Рэзалюцыя канферэнцыі «Удзел грамадзянскай супольнасці Беларусі ў ініцыятыве Усходняга партнёрства»

23.04.2009
EuroBelarus.Info

22 красавіка 2009 года ў Мінску адбылася канферэнцыя «Удзел грамадзянскай супольнасці ў ініцыятыве Усходняга партнёрства», па выніках якой была прынята рэзалюцыя.

  

  

  

  

  

Рэзалюцыя канферэнцыі:

«Удзел грамадзянскай супольнасці Беларусі ў ініцыятыве Усходняга партнёрства»

Мінск, 22 красавіка 2009 года

Мы, удзельнікі канферэнцыі «Удзел грамадзянскай супольнасці Беларусі ў ініцыятыве Усходняга партнёрства», якая адбылася 22 красавіка 2009 года ў г. Мінску,

Падзяляючы каштоўнасці, на якіх засноўваецца еўрапейская інтэграцыя,

Прызнаючы важнасць збліжэння Беларусі і Еўрапейскага Саюза,

Лічачы ўдзел Беларусі ў ініцыятыве «Усходняе партнёрства» значным крокам у развіцці двухбаковых адносін паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам, роўна як і шматбаковых адносін з краінамі-партнёрамі ініцыятывы,

Лічачы, што ініцыятыва «Усходняе партнёрства» павінна стаць інструментам пазітыўных змен у краіне і набліжэння яе да стандартаў Еўрапейскага Саюза,

Адзначаючы прынцыповую важнасць паўнавартаснага ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў структуры і механізмах рэалізацыі ініцыятывы Усходняга партнёрства,

Лічачы кансалідацыю грамадзянскай супольнасці Беларусі неабходнай для мэтаў эфектыўнага прасоўвання яе інтарэсаў,

Падтрымліваем стварэнне ў межах ініцыятывы «Усходняе партнёрства» Форума грамадзянскай супольнасці як механізму грамадскага ўдзелу ў супрацоўніцтве Беларусі і Еўрапейскага Саюза,

Высока ацэньваем ініцыятыву Еўрапейскай камісіі па арганізацыі кансультацый з грамадзянскай супольнасцю па формах і механізмах працы Форума грамадзянскай супольнасці,

Вітаем публічны характар, шырокі ўдзел і прадстаўніцтва арганізацый грамадзянскай супольнасці ў адбыўшыхся кансультацыях адносна форм і механізмаў працы Форума грамадзянскай супольнасці.

Звяртаем увагу на тое, што мерапрыемствы такога маштабу маюць вялікае значэнне для развіцця і ўзмацнення грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Рэкамендуем Еўрапейскай камісіі ўлічыць выказаныя ў межах публічнага і адкрытага дыялогу прапановы суб'ектаў грамадзянскай супольнасці Беларусі па арганізацыі Форума грамадзянскай супольнасці і пашырэнню ўдзелу беларускай грамадзянскай супольнасці ў ініцыятыве «Усходняе партнёрства»,

У прыватнасці, улічыць кансалідаваную пазіцыю ўдзельнікаў канферэнцыі па наступным коле пытанняў:

  1. Неабходнасць развіцця грамадзянскай супольнасці з выкарыстаннем механізмаў, закладзеных у ініцыятыве «Усходняе партнёрства»;
  2. Неабходнасць забеспячэння адкрытасці і публічнасці працэсу супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Еўрапейскага Саюза ў межах Усходняга партнёрства;
  3. Неабходнасць забеспячэння паўнавартаснага ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў асноўных працэсах супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння ў межах усіх структур Усходняга партнёрства (платформ, камітэтаў і г.д.) і грамадскага кантролю за гэтымі працэсамі;
  4. Неабходнасць забеспячэння шырокага прадстаўніцтва суб'ектаў грамадзянскай супольнасці ўсіх шасці краін у межах структур і механізмаў Форума грамадзянскай супольнасці.

Лічачы гэтую канферэнцыю эфектыўным механізмам узгаднення розных пазіцый у грамадзянскай супольнасці Беларусі, мы заяўляем:

  1. Аб намеры зрабіць дадзеную канферэнцыю стала дзейснай нацыянальнай платформай і разглядаць яе як адну з форм удзелу беларускай грамадзянскай супольнасці ва Усходнім партнёрстве для забеспячэння публічнасці і транспарэнтнасці працэсаў Усходняга партнёрства, развіцця дыялогу паміж беларускай грамадзянскай супольнасцю і органамі ўлады;
  2. Аб наяўнасці ў грамадзянскай супольнасці Беларусі патэнцыялу для ўдзелу ў фармаванні парадку дня і ў працэсе падрыхтоўкі рашэнняў для ўзаемадзеяння Беларусі і ЕС у межах Усходняга партнёрства, а таксама ў іншых магчымых формах;
  3. Ацэнка эфектыўнасці працэсу ўдзелу Рэспублікі Беларусь ва Усходнім партнёрстве можа быць забяспечана за кошт маніторынгавых праграм, якія ажыццяўляюцца беларускімі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці;
  4. Аб зацікаўленасці беларускай грамадзянскай супольнасці ў ініцыяванні і развіцці дыялогу з органамі ўлады Рэспублікі Беларусь у межах Усходняга партнёрства.

Спампаваць дакумент 

Скачать документ 


Другие публикации