Лініі канфліктнасці сярод беларускіх прадэмакратычных актывістаў (Беларусь, Польшча, Літва)

30.06.2024
Formula of Humanity

Даследаванне Formula of Humanity: «Лініі канфліктнасці сярод беларускіх прадэмакратычных актывістаў (Беларусь, Польшча, Літва)», чэрвень 2024 года.

Беларускі пратэстны рух 2020 года аб’яднаў вельмі розныя групы, якія адрозніваліся не толькі па сацыяльна-дэмаграфічных параметрах, але і па каштоўнасных арыентацыях, па палітычных поглядах. Разнастайнасць складу тых, хто выходзіў на вуліцы ў жніўні-снежні 2020 года, неаднаразова падкрэслівалася даследнікамі як адна з асаблівасцей пратэстнага руху. Важна разумець, што працэсы салідарызацыі на той момант ахапілі мноства людзей і сацыяльных груп, якія не мелі да гэтага нічога агульнага паміж сабой, і былі аб’яднаныя толькі апрапрыяцыяй агульнай сітуацыі (назапашаная ў перыяд першай хвалі ковіда незадаволенасць, «скрадзеныя» выбары і беспрэцэдэнтнасць гвалту пры падаўленні пратэстаў).

Масавая салідарызацыя ў экзістэнцыйнай сітуацыі фармуе адмысловы тып сувязяў паміж людзьмі («гарызантальная сацыяльнасць» Г. Коршунава), адмысловы тып супольнасцяў («супольнасць узрушаных» Т. Шчытцовай). Але эфекты салідарызацыі ніколі не могуць быць працяглымі. З завяршэннем «катастрафічнай» сітуацыі, створаныя ёй супольнасці знікаюць або трансфармуюцца. Калі сітуацыя застаецца незавершанай, магчымыя некалькі сцэнараў, па якіх могуць трансфармавацца стасункі ў супольнасцях, што ўзніклі падчас масавай салідарызацыі:

  1. «Рутынізацыя» і «нармалізацыя» сітуацыі, распад стасункаў, атамізацыя;
  2. Раскол і пошук вінаватых, фармаванне варожых адно да аднаго лагераў або трайбалізацыя;
  3. Захаванне салідарнасці (ужо як стану) і фармаванне новай ідэнтычнасці ўнутры супольнасці.

Удзельнікі пратэстнага руху 2020 года аб’яднаныя не толькі агульным мінулым, агульнымі (не дасягнутымі) мэтамі, але і агульнай сучаснасцю, бо разгорнутыя рэпрэсіі не дазваляюць «завяршыць» сітуацыю і «перагарнуць старонку». У ходзе падзей 2020-2023 гг. «супольнасць узрушаных» крышталізуецца. Яна сутыкаецца з рэчаіснымі і сітуатыўнымі выклікамі, якія праявілі раней існуючыя або сфармавалі новыя «лініі адрознення» — патэнцыйна канфліктагенныя траекторыі дэмаркацыі ўнутры (пакуль?) адзінай супольнасці.

Што гэта за лініі (і ці ёсць яны?), паміж кім (групы), на грунце чаго (крытэры) і калі яны ўзнікаюць (трыгеры). Наколькі яны канфліктагенны (кірунак і ступень), як на гэта ўплывае прапаганда (медыя агулам, блогеры ў прыватнасці) — гэтыя пытанні пакуль дрэнна даследаваны. Некаторыя дадзеныя апытанняў Chatham House і «Народнага апытання» дазваляюць казаць аб адрозненнях у ацэнцы стратэгій дзеянняў палітычных цэнтраў дэмакратычнага руху і аб некаторых іншых значных лініях падзелу (найбольш істотнай з якіх, мабыць, была ацэнка дзеянняў Расіі ў лютым 2022 года). Аднак тэма канфліктаў ці рознагалоссяў унутры беларускай пратэстнай супольнасці да гэтага часу застаецца за рамкамі сур’ёзнага і паслядоўнага аналізу. Аднак калі арыентавацца на перспектыву, гэтыя лініі разломаў (і ступень іх сур’ёзнасці і крытычнасці) трэба ведаць ужо цяпер, роўна як і прапрацоўваць шляхі іх вырашэння. Перадпраектны аналіз публікацый у асноўных беларускіх медыях паказвае, што, сапраўды, камунікатыўныя канфлікты высокага ўзроўню сярод беларускай прадэмакратычнай аўдыторыі ёсць. У асноўным канфлікты разгортваюцца ў сацыяльных сетках, але часам іх напружанне дасягае такога ўзроўню, на які рэагуюць і «класічныя» медыя. Важна, што гэтае напружанне не з’яўляецца сталай характарыстыкай аўдыторыі (ва ўсякім разе, тое, што выліваецца ў буйныя камунікатыўныя сутычкі, якія прынята зваць «бульбасрачамі»). Тое, што мы назіраем па рэакцыях медыя, мае відавочна хвалепадобны характар. Наш аналіз паказвае, што самым «пладавітым» на такія ўсплёскі ўзаемнага негатыву быў 2022 год. Больш чым за 3 гады з 30 публікацый (у медыя і тэлеграм-каналах), у якіх закраналіся ці апісваліся такога кшталту спрэчкі, на 2022 год выпадае ⅔ з іх (20 кейсаў). Пры гэтым больш за палову з іх (11) выйшлі на працягу ўсяго двух месяцаў — ліпеня і жніўня 2022 года. Уздымы напругі, якія правакуюць спрэчкі сярод беларусаў (т.зв. «бульбасрачы») часцей за ўсё з’яўляюцца рэакцыяй на нейкія нагоды, як медыйнага/блогерскага, так і падзейнага характараў. Так, напрыклад, у студзені 2024 года падставай для «бульбасрачаў» стала затрыманне музыкаў гурта «Nizkiz» (сэнс: як можна заставацца да гэтага часу ў Беларусі з пратэстным бэкграўндам). У 2023 годзе тэмамі спрэчак, якія згадваліся ў медыя, былі медаль з дэвізам «Беларусь перад усім», разлад унутры палітычных сіл і стаўленне да моўнага пытання. У 2022 годзе выразна вылучаюцца два блокі тэм, якія выклікалі напружанне: а) умоўна «традыцыйны» (тыя, хто з’ехалі, і тыя, хто засталіся; моўнае пытанне) і б) «палітычнае» (суб’екты і дзеянні дэмакратычных сіл).

Фонам, які практычна заўсёды ёсць у абмеркаванні беларускіх спрэчак, з’яўляецца розніца/адрозненне/узаемныя абвінавачванні паміж «тымі, хто з’ехаў» і «тымі, хто застаўся».

Аналіз публікацый у медыя даводзіць, што часцей за ўсё канфліктнасць у абмеркаваннях тэмы «з’ехаць-заставацца» журналісты і эксперты тлумачаць альбо агульнай траўматычнасцю сітуацыі, патрэбай выплюхнуць агрэсію, перанакіраваць яе з рэальнага аб’екта (рэжым) на даступны («свае», якія абралі іншую стратэгію паводзін), альбо папросту асаблівасцямі камунікацыі беларусаў. Спробы эксплікаваць глыбейшыя (ці адрозныя ад псіхалагічных) падставы сустракаюцца рэдка, наадварот, агульная ўстаноўка і журналістаў, і экспертаў часцей за ўсё складаецца ў пастуляванні сітуацыйнай і псіхалагічнай прыроды канфліктнасці.

Скрынінг сацыяльных сетак паказвае, што незалежна ад нагоды і зместу абмеркавання тэмы, можна вылучыць два фокуса абмеркавання пытання «з’язджаць або заставацца»:

  1. Асабісты выбар, яго падставы, усвядомленасць, права чалавека кіраваць сваім лёсам;
  2. Адказнасць перад іншымі (ад блізкіх сваякоў да «аўдыторый», «калег» і «агульнай справы»), «грамадская карыснасць» той ці іншай стратэгіі.

Дадаткова можна пазначыць тэму, якая стала ўзнікаць пазней — гэта тэма вяртання, зараз ці ў будучыні. Тэма вяртання зараз, у прынцыпе, трапляе ў падобныя фрэймы (бяспека і адказнасць за выбар). Але ёсць яшчэ тэма вяртання, калі сітуацыя зменіцца — ці вернуцца тыя, хто з’ехаў, ці будзе куды ім вяртацца, і як іх прымуць тыя, хто заставаўся ў Беларусі ўвесь гэты час?

Трэба адзначыць, што тэма эміграцыі з Беларусі, яе абставінаў, наступстваў і індывідуальнага перажывання сітуацыі ўцёкаў/эвакуацыі/пераезду, таксама як і тэма абставін жыцця ў Беларусі, абмяркоўваецца ў вельмі розных кантэкстах. Часцей за ўсё гэта эксплікацыя асабістага досведу, перажыванняў і разважанняў як тых, хто пакінуў Беларусь, так і тых «сваіх», што застаюцца ў Беларусі. Усё гэта суправаджаецца рэакцыяй падтрымкі, спачування, падзелу сітуацыі — падтрымліваецца дыскурс салідарнасці.

Вынікі перадпраектнага аналізу дазваляюць выказаць здагадку, што мае месца пэўнага роду «асіметрычнасць» канфліктагеннай камунікацыі. Хутчэй за ўсё, яна наўпрост звязана з «асіметрычнасцю публічнасці», якая расце з часам, калі людзі, якія жывуць у Беларусі, усё больш вымушаны да самацэнзуры, але не толькі. Выбар на карысць ад’езду з Беларусі цалкам ухваляўся рэферэнтнай групай ужо пачынаючы з 2020 года, і чым далей, тым больш ён «зразумелы» і не патрабуе тлумачэнняў. А вось выбар на карысць «заставацца ў Беларусі, маючы пратэстны бэкграўнд» чым далей, тым больш патрабуе тлумачэнняў. Апошні кейс з «Nizkiz» — яскравы прыклад.

Спампаваць дакумент 

Download document 


Другие публикации