«Гарачая вясна», «справа патрыётаў», дыялог з МЗС: чым запомніцца 2017 год?

30.12.2017
Яўгенія Бурштын, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі ўзгадваюць найбольш значныя падзеі сыходзячага года.

2017 год не адзначыўся нейкімі асабліва яскравымі падзеямі для грамадзянскага сектара, хутчэй, сёлета замацоўваліся трэнды, якія пачаліся некалькі год таму. Аднак асобныя кампаніі ўсё ж вартыя таго, каб пра іх узгадаць.

Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі» папрасіла зрабіць гэта філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча, генеральнага дырэктара Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Улада Вялічку і дырэктара Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэя Ягорава.

«Андрэй Маханько (кіраўнік МГА «Разуменне». — EuroBelarus.Info) стаў крытыкаваць сістэму падтрымкі грамадзянскай супольнасці — і нездарма, — лічыць Уладзімір Мацкевіч. — Грамадзянская супольнасць — гэта актыўнасць людзей па-за дзяржаўнымі і бізнесовымі формамі існавання. Гэта аб’яднаная група энтузіястаў, якія ўкладаюцца ў нейкую справу альбо сваімі грашыма, альбо валанцёрскай працай. Адна з функцый грамадзянскай супольнасці — уплываць на грамадскае меркаванне: гаварыць, абвяшчаць, крытыкаваць. Усё гэта адбываецца ў вольны час з прыцягненнем вольных рэсурсаў. У 1980-я гады склалася так, што паміж свабоднай актыўнасцю грамадзян і грамадскімі інстытутамі з’явіліся пасярэднікі — фонды, «парасонавыя» структуры, якія пачалі дыктаваць грамадзянскай супольнасці парадак дня, каштоўнасці, мэты. І яна перастала быць сама сабой, стала абслугоўваць гэтых пасярэднікаў — бюракратызаваныя, нягнуткія структуры, якія працуюць па праграмах, створаных дзесяцігоддзі назад, не бачаць рэчаіснасці і не паспяваюць аператыўна рэагаваць на патрэбы грамадства. Таму ў апошнія гады наша грамадства пачало «прачынацца» само. І сёння мы маем карціну грамадзянскай супольнасці, вельмі непадобную на тую, якая была ў 1990-х  — 2000-х гадах, калі зарэгістраваныя грамадскія арганізацыі са сфармаванымі мэтамі ўступалі ў хаўрус з пасярэднікамі і «адпрацоўвалі» сродкі, што ім выдзялялі.

На сённяшні дзень існуе шмат сапраўдных праяўленняў грамадзянскай актыўнасці, якая не схопліваецца юрыдычнымі формамі рэгістрацыі, хоць часам і патрабуе іх. Адной з такіх рэчаў я б назваў краўдфандынг. Людзі ўкладаюць свае грошы ў тыя ініцыятывы, якія лічаць істотнымі. Пэўныя супольнасці перастаюць азірацца на дзяржаву ці бізнес і пачынаюць самаарганізоўвацца. І, заўважыўшы гэтую тэндэнцыю, мы вылучылі канцэпт «чацвёртага сектара». Калі «трэці сектар» стаў бюракратызавацца, актыўнасць грамадзян стала патрабаваць самастойнага выхаду. На сённяшні дзень такіх самастойных ініцыятыў у Беларусі досыць шмат, і часам яны набываюць шырокі рэзананс. Напрыклад, «гарачая вясна», якая сёлета адбывалася ў Беларусі з нагоды пратэстаў супраць «дэкрэта аб дармаедах», шмат каго здзівіла. А калі ўлічваць змены ў грамадзянскай супольнасці, я б сказаў, што гэта цалкам натуральная рэч. Бо пратэставаць выходзілі не толькі тыя людзі, якія траплялі пад дзеянне дэкрэта, а і тыя, хто проста выказваў сваю думку супраць несправядлівасці, хібаў дзяраўных рашэнняў і інш. Бадай, узмацненне «чацвёртага сектара» сёлета праявілася найбольш яскрава, чым у папярэднія гады. Думаю, калі гэтая тэндэнцыя будзе набіраць моц, мы займеем грамадзянскую супольнасць з іншым выглядам».

«Я б пазначыў дзве асноўных тэндэнцыі гэтага года, — гаворыць Улад Вялічка. — Па-першае, гэта з’яўленне новых каналаў камунікацыі паміж разнастайнымі недзяржаўнымі структурамі і дзяржаўнымі органамі. Але карціну псуе гісторыя сакавіцкіх пратэстаў, якія ішлі, фактычна, «знізу», і тая рэакцыя ўладаў, якая з’явілася ў адказ на выступы людзей: зачысткі, арышты, справа «Белага легіёна» і іншыя рэчы. Таму ўзаемадзеянне грамадзянскай супольнасці і дзяржавы ўсё яшчэ несістэмнае і няўстойлівае. Бо калі з’яўляецца нейкі фактар напружанасці, усё вяртаецца да ранейшай сітуацыі супрацьстаяння.

Калі казаць пра, можа быць, менш заўважныя падзеі, мне здаецца, сёлетні год быў багаты на культурніцкія ініцыятывы. Асабіста для сябе я вызначыў кампанію, прысвечаную расстраляным літаратарам. Колькасць людзей, якая за гэтым стаяла, і цікаўнасць да гэтай тэмы актыўнай часткі грамадства была вельмі прыемнай.

Я не думаю, што за гэты год адбыліся істотныя змены ўнутры грамадзянскай супольнасці. З аднаго боку, шэраг кампаній, якія адбыліся сёлета, былі вельмі важнымі, але, з іншага боку, ёсць і негатыўныя трэнды, звязаныя, перш за ўсё, з праблемамі ў донарскай палітыцы, якая не заўважае грамадзянскую супольнасць — і гэта трывожны факт. У той жа час, гэта падштурхоўвае шэраг арганізацый да аб’яднання — такім прыкладам стаў праваабарончы форум, які адбыўся восенню ў Вільні.

У фокусе беларуска-еўрапейскіх стасункаў адбыўся Форум грамадзянскай супольнасці ў Таліне, дзе праявілася зацікаўленасць у супрацоўніцтве паміж краінамі Усходняга партнёрства на грамадскім узроўні. Сёлета на Форум мы ўпершыню запрасілі прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў — намесніка міністра Алега Краўчанку і кіраўніка дэпартамента еўрапейскага супрацоўніцтва Андрэя Бушылу, — і яны прынялі запрашэнне. Я думаю, гэта быў пазітыўны крок у развіцці стасункаў паміж МЗС і Беларускай нацыянальнай платформай ФГС УП».

«Калі казаць пра вынікі года для грамадзянскай супольнасці, трэба адзначыць некалькі рэчаў. Напрыклад, тое, што вясновыя пратэсты супраць дэкрэта № 3 прывялі да спынення яго дзеяння і рэдакцыі. Але гэта была, хутчэй, спантанная праява актыўнасці людзей, — зазначае Андрэй Ягораў. — Калі казаць пра арганізаваную грамадзянскую супольнасць, то я б не сказаў, што 2017 год прынёс нешта значнае. Як раней, умовы для дзейнасці арганізацый былі складанымі, так складанымі яны і застаюцца. Хіба што можна адзначыць паляпшэнне адносін з беларускім МЗС. Але пакуль нельга назваць гэта трэндам. Таксама сёлета адбылося два пасяджэнні Каардынацыйнай групы «Беларусь-ЕС», куды ўваходзяць не толькі прадстаўнікі Еўрапейскага Саюза і беларускіх міністэрстваў, але і прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці з розных арганізацый. Добра, што такі фармат існуе, але ён, хутчэй, дыпламатычна-камунікатыўны, і казаць пра тое, што ён уплывае на прыняцце нейкіх значных рашэнняў, не даводзіцца.

Варта адзначыць салідарнасць грамадзян падчас абароны Курапатаў, што дазволіла спыніць будаўніцтва ў ахоўнай зоне мемарыяла. Таксама нельга абмінуць «справу патрыётаў», і безумоўнай гераіняй гэтай гісторыі з’яўляецца Ніна Шыдлоўская, якая арганізавала кампанію падтрымкі хлопцаў. Да яе далучылася шмат людзей у розных формах: ад змены аватарак у сацсетках на сімвал «Белага легіёна» да збору сродкаў у межах ініцыятывы BY_help».


Другие публикации