыя веды. Аднак акадэмічная мабільнасць, якую прадугледжвае Балонскі працэс, размывае саму ідэю ўніверсітэта — знаходжанне ў адным месцы. Ідэя сацыяльнай і геаграфічнай мабільнасці значыць, што ніякіх гаворак пра нацыянальныя ўніверсітэты быць не можа. Але Беларусь, выштурхнутая з агульнацывілізацыйных працэсаў, пакуль не адчувае на сабе крызісаў, якія перажывае еўрапейскі ўніверсітэт.

Ірына Дубянецкая

Другі ўзровень крызісу ўніверсітэта, на думку Ірыны Дубянецкай, звязаны з тым, што мы апынуліся ў часе высокіх інфармацыйных тэхналогій. Цяпер мы мусім казаць не пра трансляцыю веды, а пра працу з інфармацыяй. У гэтым сэнсе, слушнай выглядае ідэя стварэння сеткавага (класцернага) універсітэта, які б уключыў у сябе ўсё, што ёсць у беларускай інтэлектуальнай прасторы (як унутры краіны, так і па-за яе межамі), каб генераваць і пашыраць веду дзеля фармавання беларускай ідэнтычнасці.

Каардынатарка Лятучага ўніверсітэта Таццяна Вадалажская лічыць, што за гады свайго фармавання ўніверсітэт як інстытуцыя заняў унікальную пазіцыю, стаўшы стваральным элементам у трох сістэмах мадэрнага грамадства: у мысленні, культуры і адукацыі. Аднак у сучаснай сітуацыі галоўны выклік звязаны з тым, што легітымнае месца ўніверсітэта як інстытута ў гэтых трох сістэмах перастае такім быць. Калі раней нацыянальны ўніверсітэт задаваў галоўную карціну таго, чаму навучаецца чалавек, то сёння гэтая роля знікае. Цяпер універсітэт — гэта, найперш, супольнасць, якая вызначае, чым яна ёсць у адукацыйнай, культурнай, нацыянальнай і больш шырокіх прасторах.

Таццяна Вадалажская

Так, у сферы культуры ўніверсітэт — месца выпрацоўкі сэнсаў, і задача канкрэтнага ўніверсітэта ў тым, каб стаць актарам культурнай палітыкі (выбудаваць стасункі з іншымі актарамі: дзяржавай, транснацыянальнымі карпарацыямі, іншымі супольнасцямі). На ўзроўні мыслення для ўніверсітэта стаіць пытанне, як выйсці ў месца, дзе існуюць праблемы, і ў стасункі з носьбітамі гэтых праблем. Што да адукацыі, сёння мы маем велізарную колькасць ведаў хаатычнага кшталту. І ўніверсітэт павінен вызначыцца з тым, што ён робіць у адукацыйным працэсе: займаецца трансляцыяй ведаў ці робіць нешта новае.

Такім чынам, сённяшні ўніверсітэт — не месца, дзе можна атрымаць спецыяльнасць і дыплом. Ён мусіць стаць той пляцоўкай, дзе ажыццяўляецца «агульнасць думкі» — камунікацыя паміж рознымі агентамі інавацый у свеце. Ён павінен быць месцам для рэфлексіі, на якую ў штодзённым жыцці не хапае часу.

Зрэшты, не хапіла яе і на канферэнцыі. Увогуле склалася адчуванне, што некалькі ініцыятыў, пераследуючы адну мэту, разумеюць і імкнуцца рэалізаваць яе па-рознаму ці, як зазначыла Таццяна Вадалажская, па-рознаму ставяць пытанні. Хоць сама па сабе наяўнасць шматлікіх актараў на полі стварэння нацыянальнага ўніверсітэту — вельмі добры знак.

«Што мяне радуе ў дадзенай сітуацыі — гэта чарговы зварот да тэмы нацыянальнага ўніверсітэта. Бо без абмеркавання і назапашвання ў ёй зместу рухацца далей вельмі складана. Але мяне бянтэжыць тое, што мы кожнага разу звяртаемся да тэмы ўніверсітэта наноў, і ўзнікае адчуванне, што ўсяго папярэдняга шляху не было. Не шляху, звязанага з падачай заявак (аб стварэнні нацыянальнага ўніверсітэта. — EuroBelarus.Info), а шляху разумення ідэі і праблем універсітэта. А гэтыя пытанні так ці інакш ужо ставіліся і адказы на іх — як інтэлектуальныя, так і практычныя — шукаліся. У нас, як заўжды, няма памяці і спробы прыцягнуць тое, што ўжо напрацавана», — падзялілася сваімі адчуваннямі са Службай інфармацыі «ЕўраБеларусі» Таццяна Вадалажская.

Чытайце таксама рэфлексію Уладзіміра Мацкевіча што да канферэнцыі: Карга-ўніверсітэт


Другие публикации