6 красавіка ў Брэсце — дыскусійная сустрэча «Памяць: шлях ад фактаў да ідэнтычнасці»

02.04.2018
Лятучы ўніверсітэт

6 красавіка 2018 года ў Брэсце адбудзецца дыскусія пра тое, як праца з успамінамі мяняе нашы ўяўленні пра сябе і пра гісторыю.

Дзённікі, біяграфічныя ўспаміны, асабістыя аповеды займаюць усё больш месца ў нашым разуменні гісторыі сваёй краіны, супольнасці, сям’і і саміх сябе. Яны даюць новую веду пра падзеі і факты, што доўгі час адмыслова хаваліся і замоўчваліся. Яны адкрываюць знаёмыя са школы падзеі з іншага боку, калі побач з дзяржавамі, арміямі і героямі ўзнікае «звычайны чалавек» з ягонай праўдай і ягоным разуменнем.

Але ўспаміны — гэта не толькі новая веда. Дакументальныя спектаклі, вусная гісторыя, мастацка-дакументальная проза Святланы Алексіевіч патрабуюць перагляду сталых уяўленняў пра навуку, культуру і мастацтва. Свая і чужая памяць становяцца крыніцай для новых пытанняў і пошуку адказаў пра саміх сябе.

Падчас сустрэчы «Памяць: шлях ад фактаў да ідэнтычнасці» мы паспрабуем разабрацца і зразумець, як сёння адбываецца праца з успамінамі. Якім чынам — індывідуальна і супольна — мы звяртаемся да памяці? Што мы можам атрымаць новага з гэтага звароту?

Падчас сустрэчы Вольга Іванова прадставіць матэрыялы вуснагістарычных даследаванняў. На прыкладзе аднаго з аповедаў яна прапануе паразважаць пра шлях фармавання індывідуальнай ідэнтычнасці, пра механізмы памяці і расповеду.

Аксана Гайко прадставіць прыклад працы з успамінамі ў жанры дакументальнага тэатра і распавядзе пра пераасэнсаванне супольнай гарадской гісторыі і пераадоленне траўмы.

Разам з Таццянай Вадалажскай паразважаем пра развіццё сучасных тэхнічных сродкаў працы з памяццю.

Дыскусійная сустрэча «Памяць: шлях ад фактаў да ідэнтычнасці» пройдзе 6 красавіка, у пятніцу, у брэсцкай прасторы КХ (вул. Халтурына, 2/1). Пачатак у 19.00. Уваход вольны!

Сустрэча ладзіцца ў межах кампаніі Лятучага ўніверсітэта «ВЕДЫ ONLINE», што арганізавала серыю дыскусійных сустрэч з выкладчыкамі Дыстанцыйнай платформы Лятучага ў розных гарадах Беларусі. Такія сустрэчы ўжо адбыліся ў Бабруйску, Гродна і Віцебску.

Анлайн і афлайн — два бакі адукацыйнага і мысленчага працэсу. Анлайн — гэта зручнасць, дасяжнасць і новыя магчымасць. Але ёсць і іншы бок. Нішто не заменіць сустрэчы чалавека з чалавекам сам-насам у тым, каб набыць разуменне, адшукаць адказы на вострыя і складаныя пытанні.

Дыстанцыйная платформа Лятучага ўніверсітэта прапануе анлайн-курсы, каб увайсці ў тэму, засвоіць базавыя веды і зразумець, з кім са спецыялістаў ды навукоўцаў варта далей разгортваць камунікацыю, куды паглыбляцца. Сустрэчы «ўжывую» — гэта магчымасць для супольнага абмеркавання праблем, асэнсавання пытанняў, крытыкі і рэфлексіі.

Пра выступоўцаў:


Другие публикации