Што Лукашэнка хоча ад Еўрасаюза (Відэа)

31.12.2018
Belsat.eu

2018 год, які заканчваецца, цяжка назваць вызначальным у двухбаковых дачыненнях Беларусі і Захаду.

Старыя праблемы і старыя крыўды ўсцяж стаяць на шляху да паляпшэння двухбаковай супрацы. Хоць на фоне млявай палітычнай супрацы эканамічныя паказнікі дэманструюць істотны рост. Больш эканомікі, менш палітыкі — ці не таго дамагаўся Аляксандр Лукашэнка ў дачыненнях з Еўрасаюзам?

Разгон і затрыманні на Дзень Волі ў сакавіку. Першыя месяцы гэтага года ўлады Беларусі прадэманстравалі паводзіны, якія на Захадзе традыцыйна выклікаюць абурэнне.

Але агулам, паводле экспертаў, гэты год у стасунках Беларусі ды Еўрасаюза прайшоў без моцных узлётаў і падзенняў. Пасля істотнага пацяплення ў 2016 годзе бакі па-ранейшаму спрабуюць развязаць шэраг набалелых пытанняў.

«Гэта пытанне візавай лібералізацыі, якая была абяцаная як пункт парадку дня яшчэ ў 2013 годзе на саміце Усходняга партнёрства, а другое пытанне — гэта падпісанне партнёрскіх прыярытэтаў. На жаль, да гэтага часу пытанні не развязаныя, і гэта моцна ўплывае на двухбаковыя стасункі», — кажа «Белсасту» генеральны дырэктар Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка.

Адной з прынцыповых праблем застаецца таксама смяротнае пакаранне. За гады незалежнасці ў Беларусі вынеслі больш за 300 смяротных прысудаў — два апошнія выканалі сёлета ў лістападзе. Нягледзячы на заклікі афіцыйнага Бруселя, улады ў Мінску па-ранейшаму адмаўляюцца ўвесці мараторый.

«Хутчэй гэта разглядаецца як слабасць, як пэўнае паслабленне. І нават моцныя палітычныя, эканамічныя аргументы, якія стаяць за ідэяй замарожвання практыкі смяротнага пакарання ў Беларусі, не здольныя змяніць пазіцыю — я не ведаю каго, я думаю, найперш гэта пытанне да Адміністрацыі прэзідэнта», — кажа Вялічка.

Паводле заходніх экспертаў, гэта ледзь не адзінае прынцыповае пытанне, якое стаіць на шляху да паляпшэння стасункаў.

«Калі б Лукашэнка зрабіў гэткі крок у бок Еўрасаюза, мяркую, гэта было прынята з вялікім задавальненнем, і можа б, спрычынілася да таго, што Еўрасаюз пастанавіў бы шчыльней заняцца Беларуссю», — лічыць польская публіцыстка, аўтарка праграмы “Studio Wschód” Мар’я Пшэломец.

Калі казаць пра дачыненні з Варшавай, тут таксама без вялікіх змен. Адна з найбольш заўважных падзей — восеньскі візіт польскага міністра замежных спраў Яцэка Чапутовіча. Кіраўнік МЗС Польшчы між іншага казаў пра моцнае жаданне нармалізаваць дачыненні з Беларуссю.

«Яны былі менш інтэнсіўныя, чым у 2017 годзе, калі польскія ўлады меркавалі, што калі вельмі моцна наблізяцца да прэзідэнта Беларусі, а нагадаем, што былі візіты і польскага міністра замежных справаў, і польскага прэмʼера, то гэта нейкім чынам дапаможа польска-беларускім дачыненням. Скончылася, як звычайна», — канстатуе Марʼя Пшэломец.

Скончылася тым, што ў жніўні палову першакласнікаў не прынялі ў польскую школу ў Ваўкавыску. Тым самым улады Беларусі зноў парушылі права польскай меншасці навучацца на роднай мове. Актуальным застаецца і пытанне Саюза палякаў у Беларусі.

«Надалей гэты саюз у разуменні ўладаў Беларусі дзее нелегальна і ўвесь час нейкім чынам пераследуецца. Я ўжо не кажу пра затрыманні, суды і штрафы для журналістаў «Белсата», — дадае Пшэломец.

Не найлепш цягам года выглядалі і адносіны на лініі Мінск—Вільня. Асноўнай праблемай застаецца будаўніцтва Астравецкай АЭС, якую Літва афіцыйна называе пагрозай сваёй нацыянальнай бяспекі.

«Калі Лукашэнка спыніць Астравец — так, мы б зрабілі ўсё, каб Еўропа адчыніла дзверы для Беларусі», — запэўнівае дыпламат, дэпутат Сейма Літвы Жыгімантас Павілёніс.

Дэпутат называе атамную электрастанцыю, якая будуецца ля межаў з Літвою каменем спатыкнення, створаным Расіяй, бо АЭС будуецца расійскай кампаніяй і на расійскія крэдыты. Прычым Вільня не спыняецца на ўзроўні палітычных заяваў.

«У Літве гэта прынцыповае пытанне, з-за якога Літва таксама робіць такія крокі, як непадпісанне тых жа прынцыпаў партнёрства, якое б паглыбіла супрацу паміж Еўрасаюзам і Беларуссю», — тлумачыць Лаўрынас Ёнавічус з Інстытута міжнародных дачыненняў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта.

Адносіны паміж Вільняй і Мінскам эксперт характарызуе як крывадушныя, бо эканамічная супраца, у адрозненне ад палітычнай, вызначаецца пазітыўнай дынамікай.

«У нас самая вялікая мяжа. А з іншага боку, акрамя Расіі, у нас самыя кепскія палітычныя стасункі. Пры гэтым эканамічна мы вельмі звязаныя з Беларуссю, як і Беларусь вельмі моцна звязаная з Літвою», — працягвае Ёнавічус.

Эканамічная супраца — пазітыўны момант не толькі ў дачыненнях з Літвою, але і Абʼяднанай Еўропай увогуле. Паводле вынікаў першых васьмі месяцаў года, тавараабарачэнне Беларусі з краінамі Еўрасаюза вырасла амаль на 30%.

Ці не таго дамагаўся Аляксандр Лукашэнка, калі на Мюнхенскай канферэнцыі ў Мінску ў лістападзе ён казаў пра эканоміку без палітыкі? Маючы на ўвазе, што такая схема ў дачыненнях з Захадам яго задавальняе найбольш.

«Сапраўды, такое ўражанне, што апошнім часам дынаміка еўрапейска-беларускіх стасункаў ідзе згодна з парадкам дня беларускага боку. Гэта значыць, тое, на што гатовы, чаго прагне беларускі бок, тое трапляе на парадак дня», — падкрэслівае генаральны дырэктар Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка.

Адна з галоўных прычын такой лагоднасці Абʼяднанай Еўропы — нарастанне пагрозы з боку Расіі, якая працягвае правакаваць і ўмешвацца ў палітыку асобных краін Еўрасаюза і НАТО. І гэты момант, бадай, найбольш вызначаў стасункі Беларусі і Захаду цягам гэтага года і кіраваў імі.


Другие публикации