6 сакавіка ў Бабруйску — дыскусійная сустрэча «Як блакчэйн змяняе жыццё грамадства?»

28.02.2018
Лятучы ўніверсітэт

6 сакавіка 2018 года ў бабруйскім антыкафэ «1387» Андрэй Ягораў прадстаўляе тэму «Як блакчэйн змяняе жыццё грамадства?»

Як звязаныя новыя тэхналогіі, палітычнае і грамадскае жыццё? Блакчэйн — гэта проста модная тэма і падстава для хайпу, ці гэта тэхналогія кідае выклік грамадскім стасункам? Як звязана тэма блакчэйну з устойлівасцю дзяржаўных інстытуцый, сфармаванай сістэмай сацыяльнага забеспячэння, магчымасцямі самакіравання? Як новыя тэхналогіі звязаныя з практычнай арыентацыяй у палітыцы?

Сустрэча адбудзецца ў межах кампаніі «ВЕДЫ ONLINE», што арганізуе серыю дыскусійных сустрэч з выкладчыкамі Дыстанцыйнай платформы Лятучага ўніверсітэта ў Брэсце, Гродна, Віцебску і Бабруйску.

Анлайн і афлайн — два бакі адукацыйнага і мысленчага працэсу. З аднаго боку, гэта зручнасць, дасяжнасць і новыя магчымасці. Але ёсць і іншы бок. Нішто не заменіць сустрэчы чалавека з чалавекам сам-насам у тым, каб набыць разуменне, адшукаць адказы на вострыя і складаныя пытанні.

Дыстанцыйная платформа Лятучага ўніверсітэта прапануе анлайн-курсы, каб увайсці ў тэму, засвоіць базавыя веды і зразумець, з кім са спецыялістаў ды навукоўцаў варта далей разгортваць камунікацыю, куды паглыбляцца. Сустрэчы «ў жывую» — магчымасць для супольнага абмеркавання праблем, асэнсавання пытанняў, крытыкі і рэфлексіі.

Пра выступоўцу:

Андрэй Ягораў — палітолаг і метадолаг, грамадскі дзеяч, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, аўтар анлайн-курса «Практычная палітыка» на Дыстанцыйнай платформе Лятучага ўніверсітэта.

Дыскусійная сустрэча па тэме «Як блакчэйн змяняе жыццё грамадства?» адбудзецца 6 сакавіка (аўторак) у бабруйскім тайм-клубе «1387» (вул. Чангарская, 54). Пачатак у 19.00. Уваход вольны!

Даведкі па нумары тэлефона: (+375 29) 7825115.


Другие публикации