Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»
Уладзімір Мацкевіч: Узровень прац на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі штогод зніжаецца
Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі становіцца больш прывабным для студэнтаў-магістрантаў, а не для сталых і грунтоўных навукоўцаў. Больш за тое, навука ва ўсім свеце памерла, і беларускае грамадства наўрад ці адчула б вялікай страты, калі б улада распусціла Акадэмію навук, асабліва яе гуманітарныя аддзелы.
Мяркуе і сцвярджае госць перадачы «Інтэрв’ю тыдня» — беларускі філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.
— 15-17 верасня ў Варшаве прайшоў VII Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі, у якім узялі ўдзел каля 600 чалавек. Вы гадамі прымаеце ўдзел у гэтым Кангрэсе. Як бы вы ацанілі ўзровень навуковых, гуманітарных ведаў пра Беларусь? Якую дынаміку вы бачыце? Ці можна сказаць, што ўзровень навуковых ведаў пра Беларусь расце альбо, наадварот, зніжаецца?
— Я прапусціў толькі адзін Кангрэс, на шасці прысутнічаў, таму маю пэўны матэрыял, які можна ацэньваць і па якім можна меркаваць пра стан беларускай навукі, прынамсі — у гуманітарнай галіне. Стварэнне Кангрэса — гэта ў свой час быў навуковы і арганізацыйны подзвіг. Але ж дынаміка хутчэй адмоўная.
Хоць вельмі цяжка дакладна ацаніць узровень і змест навуковай працы, але можна складаць меркаванне паводле некалькіх параметраў. На Кангрэсе ёсць прэмія, якая прысуджаецца за лепшую працу ў трох намінацыях. Дык вось, па сацыяльных навуках, дзе я ўваходжу ў склад камісіі, я і мае калегі бачым толькі зніжэнне ўзроўню. Асабліва гэта тычыцца артыкулаў, з манаграфіямі троху прасцей. У гэтым годзе была адна кніга, якая і атрымала першае месца — Алены Гапавай — і, на жаль, яна была па-за канкурэнцыяй, астатнія да яе не дацягвалі ніяк.
І паводле цікавасці выбітных замежных даследчыкаў з іншых краін можна сказаць, што іхняя цікавасць да Кангрэса губляецца. Калі не назіраецца нейкіх прарываў, то, натуральна, людзі губляюць да гэтага інтарэс і перастаюць у гэтым удзельнічаць. Таму Кангрэс паказвае агульны стан нашай гуманітарнай веды, якая ідзе на паніжэнне.
— Я бачыў у прэсе паведамленне, што сёлета колькасць замежных удзельнікаў якраз павялічылася. Ці лічыце, што гэта не павялічыла якасць выступаў?
— Так, колькасць удзельнікаў — ніяк не галоўны паказнік. Масавасць на такіх мерапрыемствах ніяк не сведчыць пра якасць даследчыкаў. Калі людзі імкнуцца проста выступіць, паказаць сябе, неяк адзначыцца — яны падаюць заяўкі, бо Кангрэс адкрыты для ўсіх. Яны пачынаюць дасылаць рэфератыўныя працы, кампілятыўныя, проста свае развагі і г.д. Таму Кангрэс становіцца больш прывабным для студэнтаў-магістрантаў, а не для сталых і грунтоўных даследчыкаў.
Калі зараз я размаўляў з рознымі ўдзельнікамі Кангрэса, то задаволенасць выказваюць дзве катэгорыі людзей. Адну з іх я ўжо назваў — гэта маладыя навукоўцы, студэнты, аспіранты, магістранты, якім проста падабаецца сама магчымасць прыехаць і выступіць. І другая катэгорыя — сталыя супольнасці, людзі, якія выкарыстоўваюць Кангрэс, каб раз на год сустрэцца, нешта абмеркаваць, падзяліцца планамі. Стварэнне такіх супольнасцей можна лічыць дасягненнем. Але ж трэба дбаць пра тое, каб ішла гульня на падвышэнне і каб гэтыя супольнасці спрыялі нейкім прарывам у гуманітарных ведах. Пакуль, на жаль, гэтага не відаць.
— Як бы вы патлумачылі тое, што назіраецца, паводле вашых слоў, пэўны рэгрэс? Можа, прычына ў тым, што ў краіне апошнія 20 гадоў, па сутнасці, нічога не мяняецца ў палітычнай і сацыяльнай сферы — і адкуль тады могуць быць прарывы ў навуцы, якая апісвае гэтую краіну?
— Не, такое тлумачэнне было б няправільным. Усё ж на Кангрэс збіраюцца лінгвісты, мовазнаўцы, эканамісты, сацыёлагі, этнолагі, тэолагі, для якіх гэтыя актуальныя змены ў краіне — не самае галоўнае. Або для гісторыкаў, якія вывучаюць ВКЛ ці іншыя перыяды. Таму тлумачыць «у краіне застой, таму і застой у навуцы» — гэта няправільна. Больш за тое, часта гісторыя паказвае нам прыклады, калі застой ці стагнацыя ў грамадстве і краіне дае магчымасць для культурных прарываў.
І гэта прадмет маіх спрэчак з Андрэем Казакевічам як галоўным арганізатарам Кангрэса адносна фармата, жанра правядзення такіх падзей. Я б не пабаяўся сказаць, што ўся навука сёння ў свеце мёртвая. Навуковы дыскурс, акадэмічныя прынцыпы і правілы не працуюць. Сённяшняя веда развіваецца хутчэй у міждысцыплінарных формах, якія не ўзыходзяць да тых традыцый абмеркавання, якія стварыліся на працягу 19-га стагоддзя. Акадэмічныя нормы больш не працуюць.
Таму і форму Кангрэсу трэба надаваць не акадэмічную — выступ і зачытванне дакладу. Я б сказаў, што сёння прарыўны трэнд у навуцы — гэта метадалагізацыя. А яна патрабуе зусім іншых форм камунікацыі. Гэта прынцыповая дыскусія, сутыкненне супрацьлеглых поглядаў. Акадэмічная ж дыскусія — яна лагодная, паліткарэктная, ніхто не перапыняе, можна несці поўную лухту і ніхто нічога не скажа. Адзін гаворыць нешта істотнае і прарыўнае, а другі паказвае старыя кнігі, банальныя назіранні — і гэта ляжыць нібыта на адной дошцы.
І паколькі маладыя даследчыкі не бачаць узораў сапраўднай даследчай працы на сучасным узроўні, то яны думаюць, што тыя банальныя працы і ёсць навука. Гэта не так. Гэта не тая сучасная веда, на якой базуецца сучаснае мысленне. Таму форма Кангрэса магла б спрыяць гульні на падвышэнне. На жаль, акадэмічная форма вядзе да гульні на паніжэнне.
— Вы сказалі такую фразу: сучасная навука мёртвая. Мяркую, вы мелі на ўвазе найперш гуманітарныя навукі, а не прыродазнаўчыя: фізіку, хімію. У любым выпадку, што вы мелі на ўвазе?
— Я б сказаў шырэй, хоць гэта будзе больш радыкальна. Гэтая мая фраза тычыцца не толькі гуманітарных і сацыяльных навук. Калі для гуманітарных навук сёння трэнд на метадалагізацыю, то для прыродазнаўчых — на тэхналагізацыю. Інжынерныя, тэхналагічныя працы сёння больш перспектыўныя і грунтоўныя, чым чыста навукова-даследчыя. Мы жывём у час вельмі хуткіх перамен, якія тычацца не толькі тэхналогій, а нават самога чалавека — яго менталітэта, свядомасці і г.д. І гэтыя перамены проста не паспяваюць фіксавацца навукоўцамі.
Таму метадалагізацыя гуманітарнай веды — гэта тое актуальнае, што трэба падштурхоўваць, падтрымліваць і высоўваць на першы план на такіх грунтоўных мерапрыемствах, як Кангрэс даследчыкаў Беларусі.
— Заявы пра «мёртвую навуку», магчыма, спадабаліся б Аляксандру Лукашэнку, які і так часта кажа, што многія навукоўцы не прыносяць ніякай карысці народнай гаспадарцы. Здаецца, каб яму дазволілі абставіны, кіраўнік Беларусі з задавальненнем распусціў бы Акадэмію навук...
— Магчыма, беларускае грамадства не адчула б вялікай страты, калі распусціць Акадэмію навук, асабліва яе гуманітарныя аддзелы. Але справа не ў гэтым. Веды сёння становяцца галоўным таварам на сусветным рынку. У сусветнай эканоміцы веды найбольш каштуюць. Той, хто не выпрацоўвае ведаў, а проста вырабляе нейкія рэчы — не мае шанцаў увайсці ў лідары сусветнай эканомікі.
А беларуская дзяржава не зацікаўлена ў правядзенні такога Кангрэса. Але ж людзям, якія імкнуцца чагосьці дасягнуць, той частцы беларускага грамадства, якая дбае пра развіццё краіны, Кангрэс вельмі патрэбны. Таму — Кангрэс павінен праходзіць у Беларусі, каб гэта бачылі не толькі тыя 600 чалавек, якія прымаюць удзел, а ўсе беларускія навукоўцы і інтэлігенцыя. Але вярнуць Кангрэс у Беларусь на сёння немагчыма, бо ўлада не надае значэння таму, што найбольш шануецца ў свеце — ведам.
— Вы ўспрымаеце веды як нейкую чароўную палачку, якая можа прывесці да пазітыўных змен, у тым ліку ў нашай краіне. Але калі нейкія веды — здабытак толькі вузкага кола людзей, то яны мала могуць уплываць на змены. Як зрабіць, каб гэтыя веды ахапілі шырокія народныя масы?
— Сёння ёсць такая катэгорыя — «эканоміка ведаў». Багацеюць не тыя краіны, якія валодаюць карыснымі выкапнямі, а тыя, якія ведаюць, як з іх нешта карыснае для чалавецтва зрабіць. Веда становіцца сілай, як казаў Фрэнсіс Бэкан, не таму, што яна авалодвае масамі. Гэта патрэбна не масам, а тым, хто выкарыстоўвае веды. Навука становіцца сілай, калі ёй карыстаюцца інжынеры. Гуманітарная веда становіцца сілай, калі ёй карыстаюцца палітыкі, тэхнолагі, настаўнікі, трэнеры, менеджары і г.д. І вось разрыў паміж ведамі і той практыкай, якая распаўсюджана ў Беларусі, і ёсць адной з нашых галоўных праблем. Мы не карыстаемся сучаснымі ведамі, мы ў хвасце ўсясветных праблем.
Другие публикации
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #4 (Видео)
1 июня беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел четвертый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #3 (Видео)
28 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел третий вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #2 (Видео)
25 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел второй вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
-
Политтехнологии третьего поколения. Вебинар Владимира Мацкевича #1 (Видео)
21 мая беларусский философ и методолог Владимир Мацкевич провел первый вебинар по теме: «Что нужно знать про политику в Беларуси, России и Украине, чтобы не дать себя обмануть».
Комментарии и дискуссии
Уводзіны ў філасофію Уладзіміра Мацкевіча. Серыя размоў (Аўдыё)
Размова шаснаццатая — пра тое, як адказваюць тэалогія, навука і філасофія на кантаўскія пытанні: «Што я магу ведаць?», «Што мушу рабіць?» і «На што магу спадзявацца?»