Улад Вялічка: У армянскіх падзеях беларускія ўлады бачаць, што палітычныя эксперыменты небяспечныя

04.05.2018
Зміцер Міцкевіч, Belsat.eu

Улады Беларусі не ведаюць, як разумець падзеі ў Ерэване. Як рэвалюцыя ў Арменіі паўплывае на беларуска-армянскія дачыненні ды стасункі Ерэвану з Масквою?

Каментуюць «Белсату» генеральны дырэктар Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка.

— Здаецца, што ўлады Беларусі вельмі спужаліся гэтай сітуацыі. Якім чынам падзеі ў Арменіі ўспрынялі нашыя кіроўныя колы?

— На сённяшні дзень ніхто з людзей ва ўладзе дакладна не ведае, якім чынам інтэрпрэтаваць такія падзеі. Думаю, пакуль ідзе арыентацыя на тое, што, з аднаго боку, гэтыя падзеі фактычна ў фармаце Майдану. І гэта мінус для ўлады Беларусі. Майдан заўсёды негатыўна ўспрымаецца. З іншага боку, ніякіх геапалітычных лозунгаў там не гучыць. А гэта пераводзіць усю сітуацыю ў Арменіі больш як ва ўнутрыпалітычную. Палітыкі пакуль крыху баяцца каментаваць на той ці іншы лад тое, што адбываецца, бо, хутчэй за ўсё, яны проста не вельмі добра арыентуюцца ў гэтым.

— А чаго чакаць Беларусі ад гэтай гісторыі? Ці гэта можа неяк адбіцца на беларуска-армянскіх стасунках.

— Зразумела, што армянскія падзеі прайшлі фазу адзін. Фактычна армянскі народ сказаў вельмі дакладна «не» аўтарытарызму ў сваёй краіне. Але гэта не значыць, што перамаглі іншыя праблемы, якім адрасаваны гэты пратэставы рух. Будзе вельмі залежыць, якім чынам будуць развівацца падзеі. Ці будуць парламенцкія выбары прызначаныя, ці людзі, якія цяпер кіруюць пратэстамі, будуць кіраваць і ўвойдуць ва ўрад. Гэта адкрытае пытанне.

Што датычыць беларуска-армянскіх стасункаў, я думаю, беларускі бок будзе вельмі акуратна сачыць і чакаць. Насамрэч, для Беларусі беларуска-армянскія стасункі магчымыя і зразумелыя з любым легітымным партнёрам. Я думаю, што вельмі важна дачакацца пэўнай легітымнасці людзей, якія будуць ва ўладзе ў Арменіі. А гэта зойме пэўны час, бо цяпер сітуацыя нелегітымнасці любой групы, якая б узяла цяпер уладу.

— Ці магчымы ўплыў Расіі на гэтую сітуацыю? Можа, яны будуць старацца прасунуць нейкім чынам свае інтарэсы? І як могуць змяніцца армянска-расійскія стасункі?

— Арменія перабывае ў дастаткова складаных геапалітычных абставінах, маючы канфлікты і праблемы з шэрагам суседзей. І гэта значыць, што любыя такія нестабільнасці ўнутры армянскіх стасункаў могуць быць нагодаю, каб пэўныя вонкавапалітычныя праблемы таксама абвастраліся. Таму Расія — гэта адзін з фактараў, але таксама не будзем забываць пра Карабах. Не будзем забываць пра армянска-турэцкія стасункі.

Дастаткова складана сказаць, да якой ступені з’явяцца людзі, якія захочуць гэта выкарыстоўваць. На жаль, мы памятаем падзеі ва Украіне, калі таксама ўнутрыпалітычныя пратэсты былі выкарыстаныя разнастайнымі вонкавапалітычнымі гульцамі.

Вельмі хочацца, каб гэтага не адбылося ў армянскай сітуацыі. Тым больш, што кантэкст пратэстаў таксама розны.

— Цяпер часта праводзяць паралелі паміж Беларуссю і Арменіяй, у падыходах да ўспрыняцця аўтарытарызму. Чаго не хапіла нам і не стае нам дзеля таго, каб такім чынам рэагаваць на дзеянні ўлады.

— Мне не вельмі падабаецца гэтае параўнанне, бо сапраўды трэба разумець рознасць. Я не думаю, што, як пішуць часамі ў сацыяльных сетках, армяне змаглі, чаму мы не. Гэта не вельмі карэктныя параўнанні. Па-першае, таму, што гісторыя армянскай аўтакратыі налічвала дзесяць гадоў, можа троху больш, калі ўлічваць іншыя палітычныя сілы пры ўладзе да Саргсяна.

Па-другое, мы не павінныя забываць, што ў Арменіі сапраўды існавала стабільна партыйна-палітычная сістэма. Няхай у такіх рэдукаваных формах, не вельмі моцная. Але сапраўды партыі былі партыямі, бралі ўдзел у выбарах, выбіраліся ў парламент мясцовы і нацыянальны. Гэта вельмі істотна.

Трэці момант, усё ж такі не такі татальны быў кантроль за медыя. Таксама там быў нейкі люфт, хоць тэндэнцыі былі вельмі падобныя да беларускіх. Таму, разумеючы нашыя 24 гады плюс фактычна маргіналізацыю палітычнай прасторы і адрозненне ў сітуацыі з медыя, я б не рабіў такіх наўпроставых параўнанняў, бо тады б нам трэба было параўноўваць, хутчэй, момант, калі ў Беларусі праходзіў рэферэндум аб адмене двух тэрмінаў прэзідэнцтва. Той момант параўнальны з армянскаю сітуацыяй гэтага часу. У мяне нараджаліся параўнанні зусім іншага кшталту.

Напрыклад, з Брэкзітам. Сітуацыяй таго, як палітычны бамонд Вялікабрытаніі вырашыў правесці рэферэндум наконт Брэкзіту, у прынцыпе, чакаючы, што вынік вядомы. Але вынік аказаўся зусім іншы. Сітуацыя ў Арменіі з пераходам з прэзідэнцкай рэспублікі на парламенцкую нагадвала такі кантраляваны пераход, які аказаўся некантраляваны. І настрой народу быў значна больш выражаны, чым чакалі, напрыклад, кіроўная ўлада.

Гэта больш сведчыць пра тое, што любыя палітычныя эксперыменты і палітычныя рэзкія рухі небяспечныя. Думаю, гэта галоўны мэсідж, які нашая ўлада таксама будзе счытваць у армянскіх падзеях.


Другие публикации