Альтернативного властному сценария по-прежнему не просматривается. Предложенный Виктором Бабарико и его командой сценарий референдума вряд ли может быть таковым.
Інавацыйны час і мы
Напрыканцы мінулага ўніверсітэцкага года мы правялі арганізацыйна-дзейнасную гульню «Універсітэт і інфраструктура інавацый». Праз пэўны час я хацела б пазначыць некалькі важных момантаў, якія па выніку дала мне гульня. Яны будуюцца на тым, што адбывалася падчас гульні, на выказаных (не мной) на гульні і пасля яе тэзах, на разуменні, што гэта азначае для далейшага жыцця і дзейнасці ўніверсітэта.
І. Адбываецца змена асноўнага тыпа руху грамадства ад праграмнага (праектна-праграмнага) да інавацыйнага.
Праграмы (у гэтым кантэксце) — гэта вялікія па ахопу (маштабаў і часу) арганізаваныя змены, якія базуюцца на прасоўванні новых анталагічных і каштоўнасных уяўленняў пра пабудову грамадства. Яны разлічаны на ахоп розных інстытутаў і сістэм дзейнасці. Звычайна яны патрабуюць вялікіх рэсурсаў рознага кшталту і падтрымкі праграмуючай функцыі праз «уладу», то бок здольнасць схопліваць і мысленнем, і дзеяннем усе лініі праграмы, а таксама рэагаваць на наступствы і адказваць за іх (прагназаваць, перадухіляць, выпраўляць і інш.). Суб’ектамі такіх праграм становяцца дзяржавы, наддзяржаўныя структуры, моцныя супольнасці (партыі, рухі, грамадскія арганізацыі) і г.д.
Вялікія праграмы па-ранейшаму застаюцца адной з форм рэалізацыі змен, але па свайму ўздзеянню на рэчаіснасць сёння на першы план выходзіць іншы тып змен — інавацыі. Паспрабуем пазначыць розніцу гэтых двух спосабаў арганізацыі мыслення і дзейнасці, а па выніку — спосабаў змен.
Першае адрозненне: інавацыі адштурхоўваюцца ад вырашэння нейкай пэўнай, лакалізаванай задачы, якая можа быць сфармулявана кропкава і пад якую можа быць сабрана часовая «каманда». Прычым гэта можа быць як актуальная праблема «тут і цяпер», так і «задачка», якая фармулюецца «па фану» — стварыць нешта такое, чаго яшчэ не было.
Другое сутнаснае адрозненне: распаўсюд і ўплыў праз мультыплікацыю. У адрозненні ад праграмы, якая глядзіць на цікавы ёй кавалак свету як на цэласны (хоць і складаны) аб’ект, інавацыйны погляд можна вобразна апісаць як набор кропак, дзе могуць быць укарэненыя рашэнні, якія з’явіліся як інавацыя. Распаўсюд і ахоп ідзе праз памнажэнне.
Трэцяе адрозненне: кантраляванасць наступстваў ці больш шырока — стаўленне да наступстваў. Калі праграмы намагаюцца прадугледжваць развіццё працэсаў, якія імі запускаюцца (хоць гэта далёка не заўсёды атрымліваецца), і можна сказаць, што «наступствы» і ёсць вынікі праграмы. То для інавацыйнага спосабу наступствы застаюцца па-за дзейнаснай увагай (то бок пра іх могуць разважаць, марыць і нават баяцца, але яны не з’яўляются аб’ектам працы і, адпаведна, адказнасці).
Пазначаныя адрозненні, зразумела, схопліваюць не ўсё, але ў першым набліжэнні даюць разуменне сутнаснай змены не толькі хуткасці і характара трансфармацый, якія з намі адбываюцца і ў якіх мы жывем, але і ладу жыцця, форм дзейнасці, мыслення і камунікацыі.
Зразумела, што зараз інавацыйны рэй трымаюць тэхнічныя «навінкі» і, нават найперш, інавацыі бізнес-мадэлей, звязаных з развіццём тэхналогій. Сацыяльныя і культурныя інавацыі маюць значна меншую вагу і ўплыў з-за большай складанасці для мультыплікацыі, інертнасці асяродка (сацыяльнага і культурнага) і эканамічнай «непрывабнасці».
Нягледзячы на лакальнасць дзеянняў і адсутнасць практычных амбіцый адносна глабальных змен, «дождж інавацый» паступова становіцца галоўным фактарам, які немагчыма ігнараваць, калі мы спрабуем весці асэнсаваную дзейнасць і ўкладацца ў будучыню.
II. Праблемы, якія ўзнікаюць у гэтай новай сітуацыі.
Найперш, гуманітарная, сацыяльная і культурная рэфлексія моцна не паспявае за тымі зменамі, што адбываюцца ў матэрыяльным свеце, а з ім і ў прасторы нашага паўсядзённага жыцця і працы. Такім чынам, мы «знаходзім сябе» ўжо ў новых сітуацыях змененымі і разгубленымі ад страты хоць нейкага кантролю за сваім жыццём. Наноў і штодзённа трэба адказваць на пытанні ідэнтычнасці, сваіх межаў, сэнсаў, стасункаў з новай і вечна зменнай рэальнасцю. Наноў трэба вынаходзіць спосабы ацэнкі сваёй дзейнасці, якая з сёння на заўтра ў новым кантэксце можа цалкам змяніць свой сэнс.
У больш шырокім кантэксце, інавацыі і інавацыйная вытворчасць страчваюць магчымасць адказнасці перад будучыняй, бо фактычна застаюцца без якойсьці ацэнкі наступстваў — як добрых, так і благіх. Інавацыі ставяць пытанні адносна ўстойлівых інстытутаў, якія па сваёй сутнасці не адпавядаюць сітуацыі некантраляваных штодзённых змен.
III. «Дагнаць» тэхнічныя інавацыі і выпрацаваць адпаведны тэмп для гуманітарнай рэфлексіі замінае моцны разрыў у камунікацыі.
Звычайна ён пазначаецца як разрыў камунікацыі «тэхнікаў» і «гуманітарыяў», але гэтае пазначэнне хутчэй зацяняе сутнасць праблемы камунікацыі, чым дазваляе яе зразумець. Яно зводзіць розніцу да тыпаў веды і таго, «пра што» гэтая веда. Больш глыбокая розніца палягае ў «карцінах свету», прычым не свету як такога, а найперш анталогіі чалавека і ягонай дзейнасці: Што рухае чалавекам? Якімі рамкамі абумоўлена ягоная дзейнасць? Што ляжыць за межамі адказнасці і ў гэтых межах? А таксама чым ёсць чалавек у новых стасунках з тэхнічным асяродкам?
Такім чынам, адрозненні знаходзяцца не ў сферы веды і прафесійных кампетэнцый, а ў стаўленні да новага асяродка і шляхах і спосабах суаднясення з ім. Таму больш «адэкватнымі» для разумення гэтага адставання з’яўляюцца апазіцыі: інаватары — кансерватары, вытворцы інавацый — спажыўцы інавацый, тэхнічныя інавацыі — сацыяльныя інавацыі. І гэта, канешне, не закрыты спіс, а тое, што патрабуе аналізу і паглыблення.
IV. Крытычнасць сітуацыі з некантраляванасцю наступстваў «інавацыйнага дажджу» ўзнікае ў сітуацыі нашага грамадства, якое выступае хутчэй «прыёмнікам» для інавацый, якія памнажаюцца і захопліваюць нашую тэрыторыю, а не крыніцай і месцам іх узнікнення.
І гэтыя хвалі знешніх інавацый не звязаны з лакальным кантэкстам, не арыентуюцца на лакальныя праблемы і на лакальных суб’ектаў.
Таму важнымі крокамі ў тым, каб пераўтварыцца з «пацярпелых ад інавацый» у асэнсавана існуючых у гэтым новым свеце, ёсць перабудова погляду на тое, што адбываецца, з успрымаючых (і нават аналізуючых і разумеючых) да суудзельнічаючых. І гэты суудзел (звяртаючыся да пазначанай вышэй праблемы) звязаны з развіццём сацыяльна-гуманітарнага складніка ў інавацыйнай дзейнасці. І гэта не толькі ўвага да сацыяльных, культурных ці гуманітарных тэхналогій і інавацый (якія найбольш завязаны на лакальны кантэкст і праблемы). Гэта не толькі спалучэнне сацыяльна-гуманітарных задач з тэхнічнымі сродкамі іх вырашэння. Гэта яшчэ і ўключэнне сацыяльна-гуманітарнай рэфлексіі і аналізу ў наступствы развіцця тэхналогій. І, напэўна, найбольш амбітнай задачай з’яўляецца распрацоўка метадаў і падыходаў для ацэнкі змен асяродку (экалогіі грамадства) ад кропкавых, памножаных у колькасці, не спалучаных паміж сабой інавацыйных уздзеянняў.
Але для таго, каб рухацца ў гэтых накірунках, трэба атрымаць агульныя падставы для тых, хто працуе ці шукае магчымасці працаваць з інавацыямі. Апірышча для камунікацыі, знаходжанне мовы, на якой могуць быць апісаныя сацыяльна-гуманітарныя праблемы інавацыйнай эпохі. Фактычна такая магчымасць камунікацыі і супольнай працы і ёсць адным з галоўных недастаючых элементаў інфраструктуры інавацый у Беларусі.
V. Пры чым тут універсітэт? І тым больш Лятучы ўніверсітэт?
Універсітэт можа выступаць тут у двух якасцях: прастора і супольнасць. Як прастора, універсітэт можа стаць месцам сустрэчы і арганізацыі камунікацыі паміж пазначанымі вышэй тыпамі суб’ектаў, а затым і месцам супольнай працы — распрацовак, якія накіраваныя на пытанні існавання ў новым свеце чалавека і калектыўных суб’ектаў. Як прастора ўніверсітэт можа стаць тым месцам, дзе вывучаюцца, аналізуюцца і канструююцца новыя веды і канцэпты, звязаныя з новымі формамі сацыяльнага, інстытуцыйнага і чалавечага існавання.
Універсітэт як супольнасць, якая мае свае сродкі для стаўлення да новага часу (навуковыя, метадалагічныя, гуманітарныя і мастацкія падыходы), можа стаць суб’ектам у такой камунікацыі.
Можа стаць, а можа і не стаць. Але хто ж тады будзе адказваць за растучы разрыў паміж тэхнічным прагрэсам і адстаючай (ужо амаль крытычна) гуманітарнай рэфлексіяй і развіццём чалавека?
Тэкст упершыню быў апублікаваны на сайце Лятучага ўніверсітэта
Пра аўтара:
Таццяна Вадалажская — метадолаг і сацыёлаг, кандыдат сацыялагічных навук (PhD), праграмны каардынатар Лятучага ўніверсітэта; эксперт Агенцтва гуманітарных тэхнологій, старшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі.
Другие публикации
-
Андрей Егоров: Об актуальной электоральной ситуации в Беларуси
Противники режима Лукашенко численно превосходят его сторонников, но первые атомизированы, у них нет централизации и нет общего понимая направления действий.
-
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 11
Отступление об оппозиции.
-
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 10.3
Еще несколько добавлений про сети и сетевое общество.
-
Владимир Мацкевич: Гражданское общество. Часть 10.2
Сетевое общество и сетевая коммуникация уже давно в центре внимания культурологов и политологов. Сейчас эта тема обсуждается в связке с интернетом и таким интернет-явлением, как социальные сети.
Комментарии и дискуссии
Онлайн-беседа: «Доверие в обществе: как оно сегодня возможно?» (Видео)
29 декабря 2020 года в режиме онлайн состоялась беседа, в ходе которой ее участники обсудили изменение ситуации с доверием в беларусском обществе в ходе событий уходящего года.