Вызначаны пераможцы прэмii «Грамадзянская супольнасць у фокусе рэгіянальных СМІ»

26.01.2015
Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь» вызначыў намінантаў заснаванай ім у 2014 годзе прэміі «Грамадзянская супольнасць у фокусе рэгіянальных СМІ».

Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь» ініцыяваў прэмію, якой узнагароджваюцца лепшыя журналісцкія матэрыялы, апублікаваныя ў рэгіянальных інтэрнэт-СМІ, прысвечаныя падзеям і ініцыятывам грамадзянскай супольнасці. Пераможцамі сталі журналісты «Рэгіянальнай газеты» і баранавіцкага навінавага партала Intex-press.by.

Чаму мы вырашылі ініцыяваць менавіта такую прэмію?

Часам, праглядаючы рэгіянальныя сайты ў спробе ўявіць сабе жыццё ў тым ці іншым горадзе, ловіш сябе на жахлівай думцы, што жыццё ў гэтым горадзе не цячэ! Там дзейнічаюць пастановы «партыі і ўрада», падвышаюцца кошты або рвуцца трубы, дзейнічаюць усялякія інстытуцыі і ўстановы («выканкамы рэлізуюць», «музеі арганізуюць», «дамы культуры запрашаюць»), але сапраўднага чалавечага жыцця (і людзей як такіх) там сустрэць цяжка! Адзіныя жывыя (і то не заўсёды) людзі, якіх можна знайсці — гэта ўдзельнікі дарожна-транспартных здарэнняў ці злачынцы. Але потым ты прыязджаеш у горад і выяўляецца, што, на самой справе, там шмат цікавых людзей і падзей, чамусьці не патрапіўшых у фокус, не «адбіўшыхся» у люстэрку СМІ.

У такую «сляпую зону» часта патрапляе жыццё і актыўнасць грамадскіх арганізацый, нефармальных ініцыятыў самага рознага плана: ад дабрачынных да палітычных, ад лакальна-дваровых да агульнагарадскіх або нацыянальных. У выніку, вельмі важная частка жыцця горада (сацыяльны, культурны, грамадзянскі складнік гэтыга жыцця) застаецца замкнёным у вузкіх колах, пазбаўляючы добрыя і важныя ініцыятывы магчымасцей пашырэння, а жыццё ў горадзе — дынамічнасці ды ўнікальнасці.

Навошта гэтая прэмія, што мы хочам змяніць?

Вядома, у першую чаргу мы хочам дамагчыся больш шырокага асвятлення дзейнасці грамадскіх арганізацый, ініцыятыў і асобных людзей, якія займаюцца агульназначнымі пытаннямі, вырашаюць важныя для горада і краіны праблемы або ўзбагачаюць жыццё культурнымі падзеямі ды самім сваім існаваннем. Яшчэ адной задачай прэміі з’яўляецца стымуляванне творчага і зацікаўленага (няхай часам і крытычнага!) стаўлення журналістаў і рэдактараў рэгіянальных СМІ да тэм і праблем, якія паднімаюцца грамадзянскай супольнасцю.

За што ўручаецца прэмія?

Гэтым разам прэмія ўручаецца за лепшыя матэрыялы, якія адпавядаюць пастаўленым задачам, апублікаваныя на сайтах рэгіянальных СМІ ў кастрычніку-снежні 2014 года. Мы плануем надалей зрабіць гэтую прэмію пастаяннай, а, магчыма, і перавесці яе ў рэжым конкурса, і кожныя тры месяцы адзначаць лепшыя журналісцкія працы, якія найбольш глыбока, востра або крэатыўна асвятляюць дзейнасць грамадскіх і культурных ініцыятыў.

Як вызначаліся пераможцы?

Былі прааналізаваныя матэрыялы тых інтэрнэт-рэсурсаў, якія мы здолелі ідэнтыфікаваць у якасці рэгіянальных СМІ, за апошнія тры месяцы 2014 года. З усіх матэрыялаў былі адабраны тыя, якія задавальняюць крытэрам прэміі. Пасля гэтага, журы, якое складаецца з сябраў Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» вызначыла пераможцаў у трох тэматычных намінацыях:

  1. «Падзея»;
  2. «Партрэт грамадскай ініцыятывы»;
  3. «Вострая сацыяльная праблема ці канфлікт».

Ну і галоўные пытанне: хто ж перамог?

У намінацыі «Падзея» лепшым прызнаны матэрыял Зоі Хруцкай «Што гаварылі на грамадскім абмеркаванні: чаму людзі супраць свінакомплексаў», апублікаваны ў «Рэгіянальнай газеце».

У двух астатніх намінацыях перамаглі матэрыялы, апублікаваныя на баранавіцкім навінавым партале Intex-press.by: лепшай у намінацыі «Партрэт грамадскай ініцыятывы» быў безумоўна прызнаны матэрыял Алеся Гізуна «Каму ў Баранавічах трэба родная мова?», а ў намінацыі «Вострая сацыяльная праблема ці канфлікт» у жорсткай канкурэнцыі перамог матэрыял Арцёма Гарбацэвіча «У Баранавічах за бязвінны флэшмоб дзецям «шыюць» палітыку».

У бліжэйшы час прызы будуць уручаны намінантам, чакайце рэпартаж і інтэрв’ю з пераможцамі на сайце EuroBelarus.Info!


Другие публикации