Павел Касцюкевіч: У Еўропе ўжо не набываюць кнігі паэзіі, а ў Беларусі вершы па-ранейшаму папулярныя (Відэа)

04.07.2015
Алена Барэль, Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі»

Фота Беларускага ПЭН-цэнтра

Гэта азнака таго, што ў нашай краіне складаная палітычная сітуацыя, і людзі шукаюць адказы ў кнігах, лічыць арт-дырэктар сталічнай кнігарні «ЛогвінаЎ».

Дыскусія экспертаў датычна вынікаў маніторынгу «Культура як фактар развіцця», які зладзіў і днямі прадставіў грамадскасці Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі, працягваецца. Нагадаем, што ў гэтым супольным даследванні навукоўцы высвятлялі, якім чынам у Беларусі адбываецца рэалізацыя Канвенцыі ЮНЕСКА «Аб ахове і падтрымцы разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення».

Агульны ўзровень сферы нашай культуры адносна норм Канвенцыі нізкі, адзначылі эксперты. А сістэмы ўяўленняў пра культуру ў беларускай дзяржавы і ў Канвенцыі ЮНЕСКА кардынальна разыходзяцца. Лічаныя пазітыўныя зрухі і патэнцыйныя накірункі развіцця не выбудоўваюцца ў сістэму, няма нейкай адмысловай стратэгіі развіцця культуры.

Сёння сваім меркаваннем датычна вынікаў маніторынгу і гледзішчам на культуру як фактар развіцця дзеліцца арт-дырэктар кнігарні «ЛогвінаЎ» Павел Касцюкевіч.

— Буду гаварыць з пазіцыі кніжнай культуры, развіцця кнігі. Я заўсёды стаўлю ў прыклад шахматы як з’яву, калі пачынаю казаць пра кніжную культуру. Канешне, шахматы былі (і ёсць) не зусім гульнёй для баўлення вольнага часа. Гэта была такая культура. Чаму «была», чаму я ўжываю мінулы час? Літаральна на нашых вачах гэтае захапленне распалася, людзі амаль што кінулі гуляць у шахматы.

Сто гадоў гэта была азнака гарадской культуры, прычым, не дзесьці там, далёка, а ў Беларусі. Заходзіш у двор, а там сядзяць мужычкі, гуляюць у шахматы. Ёсць вядомая карціна, дзе гуляюць у шахматы нашыя класікі — «Янка Купала і Якуб Колас гуляюць у шахматы». Гэтая карціна, відаць, культывавала падыход, што пісьменнікі — такія ж людзі, як і усе астатнія.

Цяпер шахматы зрабіліся азнакай элітарнасці. Людзі перасталі гэтым цікавіцца, і шахматная культура адышла. А ўсяго дваццаць-трыццаць гадоў таму, у маім дзяцінстве, гэта было такое ж баўленне часу, як чайхана ці еўрапейская кавярня. Сышло на нішто, пшык! І тут я пачну прыплятаць кніжкі. Канешне, кнігі чытаюць больш, чым гуляюць у шахматы, але заўсёды ёсць небяспека знікнення.

Таму, калі мы кажам пра культуру як фактар развіцця, заўсёды трэба казаць пра небяспекі, паказваць на не такіх удалых нашых іншых «партнёраў» па культуры. Шахматы, на жаль, сышлі. Тое ж самае можа адбыцца і з чытаннем кніг. Я не кажу пра літаратуру, я кажу проста пра чытанне.

У Еўропе ўжо назіраецца такая сітуацыя, што кнігі паэзіі абсалютна не набываюцца. Паэзія стала толькі набыткам тых, хто піша і пачынае пісаць, то бок паэтаў. У Беларусі, што цікава, гэтага не адбываецца. У нас па-ранейшаму паэзія — менавіта беларуская! — амаль такая ж папулярная, як і проза.

Я не думаю, што гэта азнака нашага прагрэсу. Хутчэй, гэта азнака таго, што ў нас такая складаная палітычная сітуацыя, і людзі па-ранейшаму шукаюць адказы ў кнігах. Кніга па-ранейшаму ёсць сіла Беларусі, чаго ўжо няма ў Еўропе, дзе ўсё ўжо максімальна ліберальна і дзе няма адказаў на пытанні.

І мы вельмі занепакоеныя, што паэзія сыходзіць. Сышлі шахматы, наступная — паэзія, а там — проза і ўвогуле культура чытання. Натуральна, мы вытрымліваем гэтую канкурэнцыю са сродкамі масавай інфармацыі. Таму мне вельмі падабаецца, калі мы іх трошкі палохаем пагрозамі. Вось такімі як, напрыклад, справаздача маніторынгу «Культура як фактар развіцця».

Трэба нагадваць, што можа знікнуць тое, што нас робіць людзьмі. Чытанне кніг — гэта вельмі важна. На маю думку, гэта не параўнаецца ні з якім выяўленчым мастацтвам (хоць і гучыць гэта трошкі правакатыўна), ні з праглядам фільмаў. Я лічу, што калі чалавецтва масава адмовілася гуляць у шахматы і масава адмовіцца ад чытання, мы перастанем быць цывілізацыяй.

Тое, што спрэчка адносна вынікаў маніторынгу круцілася, у асноўным, вакол дзяржавы і незалежнасці — гэта таксама вельмі важна. Таму што дзяржава прыціскае культуру, і ў нас шмат чаго можа знікнуць, пачынаючы ад мовы і скончваючы вялікай колькасцю відаў мастацтва. Але, я думаю, можна гэта неяк канцэптуалізаваць і перайсці межы нацыянальнага дыялогу і сказаць, што культура можа знікнуць, яе вялікія пласты. А без гэтага мы не можам звацца цывілізаванымі людзьмі.

Гл. справаздачу па выніках маніторынгу выканання Рэспублікай Беларусь канвенцыі ЮНЕСКА 

Сваімі меркаваннямі аб развіцці беларускай культуры з EuroBelarus.Info таксама падзяліліся вядомыя эксперты: культуролаг і прадзюсар Маргарыта Корзун, філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, старшыня ТБМ, гісторык Алег Трусаў і архітэктар і рэстаўратар Ігар Раханскі.

Гл. відэазапіс прэзентацыі маніторынгу:


Другие публикации