Міхал Анемпадыстаў: З адкрытай мяжой на ўсходзе беларусаў уратуе толькі свая культурная мадэль (Фота і відэа)

02.10.2014
Пётр Кухта, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Гаворка — менавіта пра ўратаванне праз фармаванне нацыі, а не вяртання да стану тутэйшых, «этнаса памежжа», як яго называе дызайнер, паэт, дзеяч культуры Міхал Анемпадыстаў.

У межах цыклу «Галоўнае пытанне», што зладзіў Лятучы ўніверсітэт, адбылася адкрытая лекцыя Міхала Анемпадыстава. У гэтым цыкле сябры калегіума Лятучага ўніверсітэта напярэдадні навучальнага сезона прадстаўляюць свае роздумы і адказы на пытанні, на якія яны зважаюць як на найбольш важныя сёння. Сп. Анемпадыстаў засяродзіўся на мяжы ці яе адсутнасці. Поўная відэаверсія лекцыі «Межы памежжа».

З межамі ў беларусаў ці протабеларусаў не ладзілася. Як нагадвае Міхал Анемпадыстаў, мяжа, як барьер, якую трэба ахоўваць, — цывілізацыйны ўнёсак французаў. У XVIII стагоддзі там пачала ўвасабляцца ідэя фармавання ў нацыю — на палітычнай глебе — тых этнасаў, якія жылі на гэтай тэрыторыі. «І Францыя пачала транфармавацца ў нацыянальную дзяржаву. Тыя ж працэсы адбываліся тады па ўсёй Еўропе. З тым выключэннем, што працэс фармавання нацый ішоў па этнічным прынцыпе — нямецкі падыход», — зазначыў сп. Анемпадыстаў. Мажліва, Рэч Паспалітая прайшла б той жа шлях, улічваючы Унію дзвюх дзяржаў і некалькіх этнасаў. «Але на той момант мы ўжо былі падзеленыя. Перыяд, калі фармавалася паважлівае стаўленне да мяжы, калі мяжа рабілася важным элементам фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці, для той краіны, у якой жылі нашыя продкі, не настаў. Дзяржаву дзялілі — у 1772-м, 1793-м, 1795 годзе. І паводле трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай былі ўсталяваны гэтыя межы — не нашы і не намі. Не мы іх ставілі — не нам іх паважаць. Думаю, з-за гэтага ў нашым фальклоры і адсутнічае нейкі піетэт да мяжы. Затое ён ёсць у расійскай культуры, і вельмі моцны: «граница на замке» і г.д.», — кажа сп. Анемпадыстаў.

«Паўстанне новай нацыі ў межах Рэчы Паспалітай было спынена ліквідацыяй дзяржавы. Дзяржавы — няма, межаў — няма, нацыі — няма. Працэс спыніўся, засталася інерцыя. І што адбываецца ў нас у XIX стагоддзі? — распавядае лектар. — З’яўляецца такі мастацкі рух, як рамантызм. Мне здаецца, рамантызм увогуле вельмі важная з’ява ў гісторыі мастацтва. Бо ён пачынае прасоўваць новыя каштоўнасці — свабоду, свабоду не толькі прыватную, але паняволеных народаў, з’яўляецца новы герой — творчая, геніяльная асоба, якая, апроч усяго, думае і пра свабоду іншых. У нас гэта — Міцкевіч, прадукт якраз гэтай недапаўсталай супольнасці, нястворанай палітычнай нацыі. У расійскай культуры таксама быў рамантызм, але ў іхняй традыцыі няма твора, які б апавяў свабоду іншых ці заклікаў змагацца за свабоду іншых. Нават наадварот. Мне здаецца, гэта вельмі важная рэч, якая закладзеная ў культурную мадэль нацыі».

Паўстанні 1794-га, 1831-га і 1863-га гадоў сп. Анемпадыстаў называе «няўдалымі спробамі вярнуць страчаныя землі і межы краіны, якой не было». Тым больш, ужо не было нават і той недапаўсталай нацыі: польская шляхта трансфармавалася ў арыстакратыю кшталту французскай, а беларуская і літоўская працягвала жыць катэгорыямі сармацтва, якое ў Варшаве ўжо было зусім не модным, занадта кансерватыўным.

На гэты час тэрыторыя ВКЛ, паводле сп. Анемпадыстава, пераўтвараецца ў «агромністы памежны паз: мы ўжо не частка Рэчы Паспалітай, але яшчэ не расійцы, мы — памежная тэрыторыя»: «А памежная тэрыторыя ў XIX і XX стагоддзях — гэта эканамічны заняпад. Такі вось мядзьвежы кут, дзе нічога не адбываецца. Тым часам, пасля паўстанняў, Расія будуе тут свае апорныя пункты. Брэст, Бабруйск, Дзінабург, Модлін — апорныя крэпасці, якія не былі памежнымі абарончымі збудаваннямі. Мяжа Імперыі была ўжо далёка на Захадзе — у раёне Лодзі. Крэпасці мелі кругавую абарону, каб бараніцца ад нас, мясцовых, тутэйшых жыхароў. Будуюцца, каб кантраляваць гэты памежны пас, размытую мяжу».

Канцэпт беларускасці ўзнікае ў XIX стагоддзі як адказ на сітуацыю супольнасці, якая страціла значную частку сваёй эліты: «шляхта, якая паланізавалася, назад да свайго не вярнулася». «Вялікі працэнт людзей не шляхетскага паходжання застаўся сам насам. Яны ўжо і не ліцьвіны, і не палякі, і яшчэ не рускія», - зазначае сп. Анемпадыстаў.

Тут яшчэ няма праблемы тутэйшых, праблемы падвоенасці, якая акрэсліваецца беларускай класікай Максімам Гарэцкім у творы «Дзве душы», развіваецца Ігнатам Абдзіраловічам (Канчэўскім), працягваецца Купалам у «Тутэйшых», з іншага боку падаецца Сяргеем Пясецкім.

«Вобраз тутэйшых — гэта недзяржаўны этнас. Дзяржавы няма, ёсць нейкае ўтварэнне, гэта — этнас памежжа, — кажа сп. Анемпадыстаў. — У савецкія часы гэтае адчуванне памежжа знікае, мы перастаем адчуваць сябе тутэйшымі. Уся тутэйшасць лакалізавалася на мяжы Заходнй Беларусі і СССР. Гэта — квінтэсэнцыя памежнай самаідэнтыфікацыі».

Настае час РБ — Рэспублікі Беларусь. «Людзі, якія апынуліся на гэтай тэрыторыі, так ці інакш утвараюць новую супольнасць — грамадзяне Рэспублікі Беларусь. І ўжо гэтыя людзі — не тутэйшыя. Але пры гэтым з’явілася новая фармацыя, назаву яе «тожебеларусы». Гэта людзі, якія воляй лёсу, выпадку тут, не маючы гістарычнага досведу, культурнага багажу. І яны не могуць не ўплываць на нашу супольную самаідэнтыфікацыю «проста беларусаў», — лічыць Міхал Анемпадыстаў. На ягоную думку, варта яшчэ асобна вылучыць «транспамежнікаў, яны — па два бакі, яны і тут, і там, яны далучаюць сябе да абодвух культур, і гэта іх адрозненне ад тутэйшых».

Міхал Анемпадыстаў падкрэслівае, што ўсе гэтыя фармацыі побач і маюць свой уплыў, але і на іх можна ўплываць. «Нам з гэтымі людзьмі жыць і неяк арганізоўваць культурную прастору. У мяне няма адказаў на пытанні, як гэта рабіць. У нас няма мяжы на ўсходзе. То бок на арганізацыю мяжы па перыметры сваёй прасторы мы не можам разлічваць, як французы калісьці. Таму трэба ствараць нейкія дамінанты ў гэтай прасторы, якія маглі б аб’ядноўваць людзей не за кошт абмежавання, а за кошт таго, што прыцягвае. Безумоўна, такой дамінантай з’яўляецца культура альбо культурная мадэль. І безумоўна, што ў гэтай сітуацыі культурная мадэль робіцца настолькі ж важнай, як у французаў у XIX стагоддзі знешняя мяжа. Яна сама па сабе стаяць не будзе гэтая мяжа: альбо сама заваліцца, альбо заваляць людзі з размытай самаідэнтыфікацыяй. Культура — вызначальны фактар, з якога вынікае і палітыка, і эканоміка, і гэтыя самыя межы», — рэзюмуе Міхал Анемпадыстаў.

Відэазапіс адкрытай лекцыі:


Другие публикации